Беларусы сабралі неабходную суму на калядныя падарункі дзецям палітвязняў.
«Цуд на Каляды адбыўся! Збор на дзяцей палітвязняў цалкам сабраны! Дзякуй усім, хто данаціў, рэпосціў і падтрымліваў!», – напісаў кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак.
Станам на раніцу 26 снежня сабрана 25 116 еўраў з 24 800. На падарунак кожнаму дзіцяці будзе выплачана 100 еўраў. Акцыя працягваецца.
Нагадаем, грашовы збор быў абвешчаны на карысць беларускіх дзетак з сем'яў палітвязняў. Звярнуцца па дапамогу маглі сем'і, у якіх ёсць дзеці да 16 гадоў (у тым ліку) і нехта з бацькоў (ці абое) ёсць (больш за 3 месяцы) або былі раней (таксама больш за 3 месяцы) у зняволенні.
«Кожнае вашае ахвяраванне – гэта не проста падарунак, гэта знак таго, што свет не забыўся пра іх і пра іх сем'і. Разам мы можам стварыць свята, напоўненае цеплынёй і падтрымкай, дзе, хай на імгненне, дзеці адчуюць прысутнасць бацькоў. Уявіце сабе іх усмешкі, іх радасць, калі яны атрымаюць падарункі ад «Дзеда Мароза» – як сімвал таго, што яны не адныя, што многія людзі клапоцяцца пра іх і іх будучыню», – заклікала арганізацыя.
Разам з «BYSOL» акцыю, якая ўжо стала традыцыйнай, праводзяць фонд «Краіна для жыцця», грамадская кампанія «BY_Help» ды ініцыятыва «Dissidentby», якія разам уваходзяць у службу Хуткай гуманітарнай дапамогі. Таксама да акцыі далучыліся Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой і Асацыяцыя беларусаў Амерыкі.
Таксама глядзіце ў выданні:
Надзея Вольная belsat.eu