Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін стэлефанаваўся з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Казалі пра авіякатастрофу 25 снежня, Пуцін папрасіў прабачэння.
Прэс-служба Крамля паведамляе, што размова адбылася з ініцыятывы расейскага боку. Падчас размовы «падрабязна абмеркаваны пытанні, якія тычацца крушэння пасажырскага самалёта авіякампаніі "Азербайджанскія авіялініі" 25 снежня паблізу горада Актау ў Казахстане».
«Уладзімір Пуцін прынёс свае прабачэнні ў сувязі з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі, і яшчэ раз выказаў глыбокія і шчырыя спачуванні сем'ям загінуўшых, пажадаў хутчэйшага выздараўлення пацярпелым.
У размове было адзначана, што Азербайджанскае пасажырскае паветранае судна, якое рухалася выразна па раскладзе, неаднаразова спрабавала зайсці на пасадку ў аэрапорт горада Грозны. У гэты час Грозны, Маздок і Уладзікаўказ атакавалі ўкраінскія баявыя беспілотныя лятальныя апараты, і расейскія сродкі СПА адбівалі гэтыя напады», – піша прэс-служба Крамля.
Адзначаецца, што Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу паводле арт. 263 Крымінальнага кодэкса («Парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту»). Таксама два супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Азербайджана знаходзяцца ў Грозным, дзе працуюць сумесна з прадстаўнікамі Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта Расеі.
Падзенне самалёта Азербайджанскай авіякампаніі «Azerbaijan Airlines» адбылося 25 снежня недалёка ад казахстанскага горада Актау. Ён ляцеў з Баку ў Грозны. Расавіяцыя распавяла, што якраз у гэты час Грозны атакавалі дроны, таму быў уведзены спецыяльны рэжым «Ковёр». Усе самалёты павінны былі пакінуць паветраную прастору, на якую распаўсюджваецца гэты рэжым.
«Euronews» са спасылкай на азербайджанскую крыніцу паведамляе, што самалёт быў пашкоджаны СПА.
Ільхам Аліеў у дзень катастрофы павінен быў прысутнічаць на нефармальным саміце СНД у Расеі, аднак пасля таго, што здарылася, вярнуўся ў Азербайджан.
Арсен Рудэнка belsat.eu