Вайна

Паступовы рух расейцаў на Данбасе. Што адбываецца ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія жаўнеры 68-ай асобнай егерскай брыгады ЗСУ ў акопах у напрамку Пакроўска, Данецкая вобласць, Украіна. 27 снежня 2024 года. Фота: Piotr Sobik / Anadolu / Abaca Press / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія жаўнеры 68-ай асобнай егерскай брыгады ЗСУ ў акопах у напрамку Пакроўска, Данецкая вобласць, Украіна. 27 снежня 2024 года. Фота: Piotr Sobik / Anadolu / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 30 снежня чытайце ў нашым матэрыяле.

Цягам апошняга тыдня працягнула пагаршацца становішча Збройных сілаў Украіны па лініі сутыкнення на купянскім кірунку на ўсходзе Харкаўскай вобласці, дзе ЗСУ ўтрымліваць некалькі невялікіх плацдармаў на левым беразе ракі Аскі.


Так, на паўднёвым фланзе войскі РФ фактычна цалкам выбілі ўкраінцаў з сяла Загрызова і адпаведна наблізіліся да суседняй Багуслаўкі. Адначасова з гэтым расейцы намагаюцца рухацца да апошняга населенага пункту з усходу з боку раней занятага сяла Лазавая. Пры гэтым агулам канфігурацыя фронту на гэтым участку фронту ўказвае на высокую верагоднасць атачэння групоўкі ЗСУ на выступе паміж населеннымі пунктамі Загрызова, Бераставое, Стэльмахаўка, Лазавая і Багуслаўка.

 

Падобным чынам развіваюццца падзеі і на суседнім ліманскім кірунку на поўначы Данецкай вобласці, дзе расейцы выціскаюць праціўніка з плацдарму на левым беразе ракі Жарабец. Праўкраінскія крыніцы пішуць, што войскам РФ удалося заняць каля траціны зруйнаванага сяла Церны. Кантроль над гэтым участкам у перспектыве дазволіць расейцам паспрабаваць абысці горад Сівэрск (на прылеглым аднайменным кірунку) з паўночнага захаду.

 

Таксама на поўначы Данбасу варта звярнуць увагу на сітуацыю ў ваколіцах тарэцкай агламерацыі. Тут цягам тыдня УС РФ, паводле прарасейскіх крыніцаў, істотна прасунуліся ў цэнтральнай частцы і на паўночным усходзе аднайменнага гораду, а таксама на захадзе ад населенага пункту, дзе яны рухаюцца ў бок Шчарбінаўкі. Пры гэтым на ўсіх трох участках расейцы намагаюцца заняць ключавыя вышыні – мясцовыя шахты і тэрыконы, кантроль над якімі дазволіць усталяваць агнявы кантроль над наваколлем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Артылерыйскі экіпаж спецпадраздзялення Упраўлення патрульнай паліцыі «Страліцкі батальён» абстрэльвае расейскія пазіцыі ў Запарожскай вобласці, Украіна. 25 снежня 2024 года. Фота: Ukrinform / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Артылерыйскі экіпаж спецпадраздзялення Упраўлення патрульнай паліцыі «Страліцкі батальён» абстрэльвае расейскія пазіцыі ў Запарожскай вобласці, Украіна. 25 снежня 2024 года. Фота: Ukrinform / East News

У гэты ж час праўкраінскія тэлеграм-каналы пішуць, што ЗСУ ўсё ж удалося часткова спыніць праціўніка і завязаць баі.

 

У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці працягваецца паступовы рух Узброеных сілаў РФ на пакроўскім кірунку. На паўночным фланзе цягам тыдня яны прасунуліся ў ваколіцах населеных пунктаў Дачнае і Новы Труд, у выніку чаго ў небяспечным становішчы апынуліся ўкраінскія вайскоўцы ў ваколіцах сяла Зялёнае.

 

Таксама на поўначы працягваюцца баі па лініі Пішчанае – Шаўчэнка, але тут ЗСУ пакуль удаецца стрымліваць праціўніка. Кантроль над гэтым ўчасткам стратэгічна важны ў плане абароны самога гораду Пакроўск, да паўднёвых ускрайкаў якога цяпер застаецца каля пяці кіламетраў.

 

У гэты ж час на захадзе кірунку прасоўванні расейцаў больш значныя: тут лінія сутыкнення дасягнула населеных пунктаў Новавасільеўка, Новаелізаветаўка і Украінка. Імаверна, адсюль войскі РФ паспрабуюць абысці Пакроўск і перарэзаць асноўныя лагістычных шляхі ў яго, пасля чаго ўжо можа пачацца штурм самога гораду.


На курахаўскім кірунку расейцы за тыдзень занялі выступ на паўночным фланзе паміж населенымі пунктамі Сонцаўка і Старыя Церны. Паралельна з гэтым на паўднёвым фланзе фронт фактычна выпрастаўся ўздоўж ракі Сухія Ялы. У самім жа Курахаве войскі РФ цалкам захапілі жылую частку, пасля чаго баі змясціліся ў заходнюю частку гораду.

 

Агулам на курахаўскім кірунку па-ранейшаму назіраюцца спробы УС РФ атачыць ЗСУ ў ваколіцах Курахава, дзеля чаго ажыццяўляецца ціск у бок населеных пунктаў Улаклы і Шаўчэнка. Разам з тым праўкраінскія крыніцы заўважаюць, што актыўнасць праціўніка ў апошнія дні істотна знізілася, што можа тлумачыцца правядзеннем ратацыі або перагрупаваннем. 

,,

У такой сітуацыі, з улікам набліжэння завяршэння баёў за Курахава, лагічным бачыцца паступовы адыход саміх Збройных сілаў на захад, паколькі далейшая абарона на гэтым участку не выглядае перспектыўнай.


На мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў працягваюцца баі ў ваколіцах Вялікай Навасёлкі. З поўначы расейцы намагаюцца замацавацца ў сяле Новы Камар, з поўдня – назапашваюць сілы ў ваколіцах Няскучнага (Нескучне), каб працягнуць далейшыя штурмавыя дзеянні. Пакуль, нягледзячы на складаную канфігурацыю фронту, ЗСУ ўдаецца адносна паспяхова стрымліваць праціўніка.

 

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 

 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.


Наталля Кулыгіна belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10