Авіякампанія «Turkmenistan Airlines» на месяц прыпыніла рэйсы Ашхабад – Масква – Ашхабад.
«Авіякампанія "Туркменістан" паведамляе, што рэгулярныя рэйсы маршрутам Ашхабад – Масква – Ашхабад у перыяд з 30 снежня 2024 да 31 студзеня 2025 скасаваныя», – піша авіяперавозчык.
Пасажыры могуць цалкам вярнуць сродкі за квіткі.
«Turkmenistan Airlines» лётала ў Маскву два разы на тыдзень.
Раней у расейскія гарады перасталі лётаць казахстанская авіякампанія «Qazaq Air», арабская «Flydubai», ізраільская «El Al». Таксама ад палётаў адмовілася азербайджанская «Azerbaijan Airlines», чый самалёт разбіўся ў Казахстане 25 снежня.
Самалёт «Azerbaijan Airlines» ляцеў па маршруце Баку – Грозны. Адразу пасля падзення ў СМІ паведамлялася пра тое, што самалёт перанакіравалі ў Махачкалу нібыта праз туман, яшчэ была версія аб сутыкненні з птушкай.
На кадрах, якія апублікаваў МНС Казахстана з месца падзення відаць, што на самалёце былі пашкоджанні, падобныя на адтуліны, атрыманыя ў выніку прымянення зброі.
Паводле крыніцы «Euronews», самалёт пацярпеў ад удараў СПА. Расавіяцыя пацвердзіла, што Грозны быў атакаваны дронамі і быў уведзены рэжым «Ковёр». Самалётам нельга было лётаць у гэты час.
«Azerbaijan Airlines» адзначае, што рэйс разбіўся праз «вонкавае фізічнае і тэхнічнае ўздзеянне».
На борце было 67 пасажыраў, уключаючы 5 членаў экіпажа. Загінула 38 чалавек. Сярод пасажыраў было 6 грамадзян Казахстана, 42 грамадзян Азербайджана, 3 грамадзяніна Кыргызстана, 16 грамадзян Расеі. Усе члены экіпажа – грамадзяне Азербайджана.
Арсен Рудэнка belsat.eu