МУС Расеі абвесціла ў вышук палітыка Іллю Яшына, які ў жніўні выйшаў на волю пасля абмену зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
Інфармацыю пра гэта знайшла «Медиазона» ў базе вышуку ведамства. Выданне адзначае, што картка Яшына з'явілася ў базе 25 снежня.
Пра ўзбуджэнне новай крымінальнай справы супраць апазіцыянера афіцыйна не паведамлялася.
«Я пра гэта нічога не ведаю. Але, відаць, справу ўзбудзілі цішком, каб арыштаваць адразу ў аэрапорце, калі я пастанаўлю вярнуцца ў Расею. Не здзіўлены, вядома. Гэтага варта было чакаць», – пракаментаваў Яшын.
Абмен зняволенымі адбыўся 1 жніўня. Падчас яго Расея перадала Захаду 16 чалавек, сярод якіх – журналісты Эван Гершковіч і Алсу Курмашава, палітыкі Ілля Яшын і Уладзімір Кара-Мурза, праваабаронца Алег Арлоў і мастачка Саша Скачыленка. Расеі згодна з абменам перадалі Вадзіма Красікава, які адбываў у Нямеччыне пажыццёвае зняволенне за забойства чачэнскага палявога камандзіра.
Ілля Яшын быў асуджаны ў канцы 2022-га да 8,5 года калоніі ў справе аб фэйках пра вайну.
Пасля вызвалення Яшын, падчас сустрэчы з прыхільнікамі ў Вільні, абнародаваў версію, што Аляксандр Лукашэнка выпускае палітвязняў, бо «літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў», а значыць, санкцыі працуюць. Яшын таксама адзначаў, што расейская апазіцыя падтрымае ўсе кампаніі вызвалення палітвязняў, што ініцыююць беларускія дэмакратычныя сілы, больш за тое, сцвярджаў, што абмяркоўваў гэтае пытанне «з прадстаўнікамі розных краінаў АБСЕ», а таксама з польскімі дыпламатамі.
Раман Шавель belsat.eu