Меркаваннi

Хто паслаў «малодшага брата»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС). Сочы, Расея. 14 траўня 2018 года. Фота: Mikhail Svetlov / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС). Сочы, Расея. 14 траўня 2018 года. Фота: Mikhail Svetlov / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

«Вы размаўлялі з Пуціным паўтары гадзіны, а пра што?» – спытала Аляксандра Лукашэнку мілая расейская карэспандэнтка ў калідорах нядаўняга нефармальнага саміту СНД у Санкт-Пецярбургу. Той адказваў: «Ну, калі старэйшы брат з малодшым сустракаецца, ведаеш, тэматыка занадта шырокая…»

Вось такая пазіцыя. Ёсць падазрэнне, што пад старэйшым ён мае на ўвазе зусім не сябе і свядома загадзя становіцца ў падпарадкаваную пазіцыю ў адносінах да Крамля. Адкуль гэта? Па-першае, гэта, вядома, частка ягонага ж савецкага ўспрымання свету. Цэнтр – у Маскве, там улада, там рэсурсы. І лепш жыве тая савецкая рэспубліка, якая нагінаецца ніжэй і, прабачце, але па-іншаму не скажаш, ліжа глыбей.

Па-другое, гэта наступства няўдачаў апошніх чатырох гадоў. Уладу ўтрымаць удалося, але эканамічная і вайсковая залежнасць ад Расеі зрабілася абсалютнай. Таму такое слабое, прыніжанае становішча. І здавалася б, яно натуральнае? Аднак іншыя постсавецкія краіны, іх лідары, дэманструюць зусім іншыя паводзіны, нават у тых выпадках, калі гаворка не ідзе пра дэмакратыю. Цалкам аўтарытарныя рэжымы спыняюць любыя спробы пагуляць у «старэйшых – малодшых», пагаварыць пагардліва.

З апошняга: 25 снежня расейская дзяржава спачатку расстраляла сіламі СПА грамадзянскі самалёт «Азейбарджанскіх авіялініяў» над Грозным, а пасля паспрабавала схаваць канцы ў ваду ў самым простым сэнсе – не даўшы самалёту прызямліцца ў найбліжэйшых Махачкале і Уладзікаўказе і прымусіўшы пілотаў здзейсніць сапраўдны подзвіг, дацягнуўшы праз Каспійскае мора да тэрыторыі Казахстану. Даведаўшыся пра тое, што адбылося, вялікі сябар Пуціна і Лукашэнкі Ільхам Аліеў перапыніў візіт у Расею, вярнуўся ў Баку і запатрабаваў перапрашэння.

Спачатку Грозны прапанаваў «дапамогу пацярпелым» і быў з такімі прапановамі накіраваны ў бок «русского военного корабля», бо незалежнай дзяржаве Азербайджану трэба не «дапамога», а публічнае перапрашэнне і выплата кампенсацыяў за нанесеную шкоду. Паміж дапамогай і кампенсацыямі ёсць некаторая розніца.

Падумаўшы тры дні і зразумеўшы, што не схавацца, «прэзідэнт свету» Пуцін падняў слухаўку, патэлефанаваў Аліеву і папрасіў прабачэння. Цікава, што папрасіў прабачэння ён пакуль у народу Азербайджану – мабыць, перапрашэнне Казахстану яшчэ наперадзе, ну а перапрашэння народу Расеі за тое, што адбылося (сярод 38 загінулых шмат грамадзянаў РФ), чакаць і не даводзіцца. Хто ж просіць прабачэння ў халопаў? Ну, збілі і збілі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі смуткуюць ля магілы бортправадніцы Хакумы Аліевай падчас пахавання чальцоў экіпажу рэйсу J2-8243 авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі», які пацярпеў катастрофу 25 снежня непадалёк гораду Актаў у Казахстане. Баку, Азербайджан. 29 снежня 2024 года. Фота: Aziz Karimov / Getty Images 
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі смуткуюць ля магілы бортправадніцы Хакумы Аліевай падчас пахавання чальцоў экіпажу рэйсу J2-8243 авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі», які пацярпеў катастрофу 25 снежня непадалёк гораду Актаў у Казахстане. Баку, Азербайджан. 29 снежня 2024 года. Фота: Aziz Karimov / Getty Images 

У тым жа Казахстане каля года таму са «старэйшым братам» адбыўся іншы казус. Гэты вялікі геастратэг не змог з трох разоў правільна вымавіць імя па бацьку прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева (ды яшчэ дазволіў сабе ўспомніць пра «расейскамоўнасць» Казахстану. Ён, відаць, думаў, што робіць казахам камплімент). У адказ Такаеў не разгубіўся і перайшоў на казахскую мову. Усёй пуцінскай камарыллі, уключаючы Пяскова з Лаўровым, давялося імкліва шукаць навушнікі, у якіх гучаў пераклад. На самога Пуціна глядзець у гэты момант было вельмі пацешна.

Гэтак жа пацешна было глядзець і на Лукашэнку, якога, пры спробе пагаварыць з пагардаю, у тую ж вобласць залягання «русского военного корабля» паслаў ужо прэм'ер Арменіі Нікол Пашыньян. Ужо наш вялікі географ, аграном і эканаміст, лічачы сябе, відаць, «каханай жонкай» Пуціна, паспрабаваў націснуць на Пашыньяна, указаўшы яму на тое, што наступная сустрэча ЕАЭС пройдзе праз паўгода ў Менску, а Лукашэнка б, маўляў, вельмі хацеў асабіста паціснуць руку Ніколу і нават гатовы выслаць самалёт. За быццам бы нейтральнай фразай хавалася спроба замяць пытанне з падтрыманнем Беларуссю азербайджанскай агрэсіі супраць Арменіі вясной гэтага года.

Пашыньян пас Лукашэнкі прыняў і нагадаў яму пра сваю заяву летам гэтага года, што пакуль Лукашэнка ва ўладзе ў Беларусі, ні ён, прэм'ер Арменіі, ні любы іншы чыноўнік у Менск не прыедзе. І на падставе прынятай тады пастановы прапанаваў Лукашэнку палюбавацца на сябе праз паўгода ў тэлевізары. Раз'юшаны «малодшы брат» Пуціна папярэдзіў, што ў Менску тэлевізараў можа і не знайсціся, на што Пашыньян даў зразумець, што ён не здзіўлены праблемамі ў беларускай прамысловасці, але яны яму абыякавыя, і калі такі тэлемост не адбудзецца, ён не моцна засмуціцца.

Да чаго гэтыя прыклады, гэтыя гісторыі?

,,

Адзіны кіраўнік (фактычны) незалежнай краіны, які так нізка нахіляецца перад Пуціным і аддана віляе хвастом, – Лукашэнка.


Ніводнаму іншаму, хай і аўтарытарнаму, лідару такое проста не прыйдзе ў галаву. Гэта паводзіны васала ў адносінах да сюзерэна. Такі варыянт сярэднявечных адносінаў.

У Лукашэнкі ёсць усе падставы для такіх рэверансаў. Ад эканамічнай незалежнасці Беларусі за гэтыя чатыры гады не засталося нічога. Няма ніводнай іншай краіны былога СССР, на 70 % прывязанай да Масквы праз замежны гандаль, дзяржаўныя пазыкі, інвестыцыі. Таму даводзіцца прыніжацца штодня, бо чаго ні зробіш дзеля захавання ўлады.

Але ён такі адзін.

/ ІР

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
апошнія
Item 1 of 10