Праваабаронцы даведаліся пра выпадкі, калі людзей, якіх раней прымусілі кампенсаваць данаты структурам і людзям, непажаданым для ўлады, пачалі выклікаць у пракуратуру, піша «Вясна».
Позвы атрымліваюць нават тыя, каму выдавалі паперы аб спыненні крымінальнай справы пасля таго, як іх прымусілі адкупіцца.
«Іх просяць падпісаць паперы з папярэджаннем перад выбарамі. Вядома, што такія позвы па месцы прапіскі атрымоўваюць і тыя беларусы, хто раней “вяртаў грошы” за данаты, а цяпер жыве за мяжой», – піша «Вясна».
Практыка «кампенсацыі» данатаў у Беларусі даволі пашыраная. У сілавікоў ёсць нават каэфіцыенты, паводле якіх розныя людзі плацяць розныя сумы. Як расказала «Белсату» дзяўчына, якая прыехала ў Беларусь на выходныя, а апынулася на «размове» ў КДБ і была вымушаная заплаціць $ 500, на «размовы» ў КДБ стаялі чэргі людзей. Ёй як нібыта парушальніцы, але не злоснай, сказалі, што заплаціць трэба ў 50 разоў больш, чым яна заданаціла. Гэта назвалі мінімальным каэфіцыентам.
Арсен Рудэнка belsat.eu