Канец года – час падводзіць яго вынікі. Што і зробім у праграме «Лукавыя навіны»:
Уладзімір Пуцін гэта зрабіў яшчэ ў снежні на сваёй прамой лініі, якую так і назвалі «Вынікі года з Уладзімірам Пуціным». Мы ж зоймемся гэтым зараз. Вось толькі за аснову нашага аналізу возьмем не той стос абяцанняў, якімі Пуцін заваліў расейцаў у канцы 2024-га. Мы ўзгадаем, што Пуцін абяцаў расейцам у траўні на сваёй пятай інаўгурацыі. І адным з галоўных яго абяцанняў пры ўступленні ў чарговы раз на пасаду было зрабіць ветэранаў і ўдзельнікаў вайны ва Украіне новай расейскай элітай.
Тады ж ён абвесціў аб адкрыцці спецыяльнай кадравай праграмы для такіх людзей – «Час герояў». Прыняць у ёй удзел, паводле заявы Пуціна, можа любы вайсковец або ветэран з вышэйшай адукацыяй і досведам кіравання. Незалежна ад звання і пасады.
А цяпер удумайцеся: з 45-ці або 44-х тысяч заяў ад расейскіх вайскоўцаў прынялі для праходжання праграмы толькі 83. Гэта 0,2 %. І калі яны ўжо адкрылі другі набор – лагічна, што ўсе астатнія дзясяткі тысяч заяў пад гэтую праграму проста не падыходзяць. Пуцін у сваіх прыгожых прамовах казаў пра ўсіх расейскіх вайскоўцаў.
belsat.eu / МВ