Украіна сутыкнулася з недахопам дальнабойных ракетаў ATACMS, дазвол на выкарыстанне якіх па тэрыторыі Расеі надоечы атрымала ад ЗША, і ўсё радзей наносіць імі ўдары, паведамляе амерыканскае выданне New York Times.
Увесну 2024 года Украіна атрымала каля 500 ракетаў ATACMS. Аднак іх выкарыстанне было абмежаванае – ЗСУ маглі запускасць іх па мішэнях на тэрыторыі анексаванага Крыму і па ўкраінскіх рэгіёнах, акупаваных расейскай арміяй.
17 лістапада Белы дом дазволіў наносіць удары па расейскай тэрыторыі. На той час ва Украіны заставалася каля 50 дальнабойных ракетаў, зазначае New York Times са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў. Крыніцы выдання таксама казалі, што ва Украіны не было шанцаў атрымаць больш ракетаў, бо пастаўкі ўжо былі перанакіраваныя на Блізкі Усход і ў Азію.
Дональд Трамп, абраны 47 прэзідэнтам ЗША, не раз заяўляў, што не падтрымлівае рашэнне адміністрацыі Байдэна дазволіць Украіне наносіць удары амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расеі.
Паводле NYT, сітуацыя з ракетамі ATACMS ва Украіне падобная на тое, што адбывалася з атрыманнем іншай заходняй зброі – ракетнымі комплексамі HIMARS, знішчальнікамі F-16, танкамі. Захад доўга абяцаў іх паставіць, але працэс заўсёды ішоў так марудна, што Украіна атрымлівала гэтую зброю занадта позна, калі губляла тэрыторыі. У выніку ніводны з гэтых відаў зброі не стаў вырашальным у вайне.
Што датычыць ракетаў ATACMS, ЗША доўгі час не хацелі пастаўляць іх ва Украіну праз перасцярогі, што ўдары імі па Расеі прывядуць да эскалацыі вайны. Пасля таго, як Байдэн нарэшце даў на гэта дазвол, Украіна выкарыстала не менш за 31 ракету ATACMS і 14 брытанскіх Storm Shadow, сцвярджала Расея. Украіна не пацвярджала гэтую інфармацыю, аднак і не абвяргала.
Цяпер, калі запас ATACMS амаль вычарпаны, Вялікая Брытанія таксама заявіла, што не зможа прадставіць больш дальнабойных ракетаў Storm Shadow.
Ракеты ATACMS у залежнасці ад мадыфікацыі маюць дальнасць ад 140 да 300 кіламетраў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu