навіны

Крэмль не плануе перапрашаць Баку за самалёт, а Баку адмаўляецца ад расейскіх грошай

Крэмль. Фота: Бурдов Михаил / Wikimedia
Крэмль. Фота: Бурдов Михаил / Wikimedia
podpis źródła zdjęcia

Улады Азербайджану настойваюць на тым, што Расеі неабходна перапрасіць за паражэнне азербайджанскага пасажырскага самалёта над Чачэніяй. Але ў Маскве гэтага рабіць не збіраюцца.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў 27 снежня заявіў, што ў Крамлі бачылі заявы з Баку пра тое, што Расея павінна папрасіць прабачэння за траплянне сродкаў СПА ў азербайджанскі самалёт, але не збіраюцца «даваць нейкія ацэнкі» да сканчэння расследавання.

«Безумоўна, бачылі, але яшчэ раз паўтараю: мне няма чаго дадаць да таго, што я ўжо сказаў», – зазначыў Пяскоў адносна заявы азербайджанскага дэпутата Расіма Мусабэкава.

Азербайджану не трэба грошай – трэба толькі перапрашэнне

Улады Чачэніі напярэдадні паведамлялі пра тое, што на даручэнне Рамзана Кадырава гатовыя аказаць фінансавую і іншую дапамогу ўсім сем’ям загінулых і пацярпелых у авіякатастрофе. Але выданню Day.Az у Адміністрацыі прэзідэнта Азербайджану заявілі, што краіна не мае патрэбы ў якой-кольвек дапамозе і не прыме яе.

,,

«Азербайджан не мае патрэбы ў ніякай дапамозе. Ні дзяржава, ні грамадзяне не прымуць такой дапамогі. Мы надаем і будзем надаваць неабходную дапамогу сваім грамадзянам. Азербайджан патрабуе прызнання факту, перапрашэння і выплаты адпаведных кампенсацыяў», – паведаміла крыніца ў Адміністрацыі прэзідэнта краіны.


Самалёты не ляцяць у Расею

Тым часам усё больш замежных кампаніяў спыняе палёты ў Расею. Да азербайджанскай «AZAL» і ізраільскай «EL Al» цяпер далучылася і казахская «QAZAQ AIR». Яна скасавала рэйсы ў Екацярынбург з 28 снежня 2024 года да 27 студзеня 2025 года «для гарантавання бяспекі пасажыраў і чальцоў экіпажу».

Нагадаем, у выніку аварыі самалёта 25 снежня загінулі 38 асобаў, 29 ацалелі і атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Самалёт, які ляцеў з Баку ў Грозны, зрабіў некалькі колаў над аэрапортам прызначэння, калі там спрабавалі збіць беспілотнікі, а пасля абвясціў аварыйную сітуацыю і скіраваўся ў казахскі горад Актаў, што на іншым баку Каспійскага мора, для пільнай пасадкі.

На відэа на фюзеляжы самалёта можна заўважыць адтуліны, падобныя да тых, што застаюцца пасля абстрэлаў. Ёсць меркаванні, што гэта можа быць вынікам абстрэлу з зенітнага ракетнага комплексу падчас збіцця дронаў, якія атакавалі Грозны.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10