Паводле Дзяржаўнага сакратара, санкцыі на Іванішвілі наклалі за «падрыў дэмакратычнай і еўраатлантычнай будучыні Грузіі». ЗША лічыць, што цяперашнія жорсткія рэпрэсіі «Грузінская мара» чыніць пад ягоным кіраўніцтвам.
Офіс кантролю замежных актываў Дэпартаменту казначэйства (Міністэрства фінансаў) Злучаных Штатаў 27 снежня ўнёс у санкцыйны спіс грузінскага бізнесоўцу і палітыка Бідзіну Іванішвілі – заснавальніка і ганаровага старшыню кіроўнай партыі «Грузінская мара», якога называюць найбагацейшым чалавекам Грузіі (паводле «Forbes», ягонае багацце складае 4,9 млрд долараў).
Як растлумачыў у заяве для прэсы Дзяржаўны сакратар (міністр замежных справаў) ЗША Энтані Блінкен, Іванішвілі трапіў пад санкцыі «за падрыў дэмакратычнай і еўраатлантычнай будучыні Грузіі на карысць Расейскай Федэрацыі».
Іванішвілі і «Грузінскую мару», паводле Блінкена, «разбурылі дэмакратычныя інстытуты, зрабілі магчымым парушэнні правоў чалавека і стрымлівалі ажыццяўленне асноўных свабодаў у Грузіі», а Грузію зрабілі «безабароннай перад Расеяй, якая працягвае акупаваць больш за 20 % тэрыторыі Грузіі».
ЗША, паведаміў Блінкен, асуджаюць дзеянні «Грузінскай мары» пад кіраўніцтвам Іванішвілі, у тым ліку працяглыя жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянаў Грузіі, пратэстоўцаў, прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў і дзеячаў апазіцыі.
У пачатку снежня супраць Іванішвілі ўвяла санкцыі Украіна, а Літва, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд Іванішвілі і шэрагу грузінскіх чыноўнікаў.
Масавыя пратэсты ў Грузіі трывалі з перапынкамі з вясны 2023 года – яны пачаліся як пратэсты супраць закону аб «замежных агентах». Новая хваля пратэстаў пачалася пасля парламенцкіх выбараў у кастрычніку 2024 года – гэтыя выбары многія ў Грузіі і за ейнымі межамі палічылі сфальсіфікаванымі.
Улады адказалі на пратэсты гвалтам і рэпрэсіямі. Цяпер пагражаюць турмой і ахвярамі прэзідэнтцы, якая адмаўляецца пакідаць пасаду.
Алесь Наваборскі belsat.eu