27 снежня міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс абмеркаваў з лідаркай дэмакратычнай Беларусі Святланай Ціханоўскай сітуацыю ў нашай краіне, узмацненне палітычных рэпрэсіяў, вайсковую дзейнасць Расеі, уплыў Кітаю ў краіне і падтрыманне Літвой беларускіх дэмакратычных сілаў.
«Дэмакратычная і мірная суседняя Беларусь ёсць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы, таму 19-ы ўрад Літвы працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі. Мы паклапоцімся пра тое, каб беларусы, якія атрымалі часовы прытулак у Літве, пачуваліся бяспечна і мелі магчымасць працаваць на дэмакратызацыю сваёй краіны», – падкрэсліў кіраўнік літоўскай дыпламатыі, заявілі ў МЗС.
Міністр абмеркаваў са Святланай Ціханоўскай дзейнасць беларускіх дэмакратычных сілаў і запэўніў, што Літва і надалей будзе паслядоўна іх падтрымліваць. Кястуціс Будрыс таксама падкрэсліў, што важна забяспечыць адпаведную рэакцыю міжнароднай супольнасці «падзею для пераабрання А. Лукашэнкі, арганізаванае рэжымам». Кіраўнік літоўскай дыпламатыі падкрэсліў, што Літва ўздымала пытанне Беларусі на Радзе замежных справаў ЕЗ, якая прайшла ў Бруселі ў снежні, і падыме яго таксама ў студзені.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся размяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусі, пытанні абыходу санкцыяў, рост уплыву Кітаю. На думку Будрыса, важна прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да таго, што адбываецца ў Беларусі, спрыяць падтрыманню дэмакратычных сілаў і працягнуць палітыку санкцыяў супраць уладаў Лукашэнкі.
,,«Нам трэба гучна казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі: пра неаслабны цыкл рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі, падтрыманне ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, партнёрства з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй. Працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, будуць мець наступствы не толькі для Літвы, але і для ўсёй Еўропы і архітэктуры міжнароднай бяспекі», – заявіў міністр замежных справаў Літвы.
На пачатку 2024 года Будрыс, які на той момант займаў пасаду галоўнага дарадцы прэзідэнта Літвы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, сказаў «Белсату», што Літва не лічыць усіх беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы», але мае шмат падставаў непакоіцца і хоча змагацца з пагрозамі на раннім этапе. Паводле палітыка, Літва бачыць шырокі спектр пагрозаў і рызыкаў з боку Беларусі, нашая краіна цяпер ёсць для Літвы галоўнаю крыніцаю гібрыдных пагрозаў і дзеянняў.
Якуб Хруст belsat.eu