Паводле палітычных крымінальных справаў у Беларусі ў 2024 годзе асудзілі не менш за 1721 чалавека, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
З іх 1241 мужчына (72,1 %), 480 жанчынаў (27,9 %). Сярод агульнай колькасці асуджаных 21 чалавек пенсійнага ўзросту: 14 жанчынаў і сем мужчынаў.
Сёлета ў нашай краіне працягваецца практыка завочных судоў. На 144 асобы завялі справы ў фармаце спецыяльнага вядзення.
Больш за ўсё палітычных судоў адбылося ў Менску, менш за ўсё – у Магілёўскай і Віцебскай вобласцях.
Самы распаўсюджаны від пакарання паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў – пазбаўленне волі. Да зняволення засудзілі агулам 55,4 % фігурантаў палітычных крымінальных справаў. «Хіміяй» з накіраваннем у ПУАТ пакаралі 38,7 % палітвязняў, «хатняй хіміяй» – 4,3 %.
Самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту – паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») асудзілі 1019 чалавек.
245 чалавек былі пакараныя за знявагу Лукашэнкі (арт. 368 КК), 186 асобаў – за распальванне варожасці (арт. 130 КК), 135 – за знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), 109 – за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4), 75 – за заклікі да санкцыяў (арт. 361 КК).
Марыя Міхалевіч belsat.eu