З 1 студзеня польская нацыянальная віза падаражэе для беларусаў з цяперашніх € 35 да € 60. У МЗС Польшчы ў каментары «Белсату» адзначылі: калі б не зніжка, то каштавала б € 135, як для грамадзянаў іншых краінаў.
Ад аплаты консульскага збору за прыём і разгляд заявы на польскую нацыянальную візу пазбаўляюцца асобы, якія просяць гуманітарную візу, непаўналетнія асобы ў веку ад 12 да 18 гадоў і ўладальнікі карты паляка.
Таксама збору не павінны плаціць асобы, якія не дасягнулі 25 гадоў і наведваюць семінары, канферэнцыі, спартовыя, культурныя ці адукацыйныя падзеі, зладжаныя некамерцыйнымі арганізацыямі.
Як растлумачылі «Белсату» ў прэс-службе міністэрства замежных справаў Польшчы, цяперашняя стаўка ў € 35 для беларусаў дзее да канца года, і ў звычайным парадку мелася б вырасці да € 135:
,,«Міністр замежных справаў пастанавіў захаваць паніжаны памер консульскага збору для грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, за прыём і разгляд заяваў аб выдачы нацыянальных візаў і ў 2025 годзе».
Польскія візы падаражэлі да € 135 для грамадзянаў усіх краінаў (у тым ліку беларусаў, якія падаваліся за межамі Беларусі) яшчэ 1 чэрвеня. Аднак тады для беларусаў, якія афармлялі візу на радзіме, збор застаўся старым, € 35. Толькі што за разгляд абскарджання ў выпадку адмовы пачалі браць € 135.
«У звязку з павелічэннем консульскага збору да € 135 міністр замежных справаў устанавіў новую паніжаную стаўку консульскага збору ў памеры € 60», – падкрэслілі ў МЗС.
Новая стаўка для грамадзянаў Беларусі будзе дзеяць прынамсі да 31 снежня 2025 года.
З канца снежня 2015 года да канца 2022 года беларусы былі вызваленыя ад аплаты консульскага збору за нацыянальныя візы Польшчы.
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu