Аналітыка

«Сітуацыя стабільная, але стабільна кепская». Сярэдні заробак знізіўся амаль на 32 рублі

Беларускія грошы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Сярэдні заробак у Беларусі ў лістападзе знізіўся на 31,6 рублі ў параўнанні з кастрычнікам і склаў 2331,8 рублёў. Аднак за год рэальныя заробкі выраслі на 11,7 %. «Белсат» спытаў у эксперта, усё ж бяднеюць ці багацеюць беларусы і чаго чакаць у наступным годзе.

Асаблівай падзеі, якая паўплывала на зніжэнне заробку на 31,6 рублі ў лістападзе, няма. Гэта хутчэй звычайныя ваганні, лічыць адмысловец у міжнароднай эканоміцы Алесь Чайчыц.


«У кастрычніку быў рост на 49,5 рублёў. У верасні было зніжэнне на 27 рублёў, у жніўні было змяншэнне на 13 рублёў. На кароткатэрміновай перспектыве складана з гэтага рабіць глабальныя высновы.

,,

Факт у тым, што за год – лістапад да лістапада 2023 года – рэальныя заробкі [з улікам росту коштаў. – Заўв. рэд.] павысілася на 11,7 %. Гэта амаль столькі, колькі было ў мінулым годзе. Гэта, напэўна, назавуць стальным ростам, але ўсё роўна гэта такая барацьба за выжыванне. Пакуль яна атрымліваецца», – кажа Алесь Чайчыц.


Ці сведчыць рост рэальных заробкаў, што беларусы сапраўды сталі жыць лепей?


«Заробкі растуць другі год запар. У 2022 годзе росту амаль не было. Наколькі гэта сведчыць пра дабрабыт, сказаць цяжка, гэта ўсё ж такі проста лічба. Кошты на тавары ў крамах растуць больш, чым інфляцыя, якую публікуюць. Цэны растуць хутчэй, чым у Еўрапейскім Звязе [2,5 % за студзень – лістапад. – Заўв. рэд.]. Магчыма, не так, як у Расеі [больш за 9,5 % за студзень – палову снежня. – Заўв. рэд.]. Сітуацыя стабільная, але стабільна кепская. Бо перспектыў нейкага прарыву няма. Для прарыву патрэбныя рэформы, а рэформаў не будзе – для гэтага няма ані волі, ані магчымасцяў», – працягвае эксперт.


Буйнога росту заробкаў не варта чакаць


Што будзе з заробкамі ў наступным годзе, залежыць ад палітыкі, у тым ліку ад міжнароднай, адзначае суразмоўца. Беларускія ўлады чакаюць, што рост рэальных заробкаў складзе 4,7 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. Фота: Белсат

Чаму запавольваецца беларускі ВУП і як гэта адбіваецца на эканоміцы

навіны

«Калі адбудзецца замарозка вайны ва Украіне, то з’явіцца нейкая перспектыва ці атмасфера для частковага, кропкавага зняцця санкцый з Расеі. Усё гэта прадмет перамоў, але патэнцыйна такая магчымасць ёсць. Гэта мела б пазітыўны ўплыў і на Расею, і на Беларусь. Але пра гэта можна разважаць на тэарэтычным узроўні.


Пакуль што працягваецца мілітарызацыя расейская эканомікі. Беларусь у гэтым удзельнічае, займае нішы, якія з’яўляюцца. Беларусь выступае частковым бенефіцыярам мілітарызацыі расейская эканомікі. І яна, безумоўна, удзельнічае ў забеспячэнні расейскай арміі падчас вайны ва Украіне і будзе працягваць у гэтым удзельнічаць», – кажа Алесь Чайчыц.


Пакуль ёсць рэсурсы ў Расеі, будуць рэсурсы і ў беларускага рэжыму, падкрэслівае ён.


«Я думаю, што на наступны год рэсурсаў дакладна хопіць, калі не прыляціць нейкі “чорны лебедзь” і раптам не схлопнецца расейская і беларуская эканоміка, але прадказаць гэта немагчыма», – кажа Чайчыц.


Звычайна ў Беларусі растуць заробкі і пенсіі перад выбарамі. Эксперт не думае, што беларусаў чакаюць яшчэ нейкі «бонусы» да выбараў.

,,

«Да выбараў застаўся месяц. Эканамічнае заахвочванне насельніцтва мусіць рабіцца цяпер. Магчыма, пасля Новага году будуць нейкія дробныя ўкіды, з другога боку, насельніцтва на выбары не ўплывае і няма задачы змагацца за сімпатыі выбарца.


Галоўнае, каб было спакойна і стабільна, а яно хутчэй за ўсё будзе спакойна і стабільна і так, але не з пазітыўных, а з негатыўных фактараў, бо грамадства запалоханае. Таму нейкія дробязі могуць быць, але хутчэй за ўсё не. Пасля выбараў у рэжыму будзе наадварот больш спакойная сітуацыя з тым, каб больш жорсткія меры праводзіць у эканоміцы. А выбары на з’яўляюцца вырашальнай кропкай у Беларусі. Гэта нейкі рытуал, які ўлады самі для сябе праводзяць, таму гэта фактар не такі важны, як у дэмакратычных краінах», – падводзіць рысу Алесь Чайчыц.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10