навіны

Лукашэнка доўга размаўляў з Пуціным. Пра што – не расказаў, ды пахваліўся дзесяццю «Арэшнікамі»

Кіраўнікі краінаў СНД перад пачаткам нефармальнага саміту
Кіраўнікі краінаў СНД перад пачаткам нефармальнага саміту. Курорт «Ігора», Ленінградская вобласць, Расея. 25 снежня 2024 года. Фота: Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Сустрэча кіраўнікоў краінаў СНД, паводле прэс-службы Лукашэнкі, трывала 9 з паловаю гадзінаў, потым прэзідэнты Беларусі і Расеі правялі яшчэ паўтары гадзіны за размовамі сам-насам, наступным днём бачыліся на паседжанні ЕАЭС… А пра што размаўлялі, вядома вельмі мала.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: bangkokbook.ru

Якой была знешняя палітыка Беларусі ў 2024 годзе і куды яна прывяла

навіны

Аляксандр Лукашэнка 25 снежня прыляцеў у расейскі Санкт-Пецярбург на нефармальны саміт Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Большая частка падзеі, што адбывалася на курорце «Ігора», прайшла за закрытымі дзвярыма.


На адкрытай частцы Уладзімір Пуцін выказаў спачуванні сем’ям загінулых у выніку збіцця, імаверна, расейскаю зенітнаю ракетаю азербайджанскага пасажырскага самалёта і паабяцаў расследаванне, прывёў лічбы таваразвароту і росту валавога ўнутранага прадукту, згадаў «незалежныя» плацежныя сістэмы і інструменты разліку, запрасіў іншых на Дзень Перамогі ў Маскву. Што яшчэ казалі на саміце, што трываў больш як 9 гадзінаў, невядома – ёсць толькі розныя здагадкі.


Пасля саміту Лукашэнка размаўляў з Пуціным яшчэ прыблізна паўтары гадзіны, паведаміў ананімны Telegram-канал «Пул первого», што выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. Пра што – Лукашэнка не сказаў. Калі пра гэта спытаўся дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны», той не адказаў: сказаў, што «калі старэйшы брат з малодшым сустракаюцца, тэматыка занадта шырокая».


26 снежня прайшло паседжанне Вышэйшай еўразійскай эканамічнай рады, пра вынікі якога вядома таксама няшмат. Самы яскравы момант – сварка Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашыньянам, які далучыўся да сустрэчы праз відэасувязь, спаслаўшыся на ковід. Лукашэнка пачаў кпіць з Пашыньяна, што той бярэ ўдзел «па тэлевізары» і, маўляў, на наступным паседжанні ў Менску Арменія будзе ўдзельнічаць дыстанцыйна. Пашыньян падкрэсліў, што раней рабіў заяву, у якой тлумачыў, што не лічыць фармат слушным, і ягоную заяву не трэба разглядаць: гэта адмова. А калі «не знойдзецца тэлевізара», як прыгразіў Лукашэнка, дык для Пашыньяна гэта «не праблема» – маўляў, разумее, што ў Беларусі маглі ўзнікнуць складанасці з тэлевізарамі.

Аляксандр Лукашэнка падчас нефармальнага саміту кіраўнікоў краінаў СНД. Курорт «Ігора», Ленінградская вобласць, Расея. 25 снежня 2024 года. Фота: Kremlin.ru
Аляксандр Лукашэнка падчас нефармальнага саміту кіраўнікоў краінаў СНД. Курорт «Ігора», Ленінградская вобласць, Расея. 25 снежня 2024 года. Фота: Kremlin.ru

Лукашэнка пасля запэўніваў, што дэбаты на паседжанні былі «вельмі сур’ёзныя», перадае дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА». Лукашэнка расказаў, што размаўлялі на тэмы ад заробкаў супрацоўнікаў Еўразійскай камісіі да паставак нафты і газу, але дамовіліся, што «мы выступаць тут не будзем». Расейскаму тэлебачанню ён потым сказаў, што без спрэчкі з Пашыньянам «не было б на што звярнуць увагу».


Ранкам 26 студзеня Лукашэнка чамусьці пайшоў калоць дровы, на што звярнула ўвагу ягоная прэс-служба. На пытанне расейскага тэлебачання, з якой нагоды, Лукашэнка растлумачыў: браў з сабою горныя лыжы, але надвор’е не спрыяла катанню, «у такой кашы з маёй вагою, я ведаю, гэта няпроста». Ён распавёў, што коліць дровы штораніцу, «дзве гадзіны на тыдзень норма». А дровы, паводле ягоных словаў, прывёз расейскі алігарх Юрый Кавальчук, які валодае курортам, дзе праводзіўся саміт.


Ці не адзіная сапраўды важная заява Лукашэнкі – пра колькасць расейскіх ракетных комплексаў «Арэшнік», што ён просіць у Расеі: «Думаю, пакуль дзясятак, а потым паглядзім, калі ў расейцаў будзе жаданне больш размясціць, мы размесцім іх больш». У гэты момант да Лукашэнкі падышоў Пуцін – і, падобна, няёмка засумняваўся, што на гэта адказаць.


Мінулым разам Лукашэнка сустракаўся з Пуціным на паседжанні Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» 6 снежня. Наступны саміт ЕАЭС запланавалі правесці ў Менску ў канцы траўня. Лукашэнка прапанаваў спалучыць яго з Еўразійскім эканамічным форумам.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10