Настаўнікі Гомельшчыны праз бацькоўскія чаты запалохваюць бацькоў выбухоўкай з Украіны. Маўляў, яе дастаўляюць перад навагоднімі святамі пад выглядам піратэхнікі.
Праваабаронцы «Гомельскай Вясны» атрымалі паведамленні з некалькіх адукацыйных установаў вобласці. Настаўнікі рассылаюць аднолькавы тэкст, напісаны па-расейску:
«Сіламі спецыяльных службаў Украіны праз розныя крыніцы, паветрам, наземнымі і іншымі шляхамі ажыццяўляецца дастаўка па ўсёй тэрыторыі Расеі петардаў тыпу «Карсар-1000», «Карсар-10 000» і да т. п., што маюць выбухованебяспечнае рэчыва і дэтанацыйнае рэчыва імгненнага дзеяння. Г. зн. чалавек запальвае петарду і яна выбухае адразу (імгненна). Рэалізацыя будзе ажыццяўляцца на разнастайных рынках і пунктах стыхійнага гандлю, аднак магчымая і ў крамах праз падробленыя дакументы».
Далей у тэксце рэкамендуюць не купляць і не выкарыстоўваць піратэхнічных вырабаў падчас святаў, а таксама просяць распаўсюдзіць гэты тэкст далей.
Жыхары аднаго з раёнаў Гомельшчыны расказалі: настаўніца прызналася, што напісала ў бацькоўскім чаце гэтае паведамленне на загад кіраўніцтва школы. А школьнай адміністрацыі адпаведнае даручэнне далі ў раённым аддзеле адукацыі.
Магчыма, гэткім чынам гомельскія чыноўнікі ад адукацыі спрабуюць зменшыць выкарыстанне піратэхнікі падчас навагодніх святаў. Але няясна, чаму ў тэксце вядзецца гаворка пра Расею і ідзе распальванне варожасці да Украіны.
Надзея Вольная belsat.eu