Адначасова ў краіне выявілі дзве незвычайныя знаходкі: дарагі пазалочаны посуд, а таксама шышкі і жалуды, што выкарыстоўваліся не для дзіцячых вырабаў. За посуд прызначылі штраф, а за жалуды будзе велізарны тэрмін за кратамі.
Камітэт судовых экспертызаў Беларусі паведамляе, што 37-гадовы мужчына і 39-гадовая жанчына з Берасця ў сваёй кватэры фасавалі наркотыкі дробнымі партыямі ў шышкі, каштаны і жалуды, якія пасля склейвалі, надаючы ім першапачатковы выгляд.
Экспертыза выявіла ў пладах асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва – альфа-ПВП (α-PVP) – масаю 133,42 грама. Следчыя распачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў з мэтаю збыту.

Тым часам беларуская мытня агледзела ў пункце пропуску «Казловічы» італьянскі пазалочаны посуд ручнога вырабу, які везлі з Нямеччыны ў Беларусь. Мытнікі не паверылі напісанаму кошту і вырашылі пераправерыць.
«Сапраўдны кошт 140 талерак, крэманак, куфляў, чараў і падносаў, як высветлілі мытнікі пры праверцы, склаў каля 75 тысяч рублёў. А ў дакументах, прадстаўленых польскім перавозчыкам, ён быў заніжаны ў 3,5 разы», – падлічылі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Супраць перавозчыка распачалі адміністрацыйны працэс за прадстаўленне недакладных звестак пра кошт тавару. За спробу сэканоміць каля 10 тысяч на пошлінах яму пагражае штраф да 30% ад кошту посуду (да 22 тысяч рублёў).
Тэса Анэйда belsat.eu