«Давайце перажывем 26 студзеня, а там будзе відаць». Такія словы ўсё часцей даводзіцца чуць ад тых, хто жыве ў Беларусі. Пракаціўся хапун у мястэчку: «Гэта да выбараў, напэўна». Прывезлі ў суды дзясяткі людзей: «Ну дык хутка ж выбары». Як гэта звязана з выбарамі, калі ўсе ад малога да вялікага ведаюць, што чарговы раз усё роўна ніякіх выбараў не будзе, ніхто толкам растлумачыць не можа. Шмат якія аналітыкі выбіраюць увогуле не закранаць тэмы выбараў, а абмяркоўваюць, чаго чакаць грамадству пасля гэтай даты.
Гэтыя сёмыя паводле ліку «выбары» ў параўнанні з усімі папярэднімі выглядаюць зусім маркотна. Інтрыгі няма ніякай. У спісе разам з галоўным кандыдатам адныя спарынг-партнёры. Цішыня на балотах. Гэтую цішыню толькі перыядычна парушаюць трансляцыі нейкіх сустрэчаў з выбарнікамі ў рэгіёнах. Ніхто ўжо не абяцае справядлівых заробкаў, жыллёвых крэдытаў, увогуле нічога не абяцае. Галоўны лозунг гэтай кампаніі: выбірайце мяне, а то горш будзе. А куды яшчэ горш? І што значыць – выбірайце? Вырасла пакаленне, якое ніколі ў вочы не бачыла ў краіне выбараў, калі кагосьці выбіралі. Самае галоўнае, што пра рэпрэсіі не сказана ні слова. Як доўга давядзецца жыць, прыслухоўваючыся да крокаў на лесвіцы, народу не сказалі. Усе разумеюць, што ніякіх узрушэнняў 26 студзеня не адбудзецца, але ўсё роўна спадзяюцца, што пасля гэтай даты будзе спакайней. Можа, таму што трэба ж на нешта спадзявацца.
Каму могуць быць цікавыя спарынг-партнёры? Каму могуць быць цікавыя іхныя рэгістрацыя, праграмы, зборы подпісаў? Каму могуць быць цікавыя іхныя размовы з выбарнікамі? Нікому. Парадокс заключаецца ў тым, што пры ўсёй гэтай абыякавасці з боку народу чарговая кампанія зможа пахваліцца высокай яўкай. Людзям трэба выжыць у гэтых жудасных умовах. Каб не было праблемаў з боку ўладаў, пойдуць на выбарчыя ўчасткі і пазначацца ў спісах рэгістрацыі. Маўляў, быў, не ігнараваў, адабрамс. Бо сёння паспрабуй не пайдзі. Яшчэ расцэняць як байкот. А каму гэта трэба? Флэш-моб з чыноўнікамі «Трэба» – гэта адно, а тут зусім іншае. Трэба пайсці, каб не мець праблемаў. А там хоць кідай бюлетэнь у скрыню, хоць не кідай – гэта ні на што не паўплывае. Гэтым разам пенсіянеры, якія не працуюць, могуць дазволіць сабе такую радасць, як застацца ўдома або заняцца чымсьці цікавейшым за паход на ўчастак у суседнюю школу. Вось ім якраз нічога за гэта не будзе. Праўда, у іх і так асабліва нічога няма, дый далей не будзе.
ЦВК інфармуе, што з 1 да 25 студзеня пройдзе перадвыбарчая агітацыя і інфармаванне выбарнікаў. А з 21 да 25 студзеня – датэрміновае галасаванне. Дык што? Скажуць ісці на датэрміновае – значыць, трэба ісці. Якая розніца? Якія ўсё ж такі на рэдкасць ціхія і незаўважныя гэтыя выбары-2025! Мне гэта нагадвае савецкія часы, калі на платах і будынках віселі плакаты «Даеш пяцігодку за тры гады!». Хто дае, дзе дае, навошта за тры, чаму не за год ці чатыры гады – якая розніца? Едзеш сабе ў тралейбусе, чытаеш лозунгі на плакатах, лічыш вокны ў дамах, чытаеш дзяржнумары на аўтах і разумееш, што гэта нічога не мяняе. Нічога. Зусім.
Таталітарызм – ён такі. Татальны кантроль. Няма грамадзянскай супольнасці. Няма свабоды слова. Няма ніякага вальнадумства. Толькі чыноўнікі, як жабы на балотах, пакрэктваюць зрэдку: «Трэба!» Каму трэба? Нікому нічога не трэба! У нас усё ёсць! Дзякуй вялікаму правадыру! Нічога не трэба.

Разам з Лукашэнкам у бюлетэнях яшчэ Алег Гайдукевіч, Ганна Канапацкая, Сяргей Сыранкоў і Аляксандр Хіжняк. Шмат хто бачыў фота Канапацкай, якое яна некалі змясціла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Там яна ў лазні. З адзежы толькі будзёнаўка на галаве, ну і венік прыкрывае інтымныя часткі. Памятаю, як яна ў пазамінулую кампанію з паламанай нагой насілася па пад'ездзе і агітавала ісці на выбары. Цяпер нібыта з нагамі ў яе ўсё ў парадку. Наконт астатніх частак арганізма не ведаю. Але ведаю дакладна, што сёння ёй няма ніякага сэнсу бегаць па лесвічных маршах. Бо няма ніякага сэнсу некага агітаваць. Каму трэба, той і без агітацыі сходзіць на ўчастак, каб пазбегчы непрыемнасцяў. Астатніх ніякая Канапацкая – хоць у будзёнаўцы, хоць зусім голая з венікам ці без веніка, хоць у гіпсе, хоць без гіпсу – не ўгаворыць.
Наперадзе Новы год. Людзі купляюць падарункі сваім блізкім. А кандыдаты… Ці запомняць людзі іхныя імёны, калі ўсе яны не будуць на фотаздымках голыя ў будзёнаўках, з венікамі ці без? Шкада, што нельга правесці такі эксперымент. Можа і заўважылі б гэтыя выбары, маўляў, бачыў я таго Сыранкова. Стаяў ён голы ў лазні і венікам прыкрываўся. Праграма ў яго якая? А хто яе ведае... А венік быў добры, бярозавы.
Любоў Лунёва belsat.eu