Ад 1 студзеня Польшча індэксуе выплаты замежнікам, якія праходзяць індывідуальную праграму інтэграцыі.
Рада міністраў Польшчы выдала распараджэнне, згодна якому павялічацца выплаты для замежнікаў, якія праходзяць праграму інтэграцыі, звярнуў увагу «Most».
Ад 1 студзеня 2025 года мінімальная выплата павялічыцца з 721 злотых на месяц да 950, максімальная – з 1450 да 1679. То значыць, на месяц можна будзе атрымліваць ад 232 да 410 долараў паводле цяперашняга курсу. Мінімальны заробак «чыстымі» ў гэты час будзе складаць 3511 злотых.
Гэтыя выплаты – для ўдзельнікаў індывідуальнай праграмы інтэграцыі (IPI). Ёй могуць скарыстацца замежнікі, якія атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону (статус уцекача або дадатковую абарону), а таксама чальцы іхных сем’яў. Каб далучыцца да праграмы, трэба звярнуцца ў цэнтр сацыяльнай дапамогі па месцы жыхарства ў першыя 60 дзён з атрымання міжнароднай абароны. Працягласць праграмы – 1 год.
На дадатак да гэтай выплаты ўдзельнік праграмы можа разлічваць на кампенсацыю выдаткаў на пражыванне і на вывучэнне польскай мовы.
Беларусаў у Польшчы ўсё больш
З 2019 года колькасць беларусаў у Польшчы павялічылася ў пяць разоў. З 2021 года больш за 240 тысяч грамадзянаў Беларусі падалі дакументы на атрыманне дазволу на перабыванне ў Польшчы. І за першую палову 2024 года легалізаваных беларусаў у Польшчы стала на 10 % больш. Польшча сярод іншага прапануе грамадзянам Беларусі атрымаць падарожны дакумент («замяняльнік пашпарту») паводле спрошчанай працэдуры – гэтую працэдуру маюць працягнуць прынамсі да 30 чэрвеня 2025 года.
Цягам 2024 года карту паляка атрымалі каля 9 тысяч беларусаў, расказалі «Медыязоне» ў прэс-службе Міністэрства замежных справаў Польшчы. Гэты дакумент – пасведчанне этнічнай і культурнай сувязі з Польшчай, якое не роўнае віду на жыхарства, але сярод іншага спрашчае атрыманне нацыянальнай візы, наступную легалізацыю і працу ў Польшчы. Улады Беларусі лічаць карту паляка «пагрозаю нацыянальнай бяспецы», пагражаюць выкрытым уладальнікам карты і патрабуюць адмаўляцца ад яе.
Алесь Наваборскі belsat.eu