Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сказаў, што «Індэкс аліўе» сёлета выйшаў адмоўны, то бок салат патаннеў. Але, паводле разлікаў «Белсату», усё выглядае інакш.
Раман Галоўчанка адзначыў, што ва ўрадзе палічылі, колькі каштуюць інгрэдыенты да аліўе, і прыйшлі да нечаканай высновы:
«Насамрэч дастаткова нечаканая лічба атрымалася. У нас сёлета "Індэкс аліўе" адмоўны, гэта значыць, аліўе сёлета патаннеў».
Паводле беларускага прэм’ера, гэта звязана з тым, што шмат якія прадукты цяпер на акцыях і распродажах.
Галоўчанка адзначыў, што ў мінулым годзе набор для тыповага аліўе каштаваў 13 рублёў 80 капеек.
«У гэтым годзе ён каштуе 13 рублёў 44 ці 45 капеек. То бок цалкам прымальная лічба», – адзначыў чыноўнік. Такім чынам, выходзіць, што змяншэнне індэксу адбылося на прыблізна 3 %.
Нагадаем, што свой «Індэкс аліўе» вылічаў таксама «Белсат»: выходзіць, што з 2023 года індэкс моцна апярэджваў афіцыйную інфляцыю. Летась салат падаражэў на 15,93 % пры афіцыйных паказніках 5,8 % – рост амаль удвая. Таксама і сёлета кошт прыгатавання салату істотна абагнаў абвешчаную ўладамі інфляцыю 5,5 % на лістапад. Паводле нашых падлікаў, індэкс склаў 9,47 % – амаль удвая больш. Пры гэтым важна адзначыць, што некаторыя з выбраных тавараў былі акцыйныя, то бок з улікам іх звычайнай цаны «Індэкс аліўе» быў бы яшчэ вышэйшы.
У параўнанні з 2017 годам прыгатаванне салату аліўе падаражэла больш як у паўтара разу – на 58,04 %.
Раман Шавель belsat.eu