навіны

Улады заяўляюць, што закрылі «Streamline» за нясплату падаткаў

Школа замежных моваў «Streamline». Фота: yandex.ru
Школа замежных моваў «Streamline». Фота: yandex.ru
podpis źródła zdjęcia

Кіраўніцтва моўнай школы «Streamline» вінавацяць у незаконным карыстанні падатковымі льготамі і нявыплаце падаткаў. Пра гэты заявілі ў сюжэце, што выйшаў увечары 26 снежня на тэлеканале ОНТ.

Студэнты школы замежных моваў «Streamline». Фота: yandex.by
«Людзі ўжо мовы таемна вывучаюць!» Што і чаму адбываецца з моўнымі цэнтрамі і школамі ў Беларусі Гісторыі

У Камітэце дзяржкантролю заяўляюць, што моўная школа была зарэгістраваная як некамерцыйная, але асноўнай мэтай яе дзейнасці было атрыманне прыбытку, таму яна не магла карыстацца льготамі на ПДВ і падатак на прыбытак. У выніку, атрымаўшы больш за 95 млн рублёў выручкі, уласнік «Streamline» за 13 гадоў заплаціў менш як 60 тысяч рублёў падаткаў.

Агулам улады налічылі больш як 17 млн рублёў нявыплачаных падаткаў. Як заяўляецца, выручка ад адукацыйных паслуг «Streamline» выводзілася на падкантрольныя ўласніку Эдуарду Цалюку камерцыйныя суб’екты гаспадарання, у тым ліку ў выглядзе пазык, якія пасля ішлі на прадпрымальніцкія мэты.

Цяпер моўныя курсы «Streamline» ў стадыі ліквідацыі. Супраць Цалюка з жонкаю, якія пакінулі Беларусь, пачалі крымінальную справу. Улады заяўляюць, што за кошт арыштаваных актываў кампаніі закрылі запазычанасць за заробкі работнікам школы, а таксама вярнулі грошы кліентам, якія не змаглі наведваць заняткаў.

Заснавальнік і кіраўнік «Streamline» паведамляў, што рахункі арганізацыі заблакаваныя з 3 кастрычніка. З таго часу школа не магла ні заплаціць выкладчыкам, ні прыняць аплаты ад навучэнцаў, ні вярнуць ім нявыкарыстаных сродкаў. 22 кастрычніка ва ўпраўленні юстыцыі Менгарвыканкаму да працаўнікоў давялі інфармацыю пра пачатак працэдуры ліквідацыі навучальнага цэнтру.

Моўная школа «Streamline» працавала на рынку Беларусі больш як 15 гадоў. Сярод іншага, менавіта яна рыхтавала валанцёраў для ІІ Еўрапейскіх гульняў, што праводзіліся ў Беларусі ў 2019 годзе. У моўнай школе працавалі больш за 300 выкладчыкаў. Незадаволенасць уладаў магла выклікаць таксама некантраляваная акадэмічная супольнасць, мяркуе дарадца Святланы Ціханоўскай у справе адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова. На ейную думку, праз закрыццё моўнай школы «ўлады такім чынам вырашылі зрабіць такую перапону, не дазволіць, каб была эміграцыя працоўнай сілы».

Неўзабаве сваю дзейнасць прыпыніў і адукацыйны цэнтр «Лідар», які быў заснаваны ў 1999 годзе і які пачынаючы ад 2015-га афіцыйна прызнавалі курсамі № 1 у Беларусі шэсць гадоў запар. Цэнтр прапаноўваў больш як 230 праграмаў навучання. Раней у Беларусі былі ліквідаваныя амаль усе прыватныя школы для дзяцей, працаваць працягнулі пераважна тыя, якія звязаныя з уладамі Беларусі і сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10