навіны

Як Лукашэнка фальсіфікуе выбары? Справаздача BELPOL

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інфармацыя аб  выбарах-2025 на будынку БДПУ ў Менску, Беларусь.13 снежня 2024 года. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інфармацыя аб выбарах-2025 на будынку БДПУ ў Менску, Беларусь.13 снежня 2024 года. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Ініцыятыва BELPOL прэзентавала справаздачу, як рэжым Лукашэнкі фальсіфікаваў і працягвае фальсіфікаваць выбары ў Беларусі. Маўляў, галоўную ролю ў фальшаванні вынікаў галасавання адыгрывае так званая тройка: старшыня камісіі, ягоны намеснік і сакратар. Паводле падлікаў BELPOL, ажно 97 % асобаў у складзе сёлетніх троек маюць досвед фальсіфікацыяў з папярэдніх выбараў.

Гэтую справаздачу пра фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ініцыятыва BELPOL ужо не раз прэзентавала на закрытых сустрэчах у розных краінах свету. Цяпер жа яна трапіла ў рукі грамадскасці. З дакладу мы можам даведацца, якім чынам рэжым Лукашэнкі фальсіфікуе выбары ў Беларусі і якія парушэнні заканадаўства падчас выбарчай кампаніі 2025 года ўжо выявіў BELPOL.

Паводле дакладу, сістэма незаконнага ўтрымання ўлады ў Беларусі трымаецца на ліквідацыі з выбарчай гонкі патэнцыйна моцных супернікаў, стварэнні эксклюзіўных умоваў для Аляксандра Лукашэнкі, поўнага кантролю выбарчых камісіяў і абмежавання правоў назіральнікаў.

,,

«Выбараў няма і тут нават казаць пра нейкія фальсіфікацыі сэнсу вялікага няма, проста выбараў няма. Усё, што адбываецца, – гэта бутафорыя, гэта тэатральная пастаноўка, гэта спроба перагарнуць так званую старонку», – кажа Уладзімір Жыгар.


Галоўная роля ў справе фальсіфікацыі кладзецца на так званую тройку: старшыню камісіі, ягонага намесніка і сакратара. Паводле BELPOL, не зважаючы на спосаб падліку галасоў, яны падаюць у Цэнтральную камісію тыя вынікі, што неабходна падаць.

«Больш за 95 % – гэта фальсіфікатары са стажам, але нават пры гэтым рэжым усё роўна займаўся поўнай праверкай прадстаўнікоў Цэнтральнай выбарчай камісіі сіламі спецслужбаў: КДБ і таксама далучалася да гэтага МУС», – тлумачыць Уладзімір Жыгар.


Што да сёлетняй выбарчай кампаніі, BELPOL робіць выснову, што ў ёй увогуле няма кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі, а тыя, што ёсць, «цалкам падкантрольныя Лукашэнку». 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусь. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2024 года. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусь. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2024 года. Фота: sb.by

У якасці кандыдатаў на прэзідэнта, акрамя Лукашэнкі, Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў Алега Гайдукевіча, Ганну Канапацкую, Аляксандра Хіжняка і Сяргея Сыранкова.

«Гэта не ёсць альтэрнатыва. Ні персальная, ні праграмная. Я бы хутчэй назваў гэта давераныя асобы Лукашэнкі, бо па асноўных пытаннях яны падтрымліваюць Лукашэнку, а значыць тую сістэму і тую палітыку, якая праводзіцца»,
– кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Незалежнага назірання на выбарах прэзідэнта 2025-га года ўвогуле не будзе, зазначаюць у дакладзе. Гэта значыць, што дэмакратычныя партыі і арганізацыі не вылучаюць сваіх сябраў у якасці назіральнікаў на выбары.

,,

«Сёлета ні мы, ні праваабаронцы не заклікаем, каб людзі ў Беларусі шлі і акрэдытаваліся пры гэтых камісіях і адказ таму вельмі просты: бо зараз гэта небяспечна. Мы ведаем, што назіральнікаў у 2020 годзе праз некалькі месяцаў пачалі рэпрэсаваць, прыходзіць з вобшукамі, арыштоўваць», – тлумачыць Цімафей Малахоўскі з арганізацыі «Сумленныя людзі».


Місію назіраць за выбарамі «Сумленныя людзі» ды іншыя арганізацыі ўсклалі на сябе. Хаця з-за мяжы гэта зрабіць будзе вельмі няпроста.

«Менш грамадзянаў Беларусі тых, хто не з'яўляецца аўдыторыяй «Белсату» ці іншых незалежных медыяў, яны атрымаюць менш інфармацыі пра тое, як адбываецца кампанія, бо прапаганда нарошчвае свае ахопы і да часткі грамадзянаў мы проста не можам дагрукацца, кажучы, што гэтыя выбары проста несумленныя», – працягвае Цімафей Малахоўскі.


Сёлетнюю выбарчую кампанію Лукашэнкі шмат якія інстытуцыі, сярод якіх міжнародны камітэт парламенту Чэхіі ды дакладнікі аб Беларусі пры Еўрапейскім парламенце, ужо назвалі імітацыяй і кампаніяй, якая не адпавядае стандартам АБСЕ.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Аліна Скрабунова, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10