навіны

Лідары беларускага дэмакратычнага руху павіншавалі беларусаў з Калядамі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: my-kiev.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: my-kiev.com
podpis źródła zdjęcia

Беларускія дэмакратычныя лідары павіншавалі са святам беларусаў, якія адзначаюць Божае Нараджэнне паводле каталіцкага календара. 

Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская пажадала беларусам захоўваць у сэрцы веру.

«Вера ў чалавека, у яго здольнасць змяняць свет да лепшага, заўсёды была нашым наймацнейшым падмуркам. Гэтая вера дае нам сілы ісці наперад, натхняе нас з году ў год. Нават у самыя цяжкія часы яна матывуе нас рухацца далей. Мы працягваем клапаціцца, падтрымліваць адно аднаго – і ствараем вялікую сям’ю, дзе кожнаму ёсць месца за калядным сталом», – адзначыла Ціханоўская.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла пажадала, каб гэтыя святы былі поўныя любові і надзеі на хуткія змены.

Каляданае віншаваньне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Фота: radabnr.org
Каляданае віншаваньне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Фота: radabnr.org

«Дарагія Суродзічы, не пакідайце веры ў будучыню! Толькі вера, што кашмар ня вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы, у якой і нам будзе дадзена «людзьмі звацца»! Прыгожа кажа пра гэта наш Васіль Быкаў: без спадзеву на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю – у гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця», – напісала Івонка Сурвіла. 

Яна заклікала ўсіх тых, хто быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну, памятаць, кім яны ёсць. 

«Якая-бы ня была цяжкая эмігранцкая доля, памятайце пра зямлю сваіх продкаў. Так доўга як будзеце адчуваць сваю прыналежнасьць да яе, ніякія цяжкасьці Вас не перамогуць!.. Я моцна веру, што наш народ здольны адрадзіць у цэнтры Эўропы нашую ўласную – ветлую і заможную – краіну, якую будзем пакідаць толькі калі захочацца пабачыць рэшту сьвету, але куды будзем абавязкава вяртацца, калі скончым падарожнічаць!» – адзначыла старшыня Рады БНР.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка прыгадаў тры гісторыі, звязаныя з Калядамі.

Ён таксама пажадаў «кожнаму беларусу і кожнай беларусцы захоўваць веру і надзею ў сваім сэрцы», бо гэтыя пачуцці – «каштоўны падмурак для новых планаў, для таго, каб дзейнічаць і дасягаць новых высот і вяршынь».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10