У Беларусі пасля Новага года набудзе моц мноства зменаў, якія тычацца розных групаў насельніцтва. Змены закрануць і падаткі, і пенсіі, і дапамогі, і штрафы, а таксама шэраг іншых сфераў, з якімі можна азнаёміцца ў матэрыяле «Белсату».
Вырастуць базавая велічыня, базавая стаўка і мінімальны заробак
1 студзеня памер базавай велічыні павялічыцца на Br 2 да Br 42. Разам з гэтым вырасце памер шэрагу відаў дапамогі, стыпендыяў, падаткаў і збораў, штрафаў ды іншых выплатаў.
Таксама 1 студзеня базавая стаўка для аплаты працы ў бюджэтнай сферы вырасце з Br 253 да Br 270, а мінімальны месячны заробак складзе Br 726 (рост на Br 100).
Камунальныя плацяжы павысяцца
Традыцыйна ў студзені павінны вырасці тарыфы на камунальныя паслугі. Рост камуналкі за год не павінен перавысіць 0,5 базавай велічыні, гэта значыць не больш за 21 рубель у 2025 годзе.
Візы падаражэюць
Пачынаючы з 1 студзеня збор за выдачу польскай нацыянальнай візы (тып D) складзе € 60 замест € 35. Ад збору вызваляецца шэраг катэгорыяў, улучна з падлеткамі да 19 гадоў і грамадзянамі Беларусі, якія звяртаюцца па гуманітарную візу.

Падаткі вырастуць і зменяцца
У юрыдычных і фізічных асобаў пры атрыманні прыбытку звыш за Br 25 млн на год стаўка падатку на прыбытак з 1 студзеня павялічыцца да 25 %. Павышаная стаўка падаходнага падатку 25 % будзе ўжывацца ў дачыненні часткі даходаў фізічных асобаў, якія перавысяць Br 220 тыс. за каляндарны год. Для індывідуальных прадпрымальнікаў пры атрыманні валавой выручкі больш за Br 500 тыс. на год стаўка падаходнага падатку вырасце да 30 % са спыненнем з наступнага года дзейнасці ў якасці ІП. Таксама павялічацца стаўкі акцызаў на тытунь і алкаголь, пройдзе індэксацыя падатковых ставак, вызначаных у абсалютных велічынях, на прагноз росту спажывецкіх цэнаў.
Апрача таго, вырасце падатак на першую кватэру. Ён разлічваецца так: плошча жытла памнажаецца на стаўку падатку (0,1 %) і разліковы кошт квадратнага метра, які залежыць ад рэгіёну краіны. Стаўка падатку вырасце на 5,4 %: у Менску – з Br 968 да Br 1020, у абласных цэнтрах – з Br 806 да Br 850, а ў буйных райцэнтрах – з Br 710 да Br 748.
Стаўка транспартнага падатку для аўтаўладальнікаў легкавікоў масай да 1,5 тоны павялічыцца з Br 66 да Br 70. Стаўка на матацыкл для фізічных асобаў падрасце з Br 44 да Br 46.
Уладальнікі пэўных прэміяльных аўтаў з 2025 года будуць плаціць транспартны падатак паводле ставак, павялічаных у 10 разоў. «Падаткам для багатых» паводле стаўкі 25 % будзе абкладацца сума, якая перавысіць Br 220 тыс. у 2025 годзе.
На даходы фізічных асобаў з крыптавалюты прыйдзецца заплаціць падатак паводле стаўкі 13 %. Калі гэта даход ад аперацыі, здзейсненай з дапамогай рэзідэнта ПВТ, плаціць падатак не трэба.
Стандартны падатковы вылік павялічыцца да Br 192, калі заробак не перавышае Br 1164 (цяпер Br 174 і Br 1054 адпаведна). Павялічацца і сумы падатковых вылікаў за дзіця ці жонку ў дэкрэце. Вылік для маладых спецыялістаў павялічаць з Br 620 да Br 730. Таксама здымаецца абмежаванне на аднаразовы маёмасны вылік для шматдзетных сем'яў, якія будуюць або купляюць жытло, і пашыраецца пералік маладых спецыялістаў, якія маюць права на стандартны падатковы вылік.
Крытэр выручкі для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання павялічаны да Br 3,5 млн. Прадугледжваецца прымяненне нулявой стаўкі падатку на дададзеную вартасць для паслуг міжнароднага аўтамабільнага транспартавання грузаў у частцы маршруту, якая пачынаецца і заканчваецца ў Беларусі. Апрача таго, стаўка ПДВ у дачыненні перапрацаванага мяса індычкі зніжаецца з 20 да 10 %.
Сума, якую можна атрымаць за год у якасці падарунка і не плаціць падаткаў, у 2025 годзе павялічыцца да Br 11 516 (у 2024-м было Br 10 431). Пры перавышэнні гэтай сумы трэба заплаціць 13 % падаходнага падатку.
Скарачэнне выплатаў беспрацоўным
З 1 студзеня з'явіцца магчымасць рэгістрацыі грамадзянаў у якасці беспрацоўных не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання. Аднак перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага скарачаецца з 18 да 12 месяцаў. Скарачаюцца і перыяды выплаты дапамогі ў звязку з беспрацоўем: з шасці да трох месяцаў. Перыяд у шэсць месяцаў захаваецца толькі для тых беспрацоўных, якім засталося менш за пяць гадоў да пенсійнага ўзросту і якія жывуць на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Укараняецца кватаванне працоўных месцаў для інвалідаў, а за неабгрунтаваную адмову ў прыёме на працу шэрага інвалідаў уводзіцца адміністратыўная адказнасць.
Нельга будзе размяшчаць вакансіі на камерцыйных онлайн-рэсурсах, калі іх няма ў агульнарэспубліканскім банку вакансіяў. Пры гэтым наймальнік можа дадаткова размяшчаць вакансіі на іншых онлайн-рэсурсах. Наймальнікі будуць абавязаны падаваць вакансіі ў агульнарэспубліканскі банк вакансіяў толькі ў электронным выглядзе (акрамя арганізацыяў з колькасцю работнікаў да пяці). Наймальнікі змогуць не апавяшчаць службы занятасці пра вакансіі, калі гэтую дадатковую працу выконваюць іншыя працаўнікі, а таксама заяўляць у агульнарэспубліканскі банк вакансіяў будучую патрэбу ў работніках.
Змены ў дапамозе на дзяцей
1 студзеня зменіцца разлік выплаты дапамогі на дзяцей. Удакладняецца таксама месца іх прызначэння для тых, хто самастойна плаціць унёскі ў ФСАН, пашыраныя паўнамоцтвы чыноўнікаў і канкрэтызаваныя дакументы. Павелічэнне і памяншэнне памераў дапамогі будзе ажыццяўляцца з дня наступлення абставінаў, якія цягнуць такое змяненне.
У выпадку смерці аднаго з бацькоў дзецям-інвалідам прызначаецца дадатковае павышэнне да пенсіі ад 80 да 110 % бюджэту пражыткавага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва з улікам ступені страты здароўя. Павышэнне на гэтай падставе прадугледжанае і для інвалідаў з дзяцінства, старэйшых за 18 гадоў, калі карміцель памёр да іхнага паўналецця, памерам 110 % (першая група) і 95 % (другая група) БПМ адпаведна.
Бацькам дзяцей-інвалідаў, якія самастойна выхавалі дзіця без удзелу маці, даецца права на датэрміновую пенсію паводле ўзросту. Замест маці, яе прызначаць бацьку пры дасягненні ім 58 гадоў пры пацверджанні выхавання дзіцяці-інваліда не менш за восем гадоў да ягонага паўналецця, стажу працы не менш за 25 гадоў, у тым ліку не менш за пяць гадоў працы з выплатай страхавых унёскаў.
Выплата дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады, у сям'і, дзе дзіця-інвалід дасягнула 18 гадоў, захаваецца, калі яму прызначаць першую групу інваліднасці з працягам догляду. Акрамя таго, для навучэнак і студэнтак павялічыцца мінімальны памер дапамогі ў звязку з цяжарнасцю і родамі. Пашыраны і пералік падставаў для вылучэння дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады.

Змены ў сямейны капітал
З 1 студзеня датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал пры ўзвядзенні жытла ў шматкватэрных жылых дамах дазволяць самастойна без накіравання мясцовага органу ўлады. Сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаныя датэрмінова і на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на будаўніцтва жытла, незалежна ад віду крэдыту і даты заключэння крэдытнага дагавору (у тым ліку раней за 2015 год).
Акрамя таго, выкарыстоўваць сямейны капітал можна будзе на куплю асістыўных прыладаў для дзяцей з парушэннямі слыху або на асобныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў.
Пенсіянерам, якія працуюць, аддадуць пенсіі
З 1 студзеня адмяняюцца абмежаванні на пенсіі пенсіянерам, якія працуюць. З 2025 года пенсія будзе цалкам выплачвацца, калі чалавек пенсійнага ўзросту працягвае працаваць. Сёння пенсіянеры, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку вышэйшы за 1,3, атрымліваюць пенсію не цалкам. Для тых, у каго каэфіцыент ніжэйшы за 1,3, нічога не зменіцца.
З 1 студзеня звярнуцца па пенсію можна будзе за месяц да пенсійнага ўзросту і цягам месяца пасля гэтай даты. Раней жа заяву аб прызначэнні пенсіі трэба было падаць у дзень дасягнення пенсійнага ўзросту.
З 2025 года страхавы стаж, які патрэбны для прызначэння працоўнай пенсіі і ўключае перыяд выплатаў у ФСАН, павялічыцца з 19,5 да 20 гадоў. Пры гэтым для жанчын з чатырма дзецьмі, якія выхавалі іх да васьмі гадоў, страхавы стаж знізяць з дзесяці да пяці гадоў. Цяпер такое ёсць для жанчын з пяццю і больш дзецьмі.
1 студзеня таксама пашыраецца спіс тых, хто можа атрымліваць пенсію праз пошту (у касе або з дастаўкай дамоў). Гэта інваліды трэцяй групы, асобы, у якіх абмежаваная здольнасць перасоўвацца самастойна, тыя, хто даглядае дзіця-інваліда да 18 гадоў і атрымлівае дапамогу для догляду, людзі, зарэгістраваныя ў адным жытле з інвалідам першай групы, якія атрымліваюць пенсію праз пошту. Іншыя ж катэгорыі пенсіянераў змогуць атрымліваць выплаты на пошце, аплаціўшы гэтую паслугу.
Скароціцца дапамога на пахаванне
У студзені на Br 32 скароціцца дапамога на пахаванне. Яе велічыня пераглядаецца кожны месяц, залежыць яна ад паказніку сярэдняга заробку ў Беларусі за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты смерці.

Абавязак прыбіраць за сабакамі
1 студзеня набываюць моц асобныя палажэнні закону «Аб адказным абыходжанні з жывёлінамі». Гэтак, заводчыкаў і гадавальнікі абавяжуць чыпаваць жывёлінаў да іх продажу. Для барацьбы з вандроўнымі жывёлінамі уладальнікаў абавяжуць не дапускаць з'яўлення непажаданага прыплоду. Уводзіцца неадкладная прыборка ўладальнікамі прадуктаў жыццядзейнасці жывёліны (акрамя сабакі-павадыра) падчас знаходжання з жывёлінай па-за домам. Забараняецца прадаваць небяспечныя пароды сабак асобе, якая не дасягнула 18 гадоў. А выгульваць жывёліну дазволена пры запэўніванні бяспекі іншых людзей і жывёлінаў, а таксама захаванасці чужой маёмасці.
Забараняецца прыводзіць або прыносіць жывёлінаў (акрамя сабак-павадыроў) у гандлёвыя аб'екты, у якіх гандлююць харчамі, і ў аб'екты грамадскага харчавання. Прадугледжаныя выпадкі абмежавання і спынення права ўласнасці на жывёлінаў.
Узаемнае прызнанне візаў
Пагадненне аб узаемным прызнанні візаў паміж Беларуссю і Расіяй павінна запрацаваць у сярэдзіне студзеня. Яно было падпісанае яшчэ ў 2020 годзе, але чатыры гады бакі займаліся развязаннем тэхнічных пытанняў.
Тэатрам урэжуць фінансаванне
З 1 студзеня стварэнне новых пастановак, правядзенне гастроляў, аплата камунальных паслугаў, эксплуатацыйных выдаткаў і выплата заробку ў дзяржаўных тэатрах будуць ажыццяўляцца на парытэтнай аснове (50/50) са сродкаў бюджэту і ўласных даходаў тэатраў. Год таму гэтая прапорцыя складала 60/40. Акрамя таго, калі раней рамонт, набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў ажыццяўляліся цалкам за кошт бюджэту, то зараз дзяржава будзе аплачваць толькі частку патрэбаў.
Адзіная аўтамабільная страхоўка з Расеяй
Адзіная сістэма аўтамабільнага страхавання запрацуе ў Беларусі і Расеі з 1 студзеня. Цяпер правам на заключэнне дамовы АСАГА могуць надзяляцца выключна страхавальнікі з месцам пастаяннага знаходжання ў Расеі ці Беларусі. Сам аўтатранспартны сродак павінен быць зарэгістраваны на іх тэрыторыі. У выпадку ДТЗ пакрыццё стратаў будзе вызначацца паводле заканадаўства той краіны, дзе адбылося здарэнне.
Змены ў прышчэпках
З 1 студзеня дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў пачнуць прышчапляць супраць віруса папіломы чалавека. У нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак увойдуць таксама дадатковыя прышчэпкі дзяцей ва ўзросце шасці гадоў ад кохліку і вакцынаванне дзяцей на першым годзе жыцця ад пнеўмакокавай інфекцыі.
Спрашчэнне для гастарбайтараў
З 1 студзеня пашыраецца пералік прафесіяў, на якія замежныя грамадзяне могуць прыцягвацца для працы ў Беларусі ў спрошчаным парадку. Наймальнікам дастаткова паведаміць пра такога працаўніка ў органы ўнутраных справаў. У спіс дадалі манцёра пуцей, прадаўца, слесара-сантэхніка, інжынера-электроніка, тэхніка, электрамеханіка. Усяго пералік уключае 59 пазіцыяў.
Макар Мыш / АБ belsat.eu