навіны

Азербайджан запатрабаваў кампенсацыі за збіты самалёт, Расея апраўдваецца атакай беспілотнікаў

Месца катастрофы самалёта «Embraer-190» авіякампаніі «Azerbaijan Airlines»
Месца катастрофы самалёта «Embraer-190» авіякампаніі «Azerbaijan Airlines». Блізу Актаў, Казахстан. 25 снежня 2024 года. Фота: Gov.kz
podpis źródła zdjęcia

Крэмль ухіляецца ад адказу на патрабаванні Азербайджану, але «Росавиация» пачынае даваць тлумачэнні. Азербайджан тым часам адмаўляецца ад дапамогі для пацярпелых ад Чачэніі, а патрабуе менавіта кампенсацыі і перапрашэння.

Месца катастрофы самалёта «Embraer-190» авіякампаніі «Azerbaijan Airlines». Фота: 112 KZ / Telegram

Усё сведчыць пра тое, што ў самалёт рэйсу Баку – Грозны трапіла зенітная ракета

навіны

Самалёт «Embraer E190» (рэйс J2-8243) авіякампаніі «Azerbaijan Airlines» 25 снежня разбіўся блізу аэрапорту Актаў, што ў Казахстане. Пры спробе аварыйнай пасадкі самалёт урэзаўся ў зямлю і выбухнуў. На борце былі 67 чалавек: выжылі 29, загінулі 38 асобаў. Самалёт ляцеў з Баку ў Грозны, над тэрыторыяй Расеі з ім здарылася штосьці, што пакінула на борце сляды, як ад шрапнелі.


Найбольш імаверная версія, што самалёт быў збіты зенітнай ракетай расейскай супрацьпаветранай абароны. Паводле крыніцаў «Reuters», асноўная версія расследавання цяпер звязаная з тым, што па самалёце ўдарыў расейскі зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С», а сувязь самалёта «была паралізаваная» сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы.


На найвышэйшым узроўні і публічна Азербайджан яшчэ не ўскладваў адказнасці на Расею. Але азербайджанскі дэпутат запатрабаваў ад Расеі кампенсацыі і перапрашэння за збіты самалёт. А ў Адміністрацыі кіраўніка Азербайджану, паводле крыніцы Day.az, адмовіліся прымаць ад Чачэніі дапамогу для пацярпелых і сем’яў загінулых, бо «Азербайджан патрабуе прызнання факту, перапрашэння і выплаты адпаведных кампенсацыяў».


Сваё расследаванне вядзе Казахстан, на тэрыторыі якога ўпаў самалёт.


Расея не прызнае, што самалёт быў збіты: прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў 27 снежня заявіў, што Крэмль «у курсе» абвінавачванняў з боку Азербайджану, але «не мае права даваць ацэнак» да завяршэння расследавання».


Тым часам кіраўнік «Росавиации» Дзмітрый Ядраў пацвердзіў, што ў момант, калі самалёт спрабаваў зайсці ў Грозным на пасадку, у аэрапорце ўводзілі спецыяльны рэжым, звязаны з атакай украінскіх беспілотнікаў на аб’екты ў Грозным і Уладзікаўказе. На дадатак, паводле чыноўніка, у ваколіцах аэрапорту быў шчыльны туман. Ядраў заявіў, што экіпажу прапаноўвалі іншыя аэрапорты ў Расеі, але той сам пастанавіў ляцець у аэрапорт Актаў. А вось паводле звестак «Euronews», самалёту не дазволілі пасадку ў расейскіх аэрапортах.


Сярод магчымых прычынаў авіякатастрофы розныя крыніцы спачатку называлі выбух кіслароднага балона на борце (паводле казахскага выдання «Orda», такая інфармацыя паступіла ад дыспетчарскай службы аэрапорту ў расейскім Растове-на-Доне) і сутыкненне з птушкамі (паводле звязанага з расейскімі сілавікамі ананімнага Telegram-каналу, пра гэта нібыта казалі дыспетчарам пілоты).


Азербайджанская авіякампанія прыпыніла палёты на поўдзень Расеі на падставе папярэдніх вынікаў расследавання авіякатастрофы, якія паказалі «вонкавае фізічнае і тэхнічнае ўмяшанне». Следам казахская кампанія «Qazaq Air» прыпыніла палёты з Астаны ў Екацярынбург, спаслаўшыся на «ацэнку рызыкаў».


Абноўлена. Міністр транспарту Азербайджану Рашад Набіеў заявіў, што паказанні сведкаў і сляды на аскепках самалёта сведчаць аб вонкавых прычынах авіякатастрофы: пасажыры бортправаднікі чулі выбухі звонку, калі самалёт пралятаў над Грозным, на крыле самалёта відаць прабоіны, у фюзеляжы – пашкоджанні ад розных рэжучых прадметаў, у людзей у самалёце былі адпаведныя траўмы. Цяпер следства высвятляе, з якой менавіта зброі быў абстраляны самалёт, ці глушылі навігацыю і ці давалі пілотам дазвол на пасадку ў Расеі.


На шматлікіх здымках самалёта пасля аварыі відаць характэрныя для выбуху ракеты сляды. Адзін з аўтараў фотаздымкаў з месца катастрофы самалёта ў Актаў, якімі цяпер карыстаюцца ўсе сусветныя медыі, быў арыштаваны ў Казахстане.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10