Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў вынікі 2024 года для беларускіх палітвязняў. Праваабаронцы адзначаюць, што нягледзячы на шэраг вызваленняў, масавыя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.
Агулам за 2024 год у выніку некалькіх хваляў памілаванняў на волю выйшлі 227 палітзняволеных. Пры гэтым за апошні год статус палітвязня атрымалі 589 асобаў.
«Штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні дзясяткаў чалавек. Выбары, што пройдуць ужо ў студзені новага года, распачалі серыю новых прэвентыўных атак на грамадскі сектар. Акрамя гэтага, сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца на стабільна крытычным узроўні. Зняволеныя ўтрымліваюцца ў жудасных умовах без магчымасці атрымання якаснай і своечасовай медычнай дапамогі, зазнаюць катаванні і збіванні, утрымліваюцца месяцамі без сувязі з вонкавым светам», – заявілі ў «Вясне».
Станам на 29 снежня ў беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 1265 палітвязняў. З іх 1097 – мужчыны, 168 – жанчыны.
Пры гэтым мінімум 224 палітвязні застаюцца за кратамі ў асаблівай рызыцы: 104 асобы ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 11 чалавек маюць інваліднасць, 46 асобам больш як 60 гадоў, а 16 палітвязняў маюць ментальныя разлады. Сярод палітзняволеных – 29 шматдзетных маці і бацькаў.
,,«Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне робіцца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж яно яшчэ больш пагаршае стан іхнага здароўя праз несвоечасова нададзеную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў», – заяўляюць праваабаронцы.
У месцах зняволення ўтрымліваюцца 45 прадстаўнікоў медыяў, 175 культурных дзеячаў, 6 праваабаронцаў, 17 лекараў, 7 адвакатаў, 20 вайскоўцаў, 10 святароў і вернікаў, больш як 30 айцішнікаў. Сярод сённяшніх палітзняволеных налічваецца мінімум 30 сямей – гэта максімальная колькасць за апошнія некалькі гадоў, кажуць праваабаронцы.
Таксама вядома як мінімум пра дзевяць палітвязняў у рэжыме «інкамунікада». Гэта Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Мікалай Банькоў, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Навіцкі і Уладзімір Кніга.
Адной з галоўных тэндэнцыяў апошніх двух гадоў праваабаронцы называюць узмацненне пакарання палітвязням паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу за нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». З 2020 года найменей 95 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 66 распачалі новыя крымінальныя справы за «непадпарадкаванне адміністрацыі».
З 2020 года цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш як 1385 палітзняволеных. Некаторыя пасля вызвалення зазнаюць паўторны пераслед і затрымліваюцца паводле новых крымінальных справаў.
2024 год адзначыўся таксама смярцямі чатырох палітвязняў за кратамі. У ноч 9 студзеня ў віцебскай калоніі № 3 памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. Напрыканцы лютага пайшоў з жыцця актывіст Ігар Леднік. 9 красавіка ў берасцейскім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, а 1 лістапада сталася вядома, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр Дзмітрый Шлетгаўэр. Агулам з 2021 года за кратамі памерлі сем палітвязняў.
Якуб Хруст belsat.eu