навіны

За атаку базы АМАП беларусаў асудзілі на велізарныя тэрміны

Віталь Пацехін і Павел Кулажанка. Крыніца: Spring96.org
Віталь Пацехін і Павел Кулажанка. Крыніца: Spring96.org
podpis źródła zdjęcia

23 снежня Менскі гарадскі суд завочна вынес вырак добраахвотніку Паўлу Кулажанку і былому вайскоўцу Віталю Пацехіну. За атаку дрона на базу АМАП ім прысудзілі вялікія тэрміны і штрафы.

Былых вайскоўцаў Паўла Кулажанку і Віталя Пацехіна за напад з дапамогай дрона на базу АМАПу ў ноч з 24 на 25 верасня 2021 года абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу (у тым ліку ў акце тэрарызму). 

У выніку Кулажанка завочна засуджаны на 24 гады, а Пацехін – на 23 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апрача таго, ім прысудзілі штраф памерам 1000 базавых велічыняў (40 тысячаў рублёў), а Пацехіна яшчэ і пазбавілі воінскага звання капітана ў адстаўцы.

Паводле следства, Пацехін «пры спрыянні недасведчаных кантрабандыстаў» атрымаў з Украіны дрон вялікай грузападымальнасці і некалькі месяцаў рыхтаваўся да нападу. На сваім участку ў Менскім раёне Пацехін нібыта эксперыментаваў са складам запальнай сумесі і вучыўся кіраваць дронам. Для павышэння эфектыўнасці ён мадэрнізаваў апарат, усталяваўшы механізм скідвання грузу і відэакамеру. У ноч з 24 на 25 верасня 2021 года ён скінуў на базу АМАПу дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю, пасля чаго схаваў дрон і пакінуў Беларусь. Тым не менш беспілотнік быў знойдзены аператыўнікамі.

Усяго абвінавачанні супраць Кулажанкі і Пацехіна былі выстаўленыя паводле шасці артыкулаў: акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай; стварэнне і кіраванне тэрарыстычнай арганізацыяй; змова з мэтай захопу ўлады; незаконныя дзеянні з прадметамі, якія выкарыстоўваюць гаручыя рэчывы; спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці; арганізацыя і ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі. На іхную маёмасць агульным коштам каля 240 тысяч рублёў накладзены арышт.

Павел Кулажанка раней служыў у АМАПе, а цяпер ёсць добраахвотнікам ва Украіне. Віталь Пацехін – былы вайсковец, якога следства называе выканаўцам атакі. Абодва звязаныя з ініцыятывай «Супраціў», якую ўлады Беларусі прызналі тэрарыстычнай.

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10