Групу з двух фінансавых кансультантаў і начальніка кантрольнага ўпраўлення Міністэрства падаткаў і збораў будуць судзіць за дачу хабару і атрыманне хабару. Імаверна, чыноўнік гэты хабар атрымліваў.
Колішні начальнік кантрольнага ўпраўлення Міністэрства падаткаў і збораў Андрэй Сідарчук фігуруе ў крымінальнай справе, суд паводле якой мае пачацца 17 студзеня 2025 года, звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Разам з ім маюць судзіць фінансавых кансультантаў Міхаіла Стэльмаха і Марыну Бабкевіч. Першы – кансультант у пытаннях камерцыйнай дзейнасці і кіравання, другая – у абкладанні падаткамі. На думку «Нашай Нівы», гэтыя дзве асобы давалі хабар, а Сідарчук атрымліваў.
Аднак афіцыйна вядома толькі, што сярод абвінавачванняў усёй групе ёсць ч. 2 і ч. 3 арт. 430 КК («Атрыманне хабару») і ч. 1 і ч. 3 арт. 431 КК («Дача хабару»). У першым выпадку хтосьці атрымаў хабар або паўторна, або шляхам вымагання, або групай асобаў, або ў буйным памеры (ч. 2), а таксама або быў асуджаны раней за хабар, або атрымаў хабар у асабліва буйным памеры, або арганізаванай групай, або будучы на адказнай пасадзе (ч. 3). У другім выпадку хабар або давалі ў асабліва буйным памеры, або яго давала асоба, раней асуджаная за хабар.
Асабліва буйным памерам лічыцца ад 1000 базавых велічыняў – на 2024 год гэта 40 тысяч рублёў.
Сідарчук доўгі час працаваў у Міністэрстве падаткаў і збораў, прынамсі з 2019 года ўзначальваў галоўнае ўпраўленне арганізацыі кантрольнай дзейнасці, якое мусіла кантраляваць падатковыя правяранні і абыход падатковага заканадаўства. Як адзначае «Наша Ніва», яшчэ ў 2023 годзе чыноўнік быў на штогадовым выступе Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі, а знік пасля лютага 2024-га.
Алесь Наваборскі belsat.eu