Шуфлядка

2024 год для Беларусі ў паляпшэннях і пагаршэннях

Адкрыццё навагодняй ялінкі на Кастрычніцкай плошчы Менску. Снежань 2024 года.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё навагодняй ялінкі на Кастрычніцкай плошчы Менску. Снежань 2024 года. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

З аднаго боку, сёлета ў Беларусі былі зробленыя спробы палепшыць сацыяльныя ўмовы і павысіць даходы грамадзянаў. З другога – эканамічная і палітычная нестабільнасць працягвала ўплываць на штодзённае жыццё беларусаў, нярэдка пагаршаючы і без таго нялёгкі стан. Згадваем галоўныя пазітыўныя і негатыўныя новаўвядзенні ўладаў у 2024 годзе.

Грошы: пенсіі і сацыяльныя выплаты павялічылі, але гэтага недастаткова



Пенсіі паводле ўзросту павялічыліся ў сярэднім на 15 %. На дадатак, для пенсіянераў захавалі сезонныя зніжкі на праезд у электравіках.


Павялічыліся дзіцячыя выплаты і памер дапамогі для догляду за дзецьмі з інваліднасцю.


Вырас сярэдні намінальны заробак. У 2023 годзе ён складаў 1902 рублі, а паводле стану на кастрычнік 2024 года павялічыўся да 2363 рублёў – больш як на 24 %.


У параўнанні з мінулым годам назіралася (хоць і нязначнае) запаволенне інфляцыі. Гэтак, у 2024 годзе гадавая інфляцыя склала 5,5 %. Для параўнання: за аналагічны перыяд мінулага года яна складала 5,8 %.


Аднак не ўсё было так добра. Цэны на кватэры за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 14 %.


Павелічэнне памеру базавай велічыні [цяпер яна складае 40 рублёў, а было 37. – Заўв. рэд.] пацягнула за сабой і павышэнне кошту шэрагу паслугаў, у тым ліку для арэнднага жытла.


Набылі моц змены ў Падатковы кодэкс, у выніку якіх стаўкі ўсіх падаткаў павысіліся на 7,5 %, а штрафы – на 8,11 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падрыхтоўка да адкрыцця станцыі метро «Аэродромная» ў Менску. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падрыхтоўка да адкрыцця станцыі метро «Аэродромная» ў Менску. Фота: sb.by

Праца: умовы больш гнуткія, але працаваць няма каму


 

Аматары «хатняга офісу» радуюцца: на афіцыйным узроўні ўвялі камбінаваны (гібрыдны) тып працы і магчымасць пераводзіць работнікаў на дыстанцыйную працу на тэрмін да шасці месяцаў без перарэгістрацыі працоўнай дамовы.


Шматдзетныя сем'і і бацькі дзяцей з інваліднасцю атрымалі права на дадатковы выходны ці скарачэнне працоўнага дня.


Увялі новы парадак вылічэння з заробку аплаты за карпаратыўнае харчаванне, а таксама палепшаныя ўмовы вядзення працоўнай дакументацыі, уключаючы спрошчаную выдачу дублікатаў працоўных кніжак.


У кастрычніку 2024 года змянілі пералік відаў дзейнасці для самазанятых і рамеснікаў, а таксама ўвялі магчымасць аплаты ўнёскаў у ФСАН у зручным рэжыме — прынамсі, так заяўляецца.


Горшага было, на жаль, больш.


Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў працягнула скарачацца, бо яны страцілі права ўжываць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, а пералік відаў дзейнасці для выкарыстання адзінага падатку зменшыўся.


Дадалі праблемаў і санкцыі: цяпер складаней увозіць тавар.


На 2024 годзе ўзровень беспрацоўя ў Беларусі, паводле Белстату, складае 2,9 % ад агульнай колькасці працоўнай сілы.


Пры гэтым, як адзначаюць эксперты, рынак працы становіцца адной з самых вострых праблемаў, што абмяжоўваюць патэнцыял эканамічнага росту. Колькасць вакансіяў у базе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны перавышае 160 тысячаў, пры гэтым колькасць занятага насельніцтва працягвае змяншацца. За 10 месяцаў 2024 года эканоміка не далічылася больш за 20 тысячаў працаўнікоў, а за ўвесь папярэдні год зніжэнне занятасці склала каля 50 тысячаў чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі выходзяць з аўтобуса ў Менску, Беларусь. 9 верасня 2021 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі выходзяць з аўтобуса ў Менску, Беларусь. 9 верасня 2021 года. Фота: Белсат

Транспарт, сацыяльная інфраструктура і паўсядзённае жыццё



У 2024 годзе ў Беларусі працягнулася будаўніцтва транспартнай сеткі. Улады пахваліліся адкрыццём новага маршруту рэгіянальнага электравіка Мазыр – Калінкавічы – Менск. А найбліжэйшым часам у Менску абяцаюць адкрыць некалькі новых станцыяў метро.


З лістапада запрацаваў рэестр пасажырскіх перавознікаў і кіроўцаў. У тэорыі гэта мусіла падвысіць бяспеку, на практыцы – шмат якія таксісты хутка знайшлі новыя «шэрыя» схемы і працуюць паводле іх.


Будаўніцтва суправаджалася і павышэннем кошту квадратнага метра жытла, што адразу зрабіла кватэры недаступнымі для мноства беларусаў.


У Беларусь забаранілі ўвозіць 400 катэгорыяў тавараў, у тым ліку ўжыванае адзенне. Для сэканд-хэндаў насталі цяжкія часы.


Нягледзячы на афіцыйныя справаздачы пра рамонт дарог, сітуацыя з якасцю дарожнага пакрыцця ў краіне вымушае жадаць лепшага. Шмат дарог, асабліва ў сельскай мясцовасці, па-ранейшаму застаюцца ў дрэнным стане. Некаторыя масты не прайшлі своечасовага правярання і маюць аварыйны стан.


 

Медыцына: пабудавалі некалькі медцэнтраў, але не хапае каля 10 тысяч лекараў



На карысць беларусаў быў зменены разлік бальнічных. Мінімальны памер бальнічнага пачалі разлічваць з памеру мінімальнага заробку [626 рублёў. – Заўв. рэд.], а не бюджэту пражыткавага мінімуму [437 рублёў. – Заўв. рэд.]. А калі вы маеце стаж больш за 10 гадоў, то на бальнічным атрымаеце 100 % страчанага заробку, а не 80 %.


Апрача таго, увялі новы парадак дыспансерызацыі, які прадугледжвае вольныя дні для праходжання медагляду. А ў Менску і Берасці пабудавалі новыя медычныя цэнтры.


Па-ранейшаму моцна бракуе лекараў і медперсаналу. Агульная колькасць вакансіяў перавышае 10 тысячаў. Асабліва востра дэфіцыт адчуваецца ў рэгіёнах, перадусім у Гарадзенскай і Магілёўскай вобласцях. «Белсат» ужо распавядаў пра тое, што не так са статыстыкаю Белстату і да чаго можа прывесці кадравы крызіс.


Цягам усяго 2024 года ў Беларусі расце колькасць выяўленых выпадкаў анкалагічных хваробаў. Паводле звестак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі і медычнай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, штогод у краіне рэгіструецца каля 60 тысячаў новых выпадкаў раку.


У гэтым годзе так і не была запушчаная вытворчасць абяцанай беларускай вакцыны ад каронавіруса. Нагадаем, у чэрвені 2022 года паведамлялася, што першую доследна-прамысловую партыю беларускай вакцыны выпусцяць у верасні-кастрычніку таго ж года. У студзені 2023 года міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заяўляў, што шырокае прымяненне айчыннай вакцыны плануюць пачаць у 2024 годзе. На стварэнне вытворчасці беларускай вакцыны планавалася вылучыць 68,1 млн рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцына супраць COVID-19, выкліканага вірусам SARS-CoV-2. Фота: Science Photo Library / Science Photo Library / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вакцына супраць COVID-19, выкліканага вірусам SARS-CoV-2. Фота: Science Photo Library / Science Photo Library / East News

 

Правы, свабоды і міжнародныя адносіны: палітвязняў вызваляюць, новых палітвязняў саджаюць



З чэрвеня 2024 года на волю паводле памілавання выйшлі 227 палітвязняў (на 30 снежня 2024 года). Паводле звестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», за 2024 год статус палітвязня далі 589 асобам.


У 2024 годзе шэраг краінаў пастанавіў прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. У іх спісе Нямеччына, Аўстрыя, Швецыя і Данія.


Сёлета ж у верасні ў Сенат ЗША быў унесены законапраект, які прадугледжвае прызнанне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў сапраўднымі для паездак у ЗША і атрымання візаў.


Высветлілася, што ў 2025 годзе Еўрапейскі Звяз працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы Беларусі. ЕЗ вылучыць на гэта 30 млн еўраў.


Беларусы не маюць магчымасці свабодна перасякаць межы краінаў Еўразвязу для працоўных паездак, навучання ці турызму – у чарзе на мяжы (асабліва перад святамі ці пасля іх) даводзіцца стаяць нават два дні. Працэс атрымання візаў для паездак у краіны ЕЗ значна ўскладніўся.


Беларусам, якія жывуць за межамі краіны, забаранілі галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах, а дакладней для рэалізацыі ўласнага канстытуцыйнага права прапанавалі прыехаць на радзіму. Увялі новыя абмежаванні на афармленне даверанасцяў. Усё гэта яшчэ больш ускладніла жыццё беларусаў, вымушаных заставацца ў эміграцыі ў звязку з пагрозаю палітычнага пераследу.


Палітычныя апаненты ўладаў, актывісты і журналісты працягваюць сутыкацца з арыштамі і пераследам.


Парламенцкія выбары ў лютым 2024 года прайшлі з мінімальным удзелам незалежных назіральнікаў. Улады ўзмацнілі кантроль над выбарнікамі, забраўшы заслоны ў кабінах і пагражаючы штрафамі за «парушэнні» ў працэсе галасавання.


Удзел Беларусі ў вайне ва Украіне, хоць і апасродкаваны, працягваў значна ўплываць на нашую краіну. Лукашэнка захаваў ролю аднаго з ключавых саюзнікаў Расеі, даючы беларускую тэрыторыю для расейскіх войскаў і лагістычнага падтрымання. Гэта павялічыла міжнародную ізаляцыю Беларусі, што вылілася ва ўзмацненне санкцыйнага ціску з боку Захаду.


Экспартныя абмежаванні знізілі даходы ад гандлю з Еўразвязам, а таксама скарацілі доступ да фінансавых рынкаў і тэхналогіяў. Залежнасць эканомікі ад Расеі пры гэтым вырасла.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10