навіны

Flightradar24 аднавіў маршрут самалёту, што ўпаў у Актаў: праблемы з кіраваннем узніклі перад Грозным

маршрут руху Embraer E190AR Azerbaijan Airlines
Дэталёвы маршрут руху Embraer E190AR Azerbaijan Airlines, які 25 снежня пацярпеў крушэнне ў Казахстане. Крыніца: Flightradar24
podpis źródła zdjęcia

Сэрвіс Flightradar24 аднавіў траекторыю руху азербайджанскага самалёту Embraer E190AR, які 25 снежня ўпаў у Казахстане. Па ёй можна меркаваць, што пры спробе пасадкі ў Грозным лайнер пралятаў над Урус-Мартанам, дзе ў тую раніцу быў зафіксаваны дрон.

Таксама дадзеныя Flightradar24 сведчаць аб тым, што праблемы з кіраваннем самалётам узніклі яшчэ да таго, як ён праляцеў Грозны.


З адноўленага маршруту вынікае, што ў 8:13 паводле маскоўскага часу лайнер ляцеў над Чачнёй. У 8:15 ён дасягнуў арэрапорту Грознага, а перад гэтым зрабіў пятлю побач з горадам Урус-Мартан. Раніцай у сераду, 25 снежня, там было знятае відэа, як людзі спрабавалі збіць беспілотнік са стрэльбаў.


Ужо на гэтай частцы маршруту, у 8:13, хісталася вышыня, хуткасць і вертыкальная хуткасць лайнеру.

,,

«Самалёт не мог вытрымліваць пастаянную вышыню і хуткасць на працягу як мінімум 75 хвілінаў», – зазначае сэрвіс.


На месцы крушэння пасажырскага самалёта «Embraer 190» «Azerbaijan Airlines», які здзяйсняў 25 снежня рэйс Баку – Грозны, вядуцца работы па зборы доказаў паблізу горада Актаў, Казахстан. 27 снежня 2024 года. Фота: Meiramgul Kussainova / Anadolu / Abaca Press / East News

Эксперты пра авіякатастрофу пад Актаў: «Яна ўплывае на палітыку, Маскве давядзецца адказаць»

Аналітыка

Гэта можа сведчыць пра тое, што як раз у той момант, яшчэ да падлёту да Грознага, у экіпажа ўзніклі праблемы з кіраваннем самалётам.


У 8:25 самалёт праляцеў Грозны і накіраваўся на ўсход, у бок Кізляра, на падлёце да якога, у 8:37 рэзка павярнуў у бок Каспійскага мора, пасля чаго па няроўнай траекторыі паляцеў у Актаў. Дадзеныя пра сваё месцазнаходжанне лайнер пачаў перадаваць толькі калі ўжо ляцеў надо морам, у 9:07.



На адноўленай частцы маршруту не бачна спробаў даляцець да Махачкалы. Пра накіраванне самалёту туды паведамляла ў сераду прэс-служба аэрапорту ў Грозным.



Згодна з расшыфроўкай перамоваў пілотаў з дыспетчарам у Грозным, якая была апублікаваная 27 снежня тэлеграм-каналам ВЧК-ОГПУ (расейскае выданне «Агентство. Новости» падкрэслівае, што немагчыма праверыць сапраўднасць дадзеных), у 8:11 камандзір паведаміў дыспетчару, што самалёт вяртаецца ў Баку, у 8:16 – пра страту кіравання і «удар птушак», у 8:17 – што накіроўваецца ў Мінеральныя Воды, у 8:21 – у Махачкалу.


Вынікі папярэдняга расследавання, якія апублікаваў Euronews, паказалі, што самалёт пацярпеў ад удару расейскай ракетай у раёне Грознага, а экіпаж прыняў рашэнне ляцець у Актаў, таму што яму не дазволілі прызямліцца ў расейскіх аэрапортах, нягледзячы на просьбы пілотаў аб аварыйнай пасадцы.


Расейскі бок спачатку сцвярджаў, што ў Грозным самалёт не змог сесці праз моцны туман, а разбіўся праз сутыкненне са стаяй птушак і выбух балону на борце. Толькі ў пятніцу, 27 снежня, калі Баку запатрабаваў прынесці выбачэнні за авіякатастрофу і выплаціць кампенсацыю, Расавіяцыя прызнала, што Чачня ў дзень крушэння самалёту зазнала атаку беспілотнікаў. Пры гэтым у ведамстве зазначылі, што камандзір лайнера сам прыняў рашэнне накіравацца ў Актаў, хоць яму прапаноўвалі іншыя аэрапорты.


Самалёт «Embraer E190» (рэйс J2-8243) авіякампаніі «Azerbaijan Airlines» 25 снежня разбіўся блізу аэрапорту Актаў у Казахстане. Пры спробе аварыйнай пасадкі самалёт урэзаўся ў зямлю і выбухнуў. На борце былі 67 чалавек: выжылі 29, загінулі 38 асобаў. Самалёт ляцеў з Баку ў Грозны, над тэрыторыяй Расеі з ім здарылася штосьці, што пакінула на борце сляды, як ад шрапнелі.


Найбольш імаверная версія, што самалёт быў збіты зенітнай ракетай расейскай супрацьпаветранай абароны. Паводле крыніцаў «Reuters», асноўная версія расследавання цяпер звязаная з тым, што па самалёце ўдарыў расейскі зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С», а сувязь самалёта «была паралізаваная» сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10