Адсутнасць моўнага бар'еру, адносная «еўрапейскасць» гарадоў ды прымальны ўзровень сэрвісу. Беларусь становіцца ўсё больш прывабнай для расейскіх турыстаў. Паводле выдання «Ведомости», у рэйтынгу краінаў, куды ўсходнія суседзі адправяцца сустракаць навагоднія святы, Беларусь заняла трэцяе месца, адразу пасля Тайланду і Турцыі.
,,«І чыгуначны транспарт, і аўтамабільны транспарт, і, скажам так, свой уласны транспарт можна выкарыстоўваць, каб наведаць Беларусь. Зразумела, што іншыя краіны, тая самая Еўропа або краіны, дзе пляжна-курортны турызм развіты, – гэта ўсё патрабуе самалётаў», – распавядае міжнародны каардынатар турыстычнага бізнесу Андрэй Колас.
Пры гэтым навагодні адпачынак у Беларусі не выглядае бюджэтным. Паводле турсэрвісу «Островок», сярэдні кошт пражывання ў беларускім гатэлі складзе больш за 100 долараў.
Напрыклад, ноч у Італіі будзе каштаваць каля 136 еўраў. А ў тых жа Тайландзе і Турцыі цэны складаюць 121 і 105 долараў адпаведна. Ёсць і таннейшыя прапановы. Гатэль у Азербайджане ў сярэднім пацягне на 75 долараў, прыблізна столькі ж і ў Арменіі.
З мінулага года цэны на гатэль у навагоднія святы ў Беларусі выраслі на 22 % – больш чым у любой з краінаў, куды масава едуць расейскія турысты.

Калі ў сталічнай гасцініцы «Менск» яшчэ можна зарэзерваваць стандартны двухмесны нумар без снядання за 418 рублёў, то ў рэгіёнах у паслянавагоднія дні з гэтым могуць узнікнуць праблемы. Дзесьці нумароў не засталося зусім, дзесьці засталіся толькі дарагія.
Аднак такая «сезонная» загрузка гасцініцаў яшчэ не прыкмета таго, што сфера турызму будзе стабільна насычаць эканоміку.
,,«Добра, што людзі прыязджаюць, што гатэлі запаўняюцца, гэта вельмі добра. Але ж што будзе пасля Новага года, што бывае пасля нейкіх святаў, травеньскіх тых самых святаў, калі таксама наплыў расейскіх турыстаў на Беларусь ідзе, – вось гэта асноўныя паказнікі для турызму», – кажа Андрэй Колас.
Турыстычныя вынікі года ўжо падвялі і ва ўрадзе. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што экспарт турыстычных паслуг чакаецца на ўзроўні 270 млн долараў. Гэтыя паказнікі перавышаюць дапандэмічны перыяд, але не дацягваюць да тых, на якія разлічваў Галоўчанка.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Андрэй Сульжыц, «Белсат»