Шуфлядка

Слова года 2024: штуін, штучын, штозум?

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Ялінку вы набылі, а падарункі спакаваць яшчэ паспееце – самы час у перадсвяточнай мітусні зірнуць на год, што мінае. Шмат якія краіны, рэдакцыі ці калектывы знаных слоўнікаў абвяшчаюць у снежні слова года – як сімвал калектыўнага настрою людзей. Якія словы мы вымаўлялі, пісалі ці ўпершыню пачулі ў 2024-м? Старыя гэта словы або экзатычныя наватворы? А можа, знаёмыя, а цяпер значаць нешта зусім іншае? Прапануем вам агляд словаў года ў розных краінах, а таксама белсатаўскія моўныя вынікі 2024 года.

Зорка на ялінцы ў Берасці, Беларусь. 28 лістапада 2024 года. Фота: Віялета Южакова / belarusby_official / Instagram

Якія ялінкі паставілі ў Беларусі і суседзяў. Вільня зноў перамагла?

Шуфлядка

У Вялікай Брытаніі некалькі словаў-2024. Оксфардскі слоўнік адзначыў словазлучэнне «brain rot» (гніенне мозгу), якое стала іранічнай фіксацыяй уплыву лічбавых тэхналогіяў на жыццё і псіхіку людзей. Гэта пра танны, бязглузды і шалёна папулярны кантэнт, пра які кажуць: «ні розуму, ні сэрцу». І ад якога няма паратунку. Не сказаць, каб гэта слова-прарыў, але сведчанне культурных і сацыяльных зменаў – дакладна.


А Collins Dictionary абраў словам года «brat» (штосьці кшталту гарэзы, свавольніка, няўрымсты), падкрэсліваючы новы дух бунтарства і смеласці ў моладзі. Гэты новы братка – асоба незалежная, упэўненая і любіць жыццё. Як пішуць брытанцы, у папулярным сёлета слове адбілася не толькі асэнсаванне свабоды, але і жаданне вылучыцца, зламаць шаблоны.


У ЗША словам года Merriam-Webster выбраў «polarization» (палярызацыя, супрацьстаянне). Такі выбар стаў найхутчэй вынікам выбараў (даруйце за таўталогію) – і слова палярызацыя засведчыла ўсё большы раскол у грамадстве: ад палітычных дыскусіяў да сацыяльных рухаў. Згадзіцеся, год таму вы не думалі пабачыць на вокладцы «Time» з асобаю года той твар, што там урэшце аказаўся.

Сем'і мігрантаў з Мексікі чакаюць прыбыцця памежнага патруля каля плоту паміж ЗША і Мексікай. Дзевяць мільёнаў асобаў са 128-мільённага насельніцтва краіны жывуць за рысай беднасці, многія наважваюцца пакінуць Мексіку праз гвалт наркакартэляў, арганізаваную злачыннасць і карупцыю. З афіцыйных звестак, толькі ў снежні 2023 года было зарэгістравана амаль 300 тысяч выпадкаў нелегальнага мінання мяжы. Рубі, штат Арызона, ЗША. 25 чэрвеня 2024 года. Фота: Brandon Bell / Getty Images

Найлепшыя фотаздымкі 2024 года, на думку ўэб-рэдакцыі «Белсату»

навіны

Тым часам Dictionary.com нечакана аддаў перавагу слову «demure» (сціплы, стрыманы, нават сарамлівы), што можа сведчыць пра з’яўленне памкнення да цішыні, гармоніі і асабістай прасторы на фоне хаосу інфармацыйнага свету. Мусім жа неяк ратавацца ад гніення мозгу.


У Польшчы інтэрнаўты і Дзяржаўнае навуковае выдавецтва (Państwowe Wydawnictwo Naukowe) вылучылі праз галасаванне моладзевае слова года, «sigma». І гэта не літара грэцкага альфабэту. У моладзевым слэнгу сігма – паспяховы, упэўнены ў сабе, выбітны чалавек, якім можна захапляцца. Сігма – такі сабе самотны воўк, перакананы ва ўласнай неардынарнасці, але не фанабэрыцца. Ён (ці яна) сам усталёўвае правілы, якіх строга пільнуецца (вітанні брытанскаму brat).


У Беларусі снежаньскае галасаванне адносна слова года ўжо традыцыйна ладзіць радыё «Свабода». І сёлетні выбарінкамунікада, рэжым інфармацыйнай ізаляцыі палітычных вязняў. Што і казаць, пра некаторых мы не маем звестак ужо больш як 600 дзён, але згадваем мы іх штодня.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў ажно дзясятку сёлетніх словаў, у першай тройцы: палітвязень, экстрэмізм і салідарнасць.

«Белсат» жа, падводзячы ўласныя моўныя вынікі года, таксама згадваў тэрарызм (у нашым, беларускім значэнні), інкамунікада (гучыць ужо трагічна звыкла), бязвыбары (удалы наватвор для вядомай хуткай з’явы). Мы часта пісалі і казалі ў другой палове года пра памілаванне – але тут, як з экстрэмізмам і тэрарызмам, маем новае сучаснае, уласнабеларускае значэнне. Ці слушна называць памілаванымі вызваленых з палону закладнікаў – ці не зрабіліся б мы самі ахвярамі стакгольмскага сіндрому, выбраўшы менавіта такую лексічную адзінку словам года? Пры гэтым мы чакаем кожную і кожнага, хто пабачыць волю хоць бы і на дзень раней.


Неблагім фіналам года і промнем сонца ў ваконцы на самым пачатку сёлетняй зімы можна лічыць слова выцінанка. Міжурадавы камітэт ЮНЭСКО на 19-й сесіі ў Парагваі вырашыў уключыць беларускую выцінанку ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Вось вам нагода ўспомніць, як у маленстве выціналі нажніцамі сняжынкі і ляпілі на вокны. Калі ў вас такога досведу не было, самы час навучыцца – як культурным асобам.


І ўсё ж наш сёлетні выбар – штучны інтэлект. Выглядае, што якраз 2024 год зрабіўся прарывам у хуткасці навучання ШІ паспяхова камунікаваць і адказваць на запыты. Цяпер штучны інтэлект перакладае, піша, размаўляе (і пяе) па-беларуску, малюе, здымае кіно і пачынае падманваць сваіх распрацоўнікаў. Сёлета нават адсталыя слаі насельніцтва дачуліся пра ChatGPT (праўда, не ясна, ці тое да лепшага). Тым часам беларускамоўныя людзі спрачаюцца ў сацсетках, як слушна адаптаваць artificial intelligence.

Вастрыльшчык. Прынцып мільгацення. Казімір Малевіч, 1912. Крыніца: wikiart.org
Вастрыльшчык. Прынцып мільгацення. Казімір Малевіч, 1912. Крыніца: wikiart.org

Сам тэрмін ужо даўно ў нашых слоўніках – скажам, у «Русско-белорусский словарь математических, физических и технических терминов», выдадзены «Беларускай Энцыклапедыяй», словазлучэнне «штучны інтэлект» трапіла ўжо ў 1995 годзе. 


Якія могуць быць іншыя варыянты – бо тэрмін важны і частотны, няблага мець штосьці карацейшае? Урэшце, што лепш – AI ці ШІ?


Людзі прапаноўваюць штуін (шту(чны) + ін(тэлект)), штучын (штуч + ін). Ёсць цікавая версія штозум – дасціпны вынік спалучэння штучны + розум.


Дарэчы, непазбежная асацыяцыя на варыянт штучынШчучын, і хтосьці з сецевых лінгвістаў адгукаецца ідэяй называць усё створанае ШІ тэрмінам штучыншчына, што зусім і няблага. А як вам варыянт штур (шту(чны) + р(озум))?


Што ж, словы года – не толькі пра настроі людзей, але і пра іхныя спадзяванні на лепшае. 2024 год быў складаны, а нават і бязлітасны, але ён засведчыў моц чалавечай адаптацыі да новых рэаліяў. Магчыма, проста цяпер нараджаюцца ў роце і неўзабаве прагучаць словы 2025 года, якіх мы прагна чакалі. Усяму свой час. Як казаў персанаж аднаго добрага кінафільму, «Я бачыў рэчы, якіх вы, людзі, і не снілі. Караблі, што згаралі ў полымі каля Арыёну. Я бачыў зіхценне промняў каля брамы Тангойзэра, што знікала ў цемры. Усе гэтыя моманты згубяцца ў часе, як слёзы пад дажджом».


Моманты згубяцца, а словы застануцца. З Новым годам – і з новымі словамі.


Надзея Яноўская belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10