Кіраўнік Азербайджану Ільхам Аліеў пацвердзіў, што самалёт «Азербайджанскіх авіялініяў», што пацярпеў крушэнне каля Актаў, атрымаў пашкоджанні ў выніку абстрэлу з зямлі.
Ільхам Аліеў у выступе на азербайджанскім тэлебачанні адзначыў, што канчатковая версія станецца вядомаю пасля таго, як будзе расшыфраваная інфармацыя, што змяшчалася ў чорных скрынях самалёта. Але пры гэтым падкрэсліў, што і першапачатковыя версіі дастаткова абгрунтаваныя і абапіраюцца на факты.
«А факты ў тым, што азербайджанскі цывільны самалёт атрымаў пашкоджанні звонку на тэрыторыі Расеі, каля гораду Грозны і практычна страціў кіраванне. Мы таксама ведаем, што наш самалёт быў прыведзены ў некіраваны стан сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Гэта першае пашкоджанне, нанесенае самалёту», – сказаў Аліеў.
Таксама азербайджанскі прэзідэнт адзначыў, што ў выніку адкрытага з зямлі агню моцна пацярпела хваставая частка самалёта. Акрамя таго, Аліеў падкрэсліў, што нягледзячы на відавочныя факты, некаторыя колы ў Расеі аддавалі перавагу першапачатковай версіі пра нібыта сутыкненне лайнера з птушкамі.
«Адным з момантаў, які нас засмуціў і здзівіў, было тое, што расейскія афіцыйныя структуры высунулі версіі пра выбух нейкага газавага балона. То бок гэта адкрыта паказвала, што расейскі бок хоча замяць пытанне, і гэта, вядома, нікому не робіць гонару», – сказаў Аліеў.
Азербайджанскі прэзідэнт падкрэсліў, што, вядома, самалёт «Азербайджанскіх авіялініяў» быў збіты не наўмысна. Аднак, на думку Аліева, прызнаць сваю віну, своечасова выказаць прабачэнні Азербайджану, што лічыцца дружалюбнай краінаю, і данесці гэта да грамадскасці – усё гэта захады і крокі, якія неабходна было зрабіць. На жаль, першыя тры дні мы не чулі ад Расеі нічога, акрамя версіяў, поўных трызнення, сказаў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, 25 снежня каля гораду Актаў у Казахстане разбіўся самалёт «Embraer 190», што выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны. На яго борце былі 67 чалавек – 62 пасажыры і пяць членаў экіпажу. Пасля ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі на борце дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале. Лайнер некалькі разоў спрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку і быў перанакіраваны праз Каспійскае мора ў Казахстан.
Не даляцеўшы да аэрапорту Актаў некалькі кіламетраў, самалёт упаў пасярод стэпу і выбухнуў. Насавая частка цалкам згарэла, хваставая адвалілася і ацалела. Менавіта ў ёй былі 29 пасажыраў, якія выжылі. Іх даставілі ў шпіталь Актаў. Пазней сталася вядома, што прычына непаладак у самалёце – вонкавае ўздзеянне, а менавіта абстрэл з расейскіх сродкаў СПА. Уладзімір Пуцін выказаў прабачэнні прэзідэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву ў сувязі з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі.
Раман Шавель belsat.eu