Дзяржкантроль фактычна загадаў прэм’ер-міністру прыняць захады супраць праблемаў з ветэрынарыяй, а Саўмін даручыў Мінсельгасу разабрацца з маладымі спецыялістамі ў сельскай гаспадарцы і ветэрынарыі. «BELPOL» падзяліўся з «Белсатам» дакументамі аб тым, што выявілі і вырашылі чыноўнікі.
Грамадская арганізацыя «BELPOL» перадала «Белсату» шэраг дакументаў розных ведамстваў, два з якіх тычацца ветэрынараў і ветэрынарных клінік.
Што здарылася
Першы дакумент – адказ Камітэту дзяржаўнага кантролю прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку, датаваны 30 траўня 2024 года. У лісце КДК паведамляе, што вывучыў пытанні аказання ў Беларусі ветэрынарных паслугаў насельніцтву, знайшоў шэраг праблемаў і папрасіў праінфармаваць аб прынятых захадах.
Кантрольныя захады паказалі, што з дзяржаўных установаў сельскай гаспадаркі кадры ўцякаюць у прыватныя ветэрынарныя ўстановы. Дзяржаўныя ветэрынарныя службы на пачатак 2024 года, як піша КДК, былі ўкамплектаваныя спецыялістамі толькі на 80 %.
У гэтым КДК абвінаваціў не сістэму дзяржаўнага кіравання, а «адсутнасць рэгулявання» прыватных арганізацыяў. І ў прыватным сектары, лічыць Дзяржкантроль, «неабгрунтаваныя цэны», ад чаго дзяржава чамусьці недаатрымлівае падатковых паступленняў.
Адток спецыялістаў у прыватны сектар нівэлюе дзяржаўную падрыхтоўку спецыялістаў, наракае КДК. Так, за 2023 год у прыватны сектар сышлі 973 спецыялісты ў ветэрынарыі пры выпуску і скіраванні на працу толькі 1023 новых спецыялістаў. Пры тым кантрольныя лічбы набору на навучанне не выконваюцца нават на палову.
Брак спецыялістаў вядзе да невыканання ветэрынарных захадаў, а гэта ў сваю чаргу кепска ўплывае на прадукцыйнасць жывёлагадоўлі: літаральна дохнуць свінні і каровы.
КДК лічыць, што гэта можна вырашыць узмацненнем патрабаванняў да прыватных ветэрынараў: наракае, што індывідуальным прадпрымальнікам ці юрыдычным аобам не выстаўляюць патрабаванні да наяўнасці памяшканняў (акрамя складоў для ветэрынарных прэпаратаў), парадку аказання паслугаў, пратаколаў лекавання, метадычных рэкамендацыяў; няма рэестру ветэрынарных клінік і ветэрынараў, працэдураў ліцэнзіявання.
КДК прапанаваў ураду «навесці парадак»: прыняць захады ў «замацаванні» маладых спецыялістаў, актывізаваць працу дзяржаўных ветэрынарных клінік, сфармаваць рэестры ветэрынараў і клінік, прыняць парадак уключэння ў такі рэестр, распрацаваць патрабаванні да памяшканняў клінік і да аказання паслугаў, рэгуляваць цэны на паслугі.
Што будзе, калі зарэгуляваць прыватны сектар? КДК пра гэта не разважае.
Але разам з тым канстатуе: па-за сталіцай, абласнымі цэнтрамі і парай найбуйнейшых гарадоў дзяржаўныя ветэрынарныя клінікі могуць прапанаваць толькі найпрасцейшыя маніпуляцыі, лабараторныя даследаванні і лекаванне нескладаных хваробаў, а прыватныя клінікі ў буйных гарадах маюць добрае абсталяванне, нярэдка маюць нават стацыянары для хворых жывёлаў (у малых гарадах паслугі прыватных ветэрынарных клінік таксама абмежаваныя).
Што вырашылі ва ўрадзе
Савет міністраў 3 чэрвеня – праз тры дні пасля ліста з КДК – даў даручэнні Міністэрству сельскай гаспадаркі. Міністэрства праз пэўны час адсправаздачылася ў КДК (дата на лісце не пазначаная).
Дзеля «замацавання» маладых спецыялістаў, піша Мінсельгас, ужо дзейнічае шэраг указаў Аляксандра Лукашэнкі, як то даплаты маладым спецыялістам у першыя пяць галоў (0,46 базавай стаўкі ў першыя два гады, 0,69 у наступныя тры), права на льготныя крэдыты, адтэрміноўка ад прызыву ў войска. У снежні 2023 года яшчэ і ўвялі захаванне ўзроўню заробкаў з улікам даплатаў пасля 5 гадоў, павелічэнне даплатаў за працу ў непрацоўны час даплаты за кантракты на максімальны тэрмін, ніжнія межы заробкаў. Распрацоўвалі для Лукашэнкі ўказ аб павелічэнні даплатаў маладым спецыялістам з 0,46 базавай стаўкі да 1 базавай стаўкі (то бок, са 115 рублёў да 250), а кіраўнікам і спецыялістам, якія адпрацавалі два гады па размеркаванні, з 0,69 да 1,5 базавай стаўкі (са 172,5 да 375 рублёў).
Што да адукацыі, Мінсельгас адзначыў, што ўстановы адукацыі адсочваюць адпрацоўку маладых спецыялістаў і патрабуюць са спецыялістаў кампенсацыі пры недапрацоўцы вызначанага тэрміну. Кантрольныя лічбы прыёму на вучобу павялічваюць, а недабор на дзённую форму вышэйшай адукацыі склаў у 2023 годзе склаў толькі 127 чалавек, у чым вінавацяць «недапрацоўку замоўнікаў кадраў».
Адток кадраў у прыватны сектар Мінсельгас фактычна абвяргае. Піша, з размеркаваных у 2021 годзе 287 спецыялістаў з вышэйшай адкуацыяй і 504 з сярэдне-спецыяльнай у прыватныя клінікі перайшлі працаваць па сканчэнні размеркавання толькі 37 чалавек, яшчэ 6 чалавек сышлі падчас размеркавання.
Наконт актывізацыі працы дзяржаўных ветэрынарных клінік правялі нараду, вырашылі выдаткаваць з рэзервовага фонду Магілёўскага гарвыканкаму 180 тысяч рублёў Магілёўскай гарадской ветэрынарнай станцыі, прапанаваць іншым выканкамам разглядзець пытанне аб аналагічным скіраванні сродкаў.
Ліцэнзіяванне ветэрынарнай дзейнасці, скасаванае ў 2019 годзе ўказам Лукашэнкі, адзінагалосна вырашылі аднаўляць, патрабаванні да памяшканняў – выстаўляць. Пра адсутнасць нормаў і пратаколаў лекавання Мінсельгас паспрачаўся з КДК: усё ёсць. Цэны на ветэрынарныя паслугі вырашылі не рэгуляваць, бо спажывец можа выбіраць з шырокага спектру паслугаў і цэнаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu