Федэральны прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер распусціў парламент у адказ на запыт федэральнага канцлера Оляфа Шольца. Штайнмаер прызначыў новую дату выбараў у Бундэстаг на 23 лютага.
«У такі складаны час, як цяпер, для забеспячэння стабільнасці патрабуецца дзеяздольны ўрад і надзейная большасць у парламенце», – цытуе прэзідэнта DW.
16 снежня нямецкі парламент не выказаў даверу Оляфу Шольцу пасля распаду кіроўнай «святлафорнай кааліцыі», куды ўваходзілі Сацыял-дэмакратычная партыя, ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя і «Зялёныя».
Апытанні прадказваюць перамогу на выбарах аб’яднанню Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Нямеччыны і Хрысціянска-сацыяльнага звязу ў Баварыі (CDU/CSU). Яны наўрад ці атрымаюць абсалютную бальшыню, а якою будзе новая кааліцыя, прадказаць цяжка. Найбольш імаверным наступным канцлерам называюць 69-гадовага старшыню CDU, мільянера Фрыдрыха Мэрца.
Хрысціянска-дэмакратычны звяз Нямеччыны, на чале якога стаіць Мэрц, традыцыйна арыентуецца найбольш на Злучаныя Штаты і ёсць прыхільнікам цеснай супрацы з Амерыкай. Да Расеі ж CDU традыцыйна ставіцца больш негатыўна і асцярожна, чым сацыял-дэмакраты, да якіх адносіцца Шольц. Таму, Мэрц не той чалавек, якога Расея хацела б бачыць за стырном Нямеччыны.
Якуб Хруст belsat.eu