Чуткі пра планаваны на студзень прадэмакратычны пераварот у Беларусі запускаюць з Расеі – быць можа, каб нагадаць Лукашэнку, на кім трымаецца ягоная ўлада. Сапраўдны ж пераварот могуць учыніць прарасейскія генералы, калі атрымаюць такі загад з Крамлю, кажа Латушка.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 23 снежня расказаў пра чуткі аб планаванні Захадам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі 24–25 студзеня 2025 года. З чуткамі ён не пагадзіўся, але назваў прарасейскіх генералаў Мікалая Карпянкова, Аляксандра Вальфовіча і Паўла Муравейку гатовымі зрабіць сапраўдны дзяржаўны пераварот і скінуць Аляксандра Лукашэнку на загад Крамлю.
Ці не перад кожнымі выбарамі ў Беларусі з’яўляюцца чуткі або заявы пра дзяржаўныя перавароты ў Беларусі. Але такіх яшчэ не было – калі не лічыць таго, што рабіў сам Лукашэнка, напрыклад, разагнаўшы парламент у 1996 годзе ці захаваўшы ўладу пасля відавочна прайграных выбараў у 2020-м. Як ставіцца да чутак пра пераварот, «Белсат» распытаў Латушку ў эфіры 24 снежня.
Чуткі пра празаходні пераварот пайшлі з Расеі, расказвае Латушка. Іхная першакрыніца – хтосьці Васіль Дандыкін, расейскі капітан 1 рангу ў адстаўцы. Ён спасылаўся на папярэджанне Дзяржаўнага дэпартаменту Злучаных Штатаў, які 18 снежня заклікаў грамадзянаў ЗША неадкладна пакінуць тэрыторыю Беларусі.
,,«Калі мы паглядзім на заяву Дзярждэпартаменту, яна лагічная і абгрунтаваная, – адзначае Латушка. – Мы ведаем з вамі, што за апошні час дзясяткі замежных грамадзянаў патрапілі ў турму ў Беларусі і атрымалі прысуды».
Латушка згадвае: за кратамі ў Беларусі аказваліся грамадзяне Літвы, Латвіі, Украіны… Грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера дык наогул асудзілі на расстрэл (але аддалі ў межах абмену між Расеяй і Захадам). У няволі застаецца грамадзянін ЗША Юрый Зянковіч, якога паказалі ў прапагандысцкім фільме, але ўсё роўна дадалі два гады тэрміну за «непадпарадкаванне».
«Так што Злучаныя Штаты Амерыкі папярэджваюць, што сітуацыя некантраляваная, што Лукашэнка падтырмлівае вайну, што могуць тэарэтычна закрывацца пагранічныя пераходы і што амерыканскі ўрад не ў стане будзе дапамагчы, бо ў Беларусі адбываюцца проста адвольныя затрыманні, у турмах гэта катаванні», – тлумачыць Латушка.
На падставе гэтага папярэджання расейскі «эксперт» прыйшоў да высновы, што ў Беларусі нібыта рыхтуецца дзяржаўны пераварот. Іншых доказаў падрыхтоўкі перавароту ён не прыводзіць. Латушка заклікае шчыра адказаць на пытанне, хто можа цяпер рыхтаваць дзяржаўны пераварот у Беларусі. Адказвае: Карпянкоў, Вальфовіч, Муравейка і іншыя, хто прадстаўляе расейскія інтарэсы ў Беларусі.
,,«Менавіта гэтых людзей павінен баяцца Лукашэнка, бо яны ў крытычны момант не будуць выконваць ягоны загад, а, хутчэй за ўсё, выканаюць загад з Крамлю», – падкрэслівае Латушка.
Але ж яны служаць не Крамлю, а Лукашэнку – чаго Лукашэнку баяцца тых, хто з ім «у адной лодцы»? Латушка не пагаджаецца: калі паўстане пытанне аб тым, каб скінуць Лукашэнку за недастатковую лаяльнасць Маскве, гэтымі генераламі могуць скарыстацца.
Латушка лічыць, што чуткі пра пераварот з Расеі пайшлі дзеля таго, каб нагадаць Лукашэнку, «хто ў хаце гаспадар». Хай той цяпер лаяльны, хай падтрымлівае вайну супраць Украіны і займаецца вытворчасцю зброі, Крэмль можа такім чынам намякаць Лукашэнку: «Мы тыя, хто будзе канчаткова вырашаць». Маўляў, «ты на 100 % пэўны, што перапрызначышся на пасаду прэзідэнта Беларусі?»
Наўрад ці Крамлю цяпер мала лаяльнасці Лукашэнкі і трэба адкрытае далучэнне да вайны – але такое пытанне можа ўзнікнуць у перспектыве, заўважае Латушка. Ён кажа, што не ўяўляе, каб Уладзімір Пуцін адмовіўся ад фармальна «анексаваных», але не заваяваных тэрыторыяў Украіны. Не стане ж Пуцін збіраць усіх у Крамлі і казаць «я перадумаў», перапісваць Канстытуцыю ў напрамку змяншэння тэрыторыі Расеі. А значыць, будзе ваяваць. І «беларускі балкон» можа быць скарыстаны супраць краінаў NATO…

У такіх разважаннях можна між радкоў прачытаць: «Лукашэнка – гарант незалежнасці Беларусі». Латушка з гэткім трактаваннем не згаджаецца: Лукашэнка стварыў крытычную сітуацыю для існавання беларускай незалежнасці і сам давёў да такога стану, калі ён мусіць баяцца ўсіх, у тым ліку беларускага грамадства, якое зрабіў сваім ворагам. Лукашэнка здолеў сапсаваць адносіны і з Расеяй (якія цяпер не партнёрскія, а, як кажа Латушка, «халуйскія»), і з Кітаем (якому не падабаецца міграцыйны крызіс, які стварае пагрозу кітайскім эканамічным інтарэсам), і тым больш з Захадам.
Латушка рэзюмуе: Лукашэнка «не з’яўляецца гарантам самога сябе», а тым больш беларускай незалежнасці. Гарант беларускай незалежнасці – беларускі народ, таму найважнейшая мэта – вяртанне суб’ектнасці беларускаму народу.
,,«Пакуль ёсць Лукашэнка – вось гэта перашкода, – кажа Латушка. – Таму наш пасыл у тым ліку тым элітам уладным, рэжымным элітам, што без яго мы можам дамовіцца. І беларусы з беларусамі могуць дамовіцца».
Латушка заклікае «інвеставаць у суб’ектнасць» беларускага грамадства. А і адукацыя, і пашырэнне нацыянальнай свядомасці, і лабіяванне выдачы міжнароднага ордару на арышт Лукашэнкі, і дэманстраванне таго, што з Лукашэнкам пры ўладзе перспектываў у Беларусі няма…
Арганізаваць проста заўтра вялізныя пратэсты на беларускіх вуліцах цяпер немагчыма, дадае Латушка. Смяецца: «Мы не плануем дзяржаўнага перавароту на сёння». Таму павінна быць сістэмная стратэгія на некалькі гадоў, якая б дазваляла «кожнага дня біць, біць у гэтых кірунках». Тады можна быць як мінімум падрыхтаванымі да таго, што Лукашэнка не вернецца з замежнай паездкі ці проста памрэ.
Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі belsat.eu