Суд Воршы і Аршанскага раёну 9 студзеня мае разглядзець справу аб «Вырабе і распаўсюдзе парнаграфіі» (ч.1 арт. 343 КК РБ) супраць кагосьці Алега Уладзіміравіча Плаксіцкага. Так зваць аршанскага праваслаўнага святара, які ўжо трапляў у скандал з арганізацыяй паездак дзяцей да расейскіх неанацыстаў.
На знаёмае імя ў раскладзе судоў звярнула ўвагу «Хрысціянская візія». Алег Плаксіцкі – настаяцель і штатны іярэй храму Раства Прасвятой Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі раён) і храму Арханёла Міхала ў Воршы.
Яшчэ нядаўна святар быў на волі: 12 снежня праводзіў экскурсію для 6-класнікаў па аршанскім храме. З таго часу звестак пра яго не з’яўлялася. На сваю старонку ў «Аднакласніках» Плаксіцкі апошні раз заходзіў 21 снежня.
«Хрысціянская візія» адзначае: на старонках Плаксіцкага ў сацсетках нямала публікацыяў у падтрымку Расеі і расейскага нападу на Украіну.
У 2016 годзе Плаксіцкі быў адным з фігурантаў скандалу: беларускіх школьнікаў вазілі ў летнік расейскіх неанацысцкіх груповак «Русіч» і «E.N.O.T.», дзе баевікі (у тым ліку ўжо тады сумнавядомы Аляксей Мільчакоў) ладзілі дзецям заняткі ў вайсковай падрыхтоўцы і выхоўвалі ў духу «ўзнаўлення рускага народу агнём і мячом».
Паездку ладзілі Талачынскае «Праваслаўнае ваенна-патрыятычнае братэрства імя святых благаверных князёў Барыса і Глеба прыходу храму Увядзення ва храм Прасвятой Багародзіцы», «казацкі» клуб «Вароты Паазер'я» (афіцыйна – каманда віцебскага Палаца творчасці дзяцей і моладзі), друцкі «Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб імя Арханёла Міхаіла», а таксама ваенна-патрыятычны клуб «Школа выжывання» пры віцебскай арганізацыі афганцаў «Братэрства».
Гэтымі арганізацыямі кіравала сямейная пара: Таццяна і Міхаіл Гаўрыліны, разам з якімі «выхаваннем» дзяцей займаліся Алег Плаксіцкі і «казак» Аляксандр Шаўчэнка, разам яны займаліся «патрыятычным выхаваннем» беларускіх дзяцей прынамсі з 2013 года. Пры чым Плаксіцкі публікаваў відэа заняткаў у вайсковай падрыхтоўцы на цяпер выдаленым Youtube-канале.
Алесь Наваборскі belsat.eu