Аналітыка

З 2025 года паліцэальная школа не ўратуе замежнікаў ад іспыту па польскай мове?

Малюнак мае ілюстрацыйны характар. Новыя студэнты перад Уроцлаўскім тэхналагічным універсітэтам. Фота: Bartlomiej Magierowski / EastNews
Малюнак мае ілюстрацыйны характар. Новыя студэнты перад Уроцлаўскім тэхналагічным універсітэтам. Фота: Bartlomiej Magierowski / EastNews
podpis źródła zdjęcia

З новага года Польшча плануе ўвесці змены для замежнікаў: заканчэнне паліцэальнай школы прапануюць прыбраць з закона як альтэрнатыву іспыту па польскай мове. Навошта гэта трэба, чым не дагадзілі ўладам паліцэальныя школы і што рабіць, калі вы ўжо падаліся на грамадзянства пасля «паліцыялкі», – чытайце ў артыкуле «Белсата».

«Праект закона Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы з мэтай ліквідацыі парушэнняў візавай сістэмы Рэспублікі Польшча» з'явіўся практычна адразу пасля візавага скандала

Гэтым законапраектам польскія ўлады, сярод іншага, вырашылі змяніць парадак пацверджання валодання польскай мовай (як правіла, ён неабходны на ўзроўні «В1») для атрымання грамадзянства Польшчы, карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ, для паступлення ў польскія ВНУ і працы па некаторых спецыяльнасцях.


Пацвердзіць веданне польскай мовы раней можна было як адмысловым сертыфікатам пасля здачы моўнага дзяржаўнага іспыту, так і дыпломам аб заканчэнні паліцэальнай школы («Szkoły policealnej») у Польшчы. Пасведчанне аб заканчэнні такой бясплатнай школы было вельмі зручным: яно не толькі сведчыла пра навучанне новай прафесіі, але і пра тое, што чалавек ведае польскую мову на ўзроўні не ніжэй, чым «В1» (навучанне там вядзецца па-польску).

Аднак з 1 студзеня 2025 года гэта збіраюцца змяніць. У праекце закона прапануюць прыбраць пасведчанне аб заканчэнні поліцэальнай школы ў якасці пацверджання на веданне мовы.


«Гэтага недастаткова». Ці паліцыяльная школа горшая за курсы?


«Белсат» пацікавіўся ў Консульскім дэпартаменце МЗС Польшчы, чым выклікана такая змена ў праекце закона і ці шмат было выпадкаў, калі замежнікі пасля заканчэння паліцэальнай школы не ведалі польскай мовы на ўзроўні «В1».


«Гэта змяненне з'яўляецца вынікам каментароў, прадстаўленых у межах міжміністэрскіх пагадненняў па запыту міністра адукацыі, які адзначыў, што паліцэальная школа – гэта сярэдняя школа, у якой толькі праводзяцца заняткі ў сферы прафесійнай адукацыі, але агульнай адукацыі, у тым ліку вывучэння польскай мовы, не прадугледжана. Прымаючы пад увагу, што замежнікі (з сярэдняй адукацыяй), якія не валодаюць польскай мовай, могуць быць прынятыя ў паліцэальную школу і што навучанне ў школе такога тыпу доўжыцца ад 1 да 2,5 гадоў у залежнасці ад прафесіі, гэтага недастаткова для таго, каб пасведчанне аб заканчэнні паліцэальнай школы пацвярджала веданне польскай мовы», – адказалі ў Консульскім дэпартаменце МЗС.


Беларуска Кацярына, якая скончыла паліцэальную школу па прафесіі фларыста ў 2023 годзе, не згодна з такім сцверджаннем.

«Я правучылася год у паліцэальнай школе, дзе ўсё навучанне было на польскай мове. Вядома ж, пасля вышэйшай адукацыі ў Беларусі, дзе ты да 23 гадоў ужо сівым становішся, паліцэальная школа здаецца чымсьці не вельмі складаным. Але як раз самае складанае там – гэта мова! Хоць большасць навучэнцаў – беларусы і ўкраінцы (палякі хутка «адвальваюцца»), усе лекцыі, навучальныя матэрыялы і экзамены ты здаеш на польскай мове ў палякаў. Так што паспяхова скончыць школу немагчыма без ведання мовы. Мой муж адмовіўся хадзіць у паліцыялку і абраў курсы, пасля чаго здаваў іспыт у настаўнікаў сваёй жа моўнай школы. Дык вось: праз год мая польская куды лепшая, чым у яго, хоць фларыстам я пакуль працаваць не збіраюся. Таму што адна справа завучыць адказы на пытанні, якія гадамі амаль не змяняюцца, а іншая – ладна складаць словы ў сказы ды адказваць на нечаканыя пытанні настаўніка, а яшчэ падручнікі на польскай чытаць».


А як быць тым, хто ўжо падаўся на грамадзянства або карту рэзідэнта з сертыфікатам аб заканчэнні паліцэальнай школы? Спачатку праект закона не прадугледжваў пераходнага перыяду, цяпер яго дадалі ў арт. 29. Калі новаўвядзенне прымуць, тыя, хто скончыў паліцэальную школу да 30 чэрвеня 2025 года змогуць пацвердзіць мову без здачы іспыту.


Нагадаем, гэтым жа праектам закона меркавалася пачаць выдаваць дазволы на працу толькі замежнікам з умовай аб працы, але потым пункт выключылі з праекта. Так што пакуль яго не падпісалі ў Сейме, шанец на змяненне рашэння ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Krzysztof Sklodowski / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Krzysztof Sklodowski / Forum

Ці заўсёды неабходны моўны іспыт для атрымання ПМЖ?

Не, гэта залежыць ад падстаў, паводле якіх вы падаецеся. ПМЖ бывае двух відаў:


«stały pobyt», для атрымання якога не трэба пацвярджаць веданне польскай мовы.

На гэты від ПМЖ могуць падавацца замежнікі, якія адпавядаюць крытэрам арт. 195 Закона аб іншаземцах. Напрыклад, гэта польскія карані, карта паляка, знаходжанне ў шлюбе з грамадзянінам Польшчы не менш за тры гады запар, пяць гадоў жыцця па міжнароднай абароне. 

«pobyt rezydenta długoterminowego UE», для атрымання якога трэба пацвердзіць веданне мовы.


Атрымаць карту рэзідэнта ЕЗ больш складаней, таму што яна прызначана для тых, у каго няма «квітка шчасця» накшталт польскіх сваякоў або мужа-паляка. Таму прыйдзецца выканаць іншыя ўмовы, вызначаныя ў арт. 211 Закона аб іншаземцах. Сярод іх – высокі ўзровень заробку, пэўны падлік неабходных мінімальных пяці гадоў пражывання і іншае.

У астатнім сярод гэтых відаў ПМЖ няма адрозненняў: яны бестэрміновыя, даюць магчымасць весці ІП і працаваць паводле найму без спецыяльных дазволаў, а потым – магчымасць прэтэндаваць на польскі пашпарт. Толькі пластыкавую картку змяняць раз на пяць гадоў (для сталага побыту) або 10 гадоў (для пабыту рэзідэнта ЕЗ).


Тэса Анейда / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10