Украінскія вайскоўцы, імаверна, захапілі ў палон першага байца войска КНДР, які ваяваў на баку расейскага войска. Пра гэта паведамляюць украінскія і паўднёвакарэйскія медыі.
Як паведамляў 26 снежня украінскі рэсурс Militarnyi, фота палоннага апублікавалі ў закрытым тэлеграм-канале Warshal ды іншыя рэсурсы. Заяўляецца, што ў палон яго захапілі байцы сілаў спецыяльных аперацыяў ЗСУ на Курскім кірунку:
«Група ССА правяла аперацыю па знішчэнні ворага на Курскім кірунку. Акрамя паспяховага выканання задання, таксама не абышлося без трафеяў: палонныя, у тым ліку і найміт з Карэі, а таксама БТР, абсталяваны супраць кумулятыўнай абаронай».
Militarnyi адзначае, што на фота стан палоннага цяжкі і бачныя сляды ад ранення: «Таму не вядома ці змаглі правесці яго эвакуацыю, своечасова стабілізаваць стан і пасля даставіць у медыцынскую ўстанову».
27 снежня Нацыянальная выведвальная служба Паўднёвай Карэі пацвердзіла мясцоваму агенцтву Yonhap, што «праз аператыўны абмен інфармацыяй з выведвальнымі органамі саюзных краін пацверджаны факт захопу параненага паўночнакарэйскага салдата». Адзначаецца, што далейшая сітуацыя будзе старанна адсочвацца.
Праз некалькі гадзінаў Нацыянальная выведвальная служба ўдакладніла Yonhap, што паранены паўночнакарэйскі вайсковец памёр 27 снежня ад цяжкіх раненняў, на наступны дзень пасля таго, як быў захоплены ў палон.
Нагадаем, што звесткі пра рыхтаванне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне супраць Украіны з’явіліся ў кастрычніку гэтага года. Тады вялося пра тое, што КНДР скіравала блізу 11 тысячаў чалавек, з якіх 2,6 тысячы мусілі адправіцца ў Курскую вобласць.
У сярэдзіне снежня Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскае камандаванне пачало выкарыстоўваць паўночнакарэйскіх жаўнераў у баявых дзеяннях падчас штурмаў. У распараджэнні ўкраінскага боку нават меліся звесткі пра першыя страты сярод вайскоўцаў Паўночнай Карэі.
У канцы снежня з’явіліся звесткі, што Паўночная Карэя, імаверна, рыхтуецца дадаткова адправіць сваіх вайскоўцаў у Расею для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, а таксама даставіць вайсковую тэхніку, у тым ліку дроны-камікадзэ.
Якуб Хруст belsat.eu