Сёлета Польшча выдала «карту паляка» амаль 9 тысячам беларусаў, піша «Медыязона» са спасылкай на прэс-службу польскага МЗС.
«Карта паляка» – дакумент, які пацвярджае роднасную і культурную сувязь замежніка з Польшчай. Яна дае права на атрыманне нацыянальнай візы, працу ў Польшчы без дадатковых дазволаў, спрошчаны працэс атрымання дазволу на жыхарства і польскага грамадзянства.
Каб атрымаць «карту паляка», трэба пацвердзіць свае польскія карані (што адзін з бацькоў, ці бабуляў і дзядуляў, ці прабабуля і прадзядуля былі палякамі паводле нацыянальнасці альбо мелі польскае грамадзянства).
Польшча сёлета заявіла аб узмацненні кантролю за выдачай «картаў паляка», бо былі зафіксаваныя выпадкі выкарыстання падробных дакументаў для пацвярджэння польскіх каранёў. Больш за 1830 замежнікаў былі пазбаўленыя «карты паляка».
У Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў 2022 гозе загадаў «разабрацца» з беларусамі з «картай паляка».
«Карту паляка» маюць агулам не менш за 160 тысяч беларусаў. Паводле звестак цэнтральнага рэестру выдадзеных і ануляваных картаў паляка Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, агулам краіна выдала замежнікам больш за 206 тысяч картаў паляка.
Марыя Міхалевіч belsat.eu