2024 год адзначыўся адначасова ўзмацненнем рэпрэсіяў у дачыненні да пэўных катэгорыяў беларускага грамадства і хвалямі памілаванняў, падчас якіх былі вызваленыя 227 чалавек. Што гэта азначае? У якую гульню і навошта гуляюць беларускія ўлады? Пра што не варта забывацца, радуючыся выхаду вязняў на волю? Якія рэпрэсіўныя «трэнды» былі найбольш папулярнымі ў бягучым годзе? Шукаем адказы ў лічбах статыстыкі і размове з праваабаронцай Dissidentby Марынай Касінеравай.
Колькі палітвязняў?
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 28 снежня 2024 года ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 1253 чалавекі, з іх 165 жанчын.
Найбольш палітзняволеных знаходзіцца ў Гомельскай жаночай калоніі – 115 чалавек. На другім месцы – калонія №15 у Магілёве: там утрымліваецца 104 зняволеных паводле палітычных матываў. Замыкае тройку «лідараў» калонія №1 у Наваполацку з 87 палітвязнямі.
126 падазраваных паводле «палітычных» артыкулаў утрымліваюцца ў СІЗА. 2 – у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.
39 палітвязняў чакаюць на волі пачатку адбыцця пакарання.
78 чалавек асуджаныя да «хіміі» з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.
Паводле «Вясны», у Беларусі 2482 былыя палітвязні. Усяго ў спісе рэпрэсаваных разам з цяперашнімі і былымі палітвязнямі – 6541 чалавек.
Dissidentby называе крыху большую лічбу палітвязняў у Беларусі – 1407. З іх – 171 жанчына, тры няпоўнагадовыя дзіцяці. 24 чалавекі былі накіраваныя на прымусовае лячэнне. 1700 чалавек часткова ці цалкам адбылі свае тэрміны.
Агулам праваабаронцы Dissidentby зафіксавалі 7301 факт крымінальнага палітычнага пераследу па стане на 27 снежня 2024 года.
Самыя папулярныя артыкулы
Самы распаўсюджаны артыкул Крымінальнага кодэксу за апошнія 4 гады, паводле якога беларускія ўлады судзяць палітычных апанентаў – 342, частка 1-я («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»): паводле яго былі заведзеныя 3150 справаў, падлічыў Dissidentby. На другім месцы – арт. 369: «Абраза прадстаўніка ўлады» (1303 справы). Далей ідзе ч. 1 арт. 368 – «Абраза прэзідэнта» (1003 справы).

574 справы былі заведзеныя паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»), 275 – паводле арт. 364 («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных справаў»), 228 – паводле арт. 370 («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»), 184 – паводле ч. 1 арт. 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»), 177 – паводле ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), 172 – паводле ч. 2 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»), 158 – паводле ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў»).
Адміністратыўных справаў у базе Dissidentby – 39 726.
Гвалт і інкамунікада
32% апытаных праваабаронцамі Dissidentby палітвязняў скардзіліся на фізічны гвалт у калоніях. 26% казалі, што іх збівалі ў турме, 25% – што ў СІЗА, 43% зазналі гвалт у ІЧУ.
На псіхалагічны гвалт скардзіліся 98% вязняў у калоніях, 85% – у турмах, 58% – у СІЗА, 93% – у ІЧУ. 76% палітзняволеных распавядалі пра немагчымасць атрымаць медычную дапамогу ў калоніях, 74% мелі такія ж праблемы ў турме, 64% – у СІЗА, 86% – у ІЧУ.
У рэжыме інкамунікада (цалкам без сувязі з вонкавым светам) у зняволенні ўтрымліваюцца асуджаныя да вялікіх тэрмінаў палітвязні Мікалай Статкевіч, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабрыка, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Новікаў і Уладзімір Кніга. Марыі Калеснікавай пасля больш чым 600 дзён у рэжыме інкамунікада 12 лістапада 2024 года дазволілі сустрэчу з бацькам.
Колькі палітвязняў памерлі ў зняволенні?
Dissidentby фіксуе 24 ахвяры рэжыму з 2020 года.
У 2024 годзе ў зняволенні памерлі 4 палітвязні:
• 50-гадовы Вадзім Хараська. Адбыў у зняволенні 269 дзён. Быў асуджаны за данаты. Адбываў пакаранне ў ПК №3 «Віцьба». Меў шэраг захворванняў і вельмі хварэў у зняволенні. Афіцыйнай прычынай смерці стала пнеўманія. У лякарню Вадзіма даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць. Памёр 9 студзеня 2024 года.
• 63-гадовы Ігар Леднік. Адбыў у зняволенні 673 дня. Знаходзіўся ў ПК №2 у Бабруйску. Меў 2-ю групу інваліднасці. Памёр ад спынення сэрца ў лякарні 20 лютага 2024 года.
• 51-гадовы Аляксандр Кулініч. Правёў у зняволенні 40 дзён. Утрымліваўся ў СІЗА №7 у Берасці. Чакаў суду, які мусіў адбыцца 16 красавіка 2024 года. Аднак за тыдзень да яго, 9 красавіка, мужчына памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца.
• 22-гадовы Зміцер Шлетгаўэр. Правёў у зняволенні 248 дзён. Знаходзіўся ў СІЗА №7 у Берасці. Змітра накіравалі адбываць тэрмін у ПК № 15. Менш чым праз месяц пасля этапу, 11 кастрычніка яго знайшлі памерлым. Дакладная прычына смерці невядомая.
Пераслед журналістаў і людзей Слова

45 журналістаў і працаўнікоў медыяў па стане на 27 снежня знаходзяцца ў зняволенні, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гэта самая вялікая лічба з 2020 года. Для параўнання, па стане на канец 2023 года ў турме знаходзіліся 32 журналісты. Паводле нядаўняга даследавання «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь заняла чацвёртае месца ў свеце па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні.
Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, выступаючы на Форуме свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы адзначаў, што лічба зняволеных журналістаў, якая агучваецца, насамрэч няпоўная:
,,«Нам, і асабіста мне, дакладна вядома, што іх болей. Шмат хто перад затрыманнем, ці іхныя сваякі, просяць не агучваць гэтыя факты, ці там ператрус адбыўся, ці затрыманне. А яшчэ ёсць іхныя родныя, якія прайшлі праз допыты, іх папярэджваюць аб неразгалошванні і пагражаюць праблемамі. Мы не можам публічыць усё, што нам вядома, а яшчэ ёсць факты, якія нам невядомыя».
Журналістаў судзяць за здрадзу дзяржаве, заклікі да санкцыяў, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, дыскрэдытацыю Беларусі, удзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту, распальванне варожасці, стварэнне альбо ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.
Шасцёра журналістаў асуджаныя на 10 і больш гадоў.
Паводле Беларускага ПЭНу, па стане на 15 снежня 2024 года ў няволі знаходзіліся не менш за 39 Людзей Слова (літаратары, пісьменнікі, перакладчыкі, публіцысты і т.п.) і не менш за 175 культурных дзеячоў.
Завочныя суды і спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»
У 2024 годзе адбылося значнае павелічэнне палітычна матываваных крымінальных справаў, заведзеных у рамках спецыяльнага вядзення. Паводле праваабаронцаў «Вясны», сёлета такія справы былі распачатыя ў дачыненні 110 грамадзянаў Беларусі. Усе яны з’ехалі з краіны праз рэпрэсіі. Для параўнання, за чатыры месяцы 2022 годза было заведзена 17 завочных крымінальных справаў, за 2023 год – 18. Пад канвеер завочных судоў трапляюць палітыкі, грамадскія дзеячы, «каліноўцы», журналісты, праваабаронцы і іншыя сацыяльна актыўныя людзі.
Беларускія ўлады спрабуюць пераследаваць беларусаў за мяжой і праз міжнародныя базы вышуку і Інтэрпол. Так, за шэсць месяцаў у расейскай базе вышуку апынуліся 773 грамадзянаў Беларусі. 20 лістапада стала вядома пра экстрадыцыю з В’етнаму ў Беларусь былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка.
Штотыдзень у Беларусі папаўняюцца так званыя спісы «экстрэмістаў», «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх» матэрыялаў ды фармаванняў.
У Спісе асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці, цяпер амаль пяць тысяч чалавек, у «тэрарыстычным» – 1220 чалавек, сярод якіх больш за 500 – беларусы.
Барацьба з салідарнасцю

Сёлетні «трэнд» у рэпрэсіях, паводле праваабаронцы Dissidentby Марыны Касінеравай – імкненне ўладаў і сілавікоў задушыць беларускую салідарнасць з палітвязнямі. Першай праявай гэтай тэндэнцыі стаў рэйд па сваяках палітвязняў 23 – 24 студзеня 2024 года. Тады за атрыманне дапамогі, пераважна – у выглядзе прадуктаў харчавання, пад пераслед трапілі амаль 300 чалавек. Іх прымусілі заплаціць 218 тысяч рублёў кампенсацыі і 53 тысячы рублёў штрафаў.
«Гэта тое, пра што нам вядома», – падкрэслівае Марына Касінерава.
Чарговыя падобныя рэйды адбыліся напрыканцы кастрычніка – у пачатку лістапада і ў снежні бягучага года.
«У першым квартале 2024 года пад крымінальны пераслед трапілі людзі, якія з уласных грошай дапамагалі палітвязням, у тым ліку пенсіянеры. Іх абвінавацілі ў садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці, што яны нібыта падрываюць нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь, і адправілі за краты на 3 – 3,5 гадоў. Сілавікі шукаюць шляхі перадачы дапамогі ў Беларусь, і не могуць сабе ўявіць, што людзі могуць дапамагаць ад сябе, а не з грошай з-за мяжы. Гэты год стаў масавай атакай на салідарнасць», – кажа праваабаронца.
Вынікам такіх дзеянняў з боку ўладаў становіцца тое, што людзі баяцца прымаць дапамогу нават ад суседзяў, у іх з’яўляецца самацэнзура, яны лепш нічога не напішуць і не скажуць, абы не трапіць пад рызыку таго, што да іх прыйдуць з ператрусам. Акрамя таго, часам і самі затрыманыя, і іхныя сваякі не хочуць перадаваць звесткі пра пераслед праваабаронцам.
,,«Сілавікі распаўсюджваюць інфармацыю, што на тых, пра каго з’яўляюцца звесткі на праваабарончых сайтах і ў медыях, узмацняецца ціск. Кажуць, што ў некаторых калоніях, калі пра чалавека пішуць медыі, яго кідаюць у ШІЗА. Датычна статусу палітвязня, ніхто пакуль не пацвердзіў, што ён сапраўды ўплывае на змяненне стаўлення ў месцах зняволення. На жаль, на людзей гэта сапраўды дзейнічае і яны аддаюць перавагу маўчанню. Але важна памятаць, што ўзмацненне ціску за статус палітвязня – прыдуманы наратыў прапаганды. Людзі заўсёды могуць звяртацца па дапамогу – мы заўсёды ідзем насустрач, і знойдзем найлепшы спосаб індывідуальнай падтрымкі», – кажа Касінерава.
«Рэпрэсіі не змяншаюцца, сістэма навучылася іх хаваць»
Такімі запужваннямі ўлады спрабуюць зменшыць плынь інфармацыі, якая трапляе ў публічную прастору, каб рэпрэсіі заставаліся нікому не бачнымі, бо тады пра іх складана сведчыць на міжнародным узроўні, даваць адэкватную ацэнку таму, што адбываецца ў Беларусі, зазначае актывістка Dissidentby.
У гэтую логіку ўпісваецца знікненне «пакаяльных» відэа апошнім часам, праз якія праваабаронцы маглі ідэнтыфікаваць затрыманых.
«Сілавікі, суддзі не хочуць таксама, каб іхныя імёны ўсплывалі, не хочуць трапляць пад санкцыі, таму ўсё часцей імкнуцца пакінуць рэпэсіі ў максімальнай цішыні, каб пра іх ніхто не казаў – ні самі палітвязні, ні іхныя сваякі, ні праваабаронцы. Але рэпрэсіі не змяншаюцца, сістэма проста навучылася іх хаваць», – зазначае Марына.
Чарговая тэндэнцыя 2024 года – больш судоў па сур’ёзных артыкулах. Так, сёлета шмат людзей апынуліся за кратамі паводле арт. 357 КК РБ – «Здрада дзяржаве».
«Раней гэты артыкул быў даволі рэдкім, яго ўжывалі ў дачыненні да вайскоўцаў, службоўцаў. Цяпер жа – да самых розных людзей. І працэсы гэтыя амаль заўсёды закрытыя, таму да канца невядомая сутнасць абвінавачванняў. Часам пад гэты артыкул трапляюць цэлыя сем’і. Паводле яго судзяць тых, хто данаціў на ЗСУ, «рэйкавых партызанаў», – кажа праваабаронца.
Яшчэ адзін «папулярны» артыкул сёлета – 361-2: «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле яго судзяць за данаты. Таксама часта ўжываецца 361-4: «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» – паводле яго караюць за каментары ці нейкія кантакты з медыямі, прызнанымі дзяржавай «экстрэмісцкімі».
Навошта ўладам памілаванні?
Дагэтуль папулярны – «народны» артыкул 342 КК: «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», зазначае Марына Касінерава:
,,«Падчас пратэстаў было адзнята шмат відэа- і фотаматэрыялу, і сілавікі працягваюць ідэнтыфікаваць людзей. Ёсць выпадкі, калі людзі, якія ўжо адсядзелі па гэтым артыкуле, зноў трапляюць за краты паводле яго ж, бо знаходзяцца новыя эпізоды. Акрамя таго, часам артыкул 342 замяняюць на 293 – «Масавыя беспарадкі».
На другім месцы па папулярнасці – дыфамацыйныя артыкулы: «Знявага прэзідэнта» (арт. 368 КК РБ), «Абраза службовай асобы» (арт. 369 КК), «Абраза суддзі» (арт. 391 КК РБ), «Паклёп на прэзідэнта» (арт. 367 КК). Сілавікі дагэтуль шукаюць па ўсіх чатах выказванні пра Лукашэнку, міліцыянтаў, чыноўнікаў і т.п.
Нашая суразмоўца таксама згадвае пра яшчэ адзін «трэнд» гэтага года – павелічэнне спецыяльных вядзенняў і завочных судоў.
Адначасова з узмацненнем рэпрэсіяў, у 2024 годзе адбыліся 8 хваляў памілаванняў, падчас якіх былі вызваленыя 227 палітвязняў. Гэта можа быць звязана з блізкімі выбарамі, перад якімі трэба стварыць карцінку, мяркуе Марына Касінерава. Праваабаронца адзначае, што не трэба заплюшчваць вочы на тое, што адначасова людзей працягваюць затрымліваць і судзіць, і ўсё гэтак жа за краты трапляюць хворыя, інваліды, пенсіянеры, бацькі няпоўнагадовых дзяцей.
«Па сутнасці, нічога не змяняецца – шмат людзей застаюцца за кратамі. І гэта тое, з чым нам трэба працаваць», – падкрэслівае праваабаронца.
Пратэст у падполлі

Як працаваць – пытанне няпростае, кажа Марына:
,,«Цяпер не скажаш людзям у Беларусі, што трэба выходзіць на вуліцы – гэта нічога не дасць. Рэпрэсіі загналі беларускі пратэст у падпольны фармат. Напэўна, цяпер так і мусіць быць, каб лішні раз не трапіць пад пераслед. Няма сэнсу выходзіць з плакатам на вуліцу і адразу сесці. Больш важна навязваць сувязі паміж сабой, салідарызавацца, дапамагаць адзін аднаму».
Тым жа, хто за мяжой і ў бяспецы, трэба прэзентаваць інтарэсы беларусаў на міжнароднай арэне, ствараць супольнасці, стратэгіі, і ўвесь час актуалізаваць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі міжнародным партнёрам.
Вынікі працы беларускіх дыяспараў за мяжой ужо ёсць, зазначае Касінерава. Гэта справы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, рашэнні ААН па парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне, персанальныя санкцыі супраць асобаў, датычных да рэпрэсіяў.
«Але на фоне іншых падзеяў у свеце нам трэба рабіць так, каб пра Беларусь не забываліся, казаць увесь час пра маштаб рэпрэсіяў супраць мірнага насельніцтва. Не трэба спыняцца, мы ўсе разам мусім працаваць у кірунку дэмакратычнай Беларусі», – рэзюмуе праваабаронца.
Ганна Ганчар belsat.eu