Беларусы ў Беларусі і за яе межамі святкуюць Божае Нараджэнне. Але з якімі традыцыямі і настроем?
Беларусы – каталікі і пратэстанты – святкуюць адно з самых галоўных і радасных святаў – Божае Нараджэнне. З гэтай нагоды ўва ўсіх касцёлах адбыліся святочныя службы.
«Малюся і веру, што нованароджанае дзіцятка Езус дабраславіць у новым годзе ўсе вашыя добрыя ініцыятывы і пачынанні, няхай пачуццё рэалізаванасці, асабістае і якое зыходзіць з вашага служэння, суправаджае вас у кожную хвіліну жыцця», – кажа генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Увечары напярэдадні вернікі адзначылі Вігілію. Падчас яе прынята ўсёй сям'ёй збірацца за посным сталом. Паводле хрысціянскай традыцыі, пад абрус кладуць сена і ставяць на стол на адну талерку болей за лік прысутных.
,,«Адно было такое тлумачэнне, што гэта для пілігрыма, які можа прыйсці ў госці выпадкова і затрымацца. І другая традыцыя, што гэта для нашых памерлых, што мы таксама пра іх памятаем», – апавядае пробашч касцёлу Святога Францыска Ксаверыя Ян Кучынскі.
Абавязкова на стол кладуць асвечаны невялікі кавалак белага хлеба – аплатак. Ім дзеляцца падчас святочных зычэнняў. Аснову ж каляднага стала складаюць 12 страваў – паводле ліку апосталаў.
«Самая традыцыйная калядная страва – гэта бадай што куцця. Яе ставілі на стол у любой хаце. А далей ужо – якая фантазія ў гаспадыні ёсць. Але вось я знайшла сыр, і, на хвіліначку, гэта літоўская кухня, то бок XVIII–XIX стагоддзе, гэта ўжо зафіксаваны рацэпт», – дзеліцца знаўца беларускай кухні Марыя Грыц.
Веру ў чалавека і ягоную здольнасць змяняць свет да лепшага ў сваім калядным віншаванні адзначыла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:
,,«Няхай у вашым сэрцы заўсёды жыве гэтая вера, бо з ёй мы здольныя дамагчыся ўсяго, чаго прагнем. Віншую вас з гэтым часам веры і любові! З Нараджэннем Хрыстовым!»
Ужо чацвёрты год запар тысячы беларусаў вымушана сустракаюць Раство ў эміграцыі. Шмат хто – удалечыні ад родных і блізкіх. Аднак калядныя набажэнствы па-беларуску ладзяць і ў замежжы. Гэтак, да прыкладу, толькі сёння ў Варшаве адбыліся дзве святочныя службы. У касцёле Святога Аляксандра яе правёў ксёндз Вячаслаў Барок.
Падчас імшы вернікі памаліліся за палітзняволенага святара Анджэя Юхневіча, а таксама за ўсіх, хто загінуў за свабоду Беларусі і Украіны.
,,«У нас ува ўсіх баліць за беларусаў у краіне і за мяжою, за палітвязняў. Хочацца данесці, што я пачула, што трэба нам быць… Усім больш любові адно да аднаго каб было, сумленнымі быць, шчырымі, гэта ўсё прапісана ў Бібліі», – кажа віцэ-прэзідэнтка ABBA, верніца ў эміграцыі Марына Гірын.
Божае Нараджэнне – час чакання цуду. Спадзевы на лепшую будучыню беларускія каталікі выказваюць, не зважаючы на складаны перыяд і эміграцыю.
«Я веру, што ў нас жыццё наладзіцца, бо самая доўгая ноч бывае перад Раством. Як раз сёння дзень ужо пачынае павялічвацца, я думаю, што павінна ў нас павялічвацца надзея, што ўсё будзе добра».
«Трэба, каб чалавек прачынаўся, быў смелы, моцны, адкрыты і не баяўся свайго выбару. Дарэчы, гэта мы сёння чулі ад святара».
Слава Хрысту і духоўнае яднанне – галоўная сутнасць свята. Таму ўрачыстыя набажэнствы, як і сустрэчы за сталом у коле блізкіх, працягнуцца да сённяшняга вечара.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Аліна Скрабунова, «Белсат»