Міністэрству фінансаў Беларусі даручана фінансаванне працэсу адкрыцця амбасады пры Святым Пасадзе (у Ватыкане). Гэта вынікае з пастановы Савету Міністраў № 988 ад 20 снежня 2024 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Амбасада мае быць адкрытая да 1 верасня 2025 года.
Дыпламатычныя зносіны паміж Ватыканам і Менскам былі ўсталяваныя ў 1992 годзе. 18 траўня 1994 года дыпламатычная місія Святога Пасаду адкрылася ў Менску.
Амбасадарамі Беларусі ў Ватыкане прызначаліся паводле сумяшчэння амбасадары нашае краіны ў Швейцарыі, прадстаўнікі пры ААН у Жэневе і іншых арганізацыях.
У верасні 2024 года пакінуў пасаду апостальскага нунцыя (амбасадара) у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзыч, які ўзначальваў дыпмісію Святога Пасаду ў нашай краіне з 21 траўня 2020 года. Новага амбасадара ў Беларусь Ватыкан пакуль не скіраваў.
Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан: у красавіку 2009 года ён сустракаўся з Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI, у траўні 2016-га – з Папам Францыскам.
У Беларусі пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе распачаліся рэпрэсіі, у тым ліку супраць вернікаў і святароў Каталіцкага Касцёлу. Паводле «Хрысціянскай візіі», з 1 верасня 2020 года да 30 лістапада 2024 года ў Беларусі рэпрэсіі зазнаў 31 каталіцкі святар.
Згодна са справаздачаю Папскага дабрачыннага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», Беларусь на другім месцы ў спісе краінаў, дзе арыштоўваюць і забіваюць каталіцкіх святароў. На першым месцы – Нікарагуа.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Марыя Міхалевіч belsat.eu