Апошні раз размаўлялі з баскетбалісткай Кацяй Сныцінай у канцы траўня. Яна тады як раз завяршыла сваю прафесійную кар'еру і «зуб давала», што не вернецца ў прафесійны баскетбол у ролі гульца. Размаўляем з Кацяй пра тое, што яна практычна стрымала слова, але пры гэтым вярнулася ў баскетбол.
– Не вытрымала сэрцайка, хоць трэнерам – але вярнулася ў сваю былую лонданскую каманду London Lions. Расказвай, дзяліся: як, чаму, навошта?
– Гэта факт, так, у ролі гульца я ўжо ў мінулым. Ну вось тут магу хоць «усю сківіцу даць», што ў ролі гульца я не вярнуся, таму што гэта проста маральная такая стомленасць. І я б не вытрымала быць гульцом. Гэта значыць трэба было б зноў трэніравацца ў тым рэжыме, у якім я трэніравалася, а быць такім гульцом-сярэднячком, я сабе ніколі гэтага не жадала. Таму, як мінімум праз тое, што мне не хочацца больш трэніравацца як трэба для таго, каб быць прафесійнай баскетбалісткай, я дакладна на гэтую ніву не вярнуся. Але так, я трошкі вярнулася ў баскетбол – у тым плане, што ўбачыла, як сёлета, у гэтым сезоне гуляе London Lions. У нас памянялася кіраўніцтва клуба яшчэ ў канцы мінулага сезону, і новае кіраўніцтва вылучыла наогул нейкі мінімум фінансаў на жаночы клуб. Там гульцы, дзяўчынкі, некаторыя нават ніколі не гулялі на прафесійным узроўні, гэта значыць ім па 16-20 гадоў. Я ўбачыла, што яны ўсім прайграюць, і гэта, вядома, вельмі сумна выглядае. І я падумала, чаму б не прапанаваць сваю дапамогу.
На той момант я яшчэ не разумела, як магу ім дапамагчы. Я проста прыйшла на пару трэніровак і ўбачыла, што ім як мінімум патрэбен чалавек, які б патлумачыў самім дзяўчынкам, як рыхтавацца да трэніровак, да гульняў і гэтак далей. Гэта значыць нейкія нюансы, якія я на працягу сваёй кар'еры для самой сябе высветліла, гледзячы на іншых, пытаючыся, чытаючы кнігі, гледзячы ўсякія відосы, усё на сабе апрабавала. Вось такой інфармацыяй мне першапачаткова хацелася з імі падзяліцца. Я гэта раблю, але там яшчэ дадалася опцыя. У нас ёсць толькі адзін трэнер, і ён спытаў, ці не хачу я правесці баскетбольную трэніроўку. Я пагадзілася, мне было весела. Дзяўчынкам таксама было весела, праўда, яны набегаліся. І вось неяк нечакана тыдзень таму я правяла сваю першую баскетбольную трэніроўку для баскетбольнай каманды.
– Працытую цябе – чэрвень гэтага году: «Быць трэнерам – гэта яшчэ вялікая адказнасць і нагрузка. Я для сябе гэтага проста не хачу». Працягні.
– Я для сябе гэтага проста не хачу. Я не адчуваю адказнасці, таму што ў клуба сёлета нейкія мінімальныя мэты, у іх задача мінімум – выжыць. Каб клуб існаваў, каб жаночая каманда была заяўлена ў сезон, і цэлы сезон там гуляла. Гэта значыць перад клубам не стаяць нейкія задачы акрамя той, каб выжыць – я не кажу ўжо пра звышзадачы нейкія. Таму я не адчуваю адказнасці, бо і ад мяне яе ніхто не патрабуе. Я проста дзялюся вопытам з гульцамі. Я сябе нават не магла першапачаткова называць трэнерам. Гэта было больш як быццам я старэйшы гулец, і распавядаю ім са свайго досведу, як я гэта рабіла, што мне дапамагала, як мы ў паспяховых камандах працавалі, што ў нас там было і гэтак далей.
Ужо потым, калі мне трэба было правесці баскетбольную трэніроўку, я такая: «Блін, я што, трэнер?» А так я ўсё яшчэ не адчуваю адказнасці. У мяне ёсць адказнасць перад сабой, напэўна – што ў мяне з'явілася магчымасць апрабаваць свае сілы ў гэтым плане. Вось проста з першага дня. Гэта проста прыкольна ўсё супала. Я ўсё яшчэ прытрымліваюся таго, што весці цэлую каманду і як бы спрабаваць выканаць ўстаноўкі клуба на працягу ўсяго сезону – да гэтага я пакуль рэальна і маральна не гатовая. Але быць з дзяўчынкамі і дапамагаць ім як гулец з вопытам, вось гэта мне цяпер цікава.

– У каманды «London Lions» цяжкае фінансавае становішча. Мужчынская каманда фінансуецца добра, а на жаночую сродкаў не хапае. Дзяўчаты не атрымліваюць зарплаты. І ты, як кажуць, на грамадскіх пачатках. Ці надоўга вас усіх хопіць?
– Дзяўчат хопіць на сезон, бо гэта не так, што заўтра прыйду, а паслязаўтра не прыйду, бо не хачу; гэта не так. Мне пашанцавала ў тым плане, што хоць дзяўчынкам і не плацяць, але яны ўсе любяць баскетбол і яны, што б я ім ні дала, усё ўспрымаюць з энтузіязмам, яны проста ірвуць з месца, усё спрабуюць зрабіць на хуткасці. Таму я не баюся таго, што ў адзін дзень хтосьці скажа: «Ой усё, я на трэніроўку больш не прыйду». Я размаўляла з кіраўніцтвам, не з фінансавымі дырэктарамі, а проста з дырэктарам клуба, які тут, у Лондане. І ён сказаў, што ёсць надзея, што ў далейшым «Жальгерыс», хто цяпер валодае нашым клубам, будзе выдзяляць больш грошай. Я насамрэч не вельмі веру, бо не думаю, што ў самой Літве ў жаночы баскетбол шмат укладваюцца. Так што з чаго б літоўскаму клубу ўкладвацца ў брытанскі жаночы баскетбол? Я ў гэта не веру. Але ёсць надзея на тое, што хоць бы ў наступным годзе будзе фінансаванне, і дзяўчынкам, і каго паклічуць гуляць у гэты клуб, хоць бы будуць плаціць.
– Што адчувае баскетбалістка, якая нядаўна слухала ўказанні трэнера, а цяпер раздае іх сама?
,,– Ну, гэта прыкольнае пачуццё. Я так думала, Божа мой, пра ўсіх сваіх трэнераў, каму я дасталася як гулец: «Якое ж у іх было проста анёльскае цярпенне!»
Калі ты гулец, і ты сам слухаеш трэнера, і дзесьці так абы як зрабіў, і такі: «Ай, пракаціла, не пракаціла». Але калі ты трэнер і бачыш, што тваю ўстаноўку не выконваюць менавіта так, як табе здаецца... Ты самай простай мовай патлумачыў, а тут... У мяне вока пачынала торгацца – што наогул адбываецца? Так што мне пашанцавала, таму што я кайфую ад таго, што мне з імі весела, і мне весела сябе ў нейкім новым амплуа ўбачыць і проста адчуць, як гэта. Таму мне весела, я кайфую, і адчуваю нейкую лёгкасць. Яшчэ раз кажу, што пашанцавала з дзяўчынкамі, усе адэкватныя, я ім патлумачыла сітуацыю, чаму я тут, і што я магу ім даць, і мы проста спрабуем адна ад адной узяць больш у гэтым сезоне.
– Як з субардынацыяй, цяжка вытрымліваць?
– Не, напэўна. Бо каманда трэніруецца два разы на тыдзень, і яшчэ адзін дзень гуляе, і ўсе жывуць у Лондане ў розных лакацыях і гэтак далей. То бок, у нас няма такога, што мы дзесьці маглі б правесці вельмі вялікі перыяд часу разам, каб мне з імі пасябраваць. Калі б я была гулец, і была б з гэтай камандай на працягу гэтага паўсезону, і больш часу праводзіла разам, магчыма, дзесьці б пасябравалі, і там бы з субардынацыяй былі б праблемы. Але тут я трэнер, я пішу ў чат – трэніроўка ў вас у столькі, усім быць. Яны прыходзяць і ведаюць, што я ў іх старэйшая, гэта проста закладзена, што яны павінны мяне слухацца.

– У чым ты бачыш прынцыповае адрозненне працы баскетбаліста-гульца і баскетбаліста-трэнера? Каму цяжэй?
– Напэўна, мне было б цяжэй быць трэнерам, таму што ўсё ж такі твая магчымасць паўплываць на гульню сканчаецца, калі гульцы выходзяць на паркет, і гульня пачынаецца. Усё, што табе застаецца, гэта потым толькі сядзець і крычаць на іх. А калі ты сам гулец і разумееш, што ад цябе цяпер тут усё залежыць... Зразумела, што гэта доўгі шлях. Цябе павінен быў падрыхтаваць трэнер, ты павінен быў ад гэтага максімум свой узяць, сам падрыхтавацца і гэтак далей. Але мне здаецца, цяжэй ўсё ж такі маральна трэнеру, які павінен правесці гэтую велізарную працу, а потым не ведаць у пэўны момант, выканае яе гулец ці не. Таму, мне здаецца, гульцу ў гэтым плане лягчэй.
– Трэнерства – гэта тваё? І калі так, то ці надоўга цябе хопіць?
– Пару тыдняў я іх трэнірую. У мяне ёсць адчуванне, што я магу зараз класна структураваць веды, якія ў мяне ёсць, і якія я ўжываю цяпер. Не ведаю, ці спатрэбяцца яны мне ў будучыні, але ў мяне няма адчування, што трэнерства – гэта маё. Усё ж такі для мяне трэнерства – гэта паўтараць адно і тое ж мільён разоў. Ну не таму, што гэта нейкі слабы ўзровень гульцоў, не. Трэнеры робяць адно і тое ж на ўсіх узроўнях. У якой камандзе б я ні гуляла, нам мільён разоў гаварылася адно і тое ж. І хоць бы мы гэта выконвалі, але не. Таму я сябе не бачу галоўным трэнерам. Можа быць, гэта будзе мадыфікацыя нейкай школы, я нават не магу загадваць наперад, калі так шырока зірнуць. У суме ў мяне ёсць чым дзяліцца, але як гэта ўсё спакаваць і ці будзе мне гэта цікава гэтым займацца, я цяпер не ведаю.
– У ролі гульца на пляцоўку дакладна ўжо ні нагой, ні рукой?
– Не, ужо я не ў баскетбольнай форме. Я ў добрай чалавечай форме, але гэтая форма – не баскетбольная. Я б цяпер 40 хвілін не выбегала.

– Трошкі адкруцім плёнку, дзе Каця трэнер, і спынім, дзе Каця акторка. У верасні ў Нью-Ёрку на тэатральнай пляцоўцы La MaMa «Свободны тэатр» прадставіў сваю пастаноўку «KS6: Small Forward», у якой баскетбалістка Кацярына Сныціна іграе саму сябе. Як прайшла прэм'ера?
– Афігенна! Прэм'ера – гэта была такая мая квінтэсенцыя засяроджанасці, выдаць свой максімум, таму што там былі два дні прэм'еры. І я ў той момант выдала максімум таго, што я магла зрабіць. Зразумела, што ў канцы, калі гэта быў 17-ы спектакль, я глядзела запісы, і бачыла, як я грала прэм'ерныя спектаклі, і як я грала апошнія спектаклі ў Нью-Ёрку. Там адчуваецца розніца. І што для мяне вельмі важна: я потым выходзіла да людзей, і яны казалі, што ім спадабалася, яны плакалі, разам са мной перажывалі, што вярталіся ў нейкае сваё мінулае...
Гэта былі класныя моманты, калі ты выходзіш да сваіх жа гледачоў, і яны потым з табой дзеляцца эмоцыямі, якія яны толькі што пражылі разам са мной. Гледачы – гэта былі не толькі беларусы, але прыкольна, што гэта былі і амерыканцы, якія пражывалі такія ж эмоцыі. У спектаклі ёсць часткі і пра баскетбол, і пра пратэст, але ёсць і пра маё асабістае жыццё, і пра Надзю, і пра бабулю і гэтак далей. І ў нейкіх кропках у нас, напэўна, з любым чалавекам на планеце ёсць гэтыя агульныя падыходы. І прыкольна было, што атрымалася так, што хто б ні быў глядач, усё роўна ў нас былі гэтыя агульныя падыходы, і яны потым вось гэтым дзяліліся са мной.
– Нагадвае казку або чароўнае жаданне феі: ЗША, Нью-Ёрк. Манхэтэн, свой спектакль, ты іграеш саму сябе. У цябе выпадкова дах не зрывала?
– А, казка! Вы б ведалі, колькі трэба рэпеціраваць, каб... Я разумею, што гэта можа выглядаць, што Сныцінай падфарціла, і што яна да гэтага ўсяго вельмі лёгка прыйшла. Але перад гэтым стаяла тры месяцы рэпетыцый, практычна кожны дзень па 8-10 гадзін. Я магу назваць гэта казкай таму, што ў гэты перыяд я кайфавала. Мне падабалася спрабаваць нешта новае, гэта было цяжка, у мяне быў жудасны стрэс, Я па начах не магла заснуць, таму што ў мяне былі думкі, як вывучыць гэты тэкст. Але калі шмат працуеш і ведаеш, чаго хочаш, то ў выніку апынаешся вось у такой казцы, так, і падарожнічаеш па свеце.

– Што аказалася самым складаным на сцэне ў тваім выкананні? Запомніць тэкст, зграць ролю, кантраляваць пачуцці, эмоцыі?
– Там такі мікс усяго, што мне трэба было рабіць зусім супрацьлеглае таму, што я рабіла на баскетбольнай пляцоўцы, як я прывыкла дзейнічаць у сваім жыцці. Дапусцім, у баскетболе я прывыкла абстрагавацца ад знешніх гукаў, гэта значыць гэта можа быць арэна на 5000 чалавек, але ты на пляцоўцы са сваёй камандай, і я магла зачыніцца ад знешніх гукаў, каб не чуць нічога, што адбываецца звонку.
У тэатры гэта ўсё наадварот працуе: ты павінен чуць, як людзі рэагуюць, ты павінен адчуваць кожнага чалавека, які сядзіць у зале і глядзіць на цябе, таму што ў вас адбываецца абмен энергіямі. Вось гэта было для мяне самае цяжкае, што я не магу проста зрабіць тое, што завучыла. Мне трэба гэта рабіць, адчуваць, прайграваючы ў сабе ўнутры вось гэтыя ўсе асацыяцыі і вяртацца ментальна ў розныя моманты. Калі гэта пра дзяцінства, то я павінна была ў момант таго, як я прамаўляю тэкст, у галаве вяртацца ў гэтыя свае дзіцячыя моманты і адчуўшы іх, толькі тады выдавала тэкст. Вось гэта для мяне было самае складанае, таму што я прывыкла вывучыць нейкую камбінацыю і пагналі, не гледзячы ні на што, што адбываецца звонку або ўнутры мяне. Тут тэатр – гэта, вядома, зусім іншая штука. Для мяне гэта было вельмі цяжка, 30 старонак ангельскага тэксту. Гэта спачатку здавалася нерэальным, але калі ты пакрышку вучыш, вучыш, вучыш і потым проста разумееш, што опа, а я вывучыла, аказваецца, гэта адно. Але яшчэ кожны раз вяртацца ў нейкія свае ўспаміны і праз іх распавядаць сваю гісторыю – гэта цяжка.
– Што беларускага для беларусаў у гэтым праекце?
– Усё, я. Гэта беларуская гісторыя, гісторыя чалавека, які не звяртаў увагі на тое, што адбываецца ў яго краіне. І толькі ў 2020 годзе ўсвядоміла, зразумела: опа, ты грамадзянка сваёй краіны, давай-ка паглядзі, што наогул адбываецца ў ёй. Таму я думаю, у гэтай гісторыі ўсё для беларусаў.
– Ты задаволеная агульным вынікам? Рэалізавала сябе на сцэне як хацела, ці няма мяжы дасканаласці?
– Няма мяжы дасканаласці, гэта Наталля з Мікалаем [Мікалай Халезін і Наталля Каляда – беларуская пара, якая стварыла Свабодны тэатр у Менску і атрымала поспех па ўсім свеце] мяне гэтаму навучылі. Пасля кожнага спектакля адразу ж быў разбор палётаў – што я зрабіла не так, дзе ў наступны раз трэба зрабіць лепш і ў гэтым плане, вядома, дасканаласці ніколі няма мяжы, як і ў баскетболе. Быў праведзены велізарны кавалак працы, падрыхтоўка саміх гэтых спектакляў, гэта адно. Зараз, на працягу году або двух, мы яшчэ будзем ездзіць па свеце, паказваць спектаклі ў розных канцах свету. Але ў мяне няма такога, што я зрабіла 17 спектакляў і ўсё, я расслабілася. Тым больш, сэнс быў не ў тым, каб Сныціна пабыла акторкай, сэнс быў у тым, для мяне асабіста, што «Свабодны тэатр» даў мне магчымасць распавядаць пра тое, што адбываецца ў маёй краіне не толькі беларусам, але і людзям за мяжой. Гэтая праца не скончыцца, пакуль дыктатура не зменіцца нармальнай уладай.
– Дзе і калі спектакль з тваім удзелам можна будзе ўбачыць?
– Наступныя спектаклі будуць з 5 па 8 лютага ў Лондане. Далей мы яшчэ будзем апдэйціць. Дзесьці ў чэрвені будзем выступаць у Люксембургу на фестывалі. Але будзем спадзявацца, што зможам паказаць гэта максімальнай колькасці людзей.
– Баскетбол – паркет – гулец. Тэатр – сцэна – актор. Баскетбол – паркет – трэнер. Што цяжэй? Дзе больш знядужвае «фізіка», дзе эмоцыі, ці ўсе разам?
– Дарэчы, у тэатры ў нас таксама паркет, і нават ёсць баскетбольнае кальцо. Сцэна выглядае як палоўка баскетбольнай пляцоўкі. Напэўна, праз тое, што я ніколі за такі кароткі перыяд часу не пражывала ўсе свае эмоцыі, якія са мной здарыліся за ўсё маё жыццё, то спектакль – гэта рэальна мая гісторыя, гісторыя майго жыцця. Напэўна, цяжэй за ўсё, таму што гэта было нешта вельмі новае для мяне, акторства, вучыць, як правільна казаць, як вымаўляць ангельскія словы, не глынаючы канчаткі і гэтак далей. Усё ж такі ў тэатральным парку гэта аказалася для мяне самым цяжкім.
– Не магу не спытаць – як на сямейным фронце? Напэўна адчуваеш падтрымку, адной цяжка б было ўсё гэта здужаць?
,,– Надзя наогул... Надзя ўсё ўзяла ў свае рукі. Я прачыналася ў шэсць раніцы, сыходзіла, прыходзіла ў дзевяць [вечара]. Яна забірала мяне з рэпетыцый, прыязджала абавязкова і карміла. Мець жонку, калі ты праходзіш такі па графіку цяжкі перыяд часу, гэта, вядома, проста афігенна. Таму гэта быў класны вопыт.
– Як аднаўляеш сілы? На моры, на сонейку – паспела пакапрызіць і адарвацца? Ці як звычайна – уся ў справах, клопатах і спакой табе толькі сніцца?
– Не, мы паехалі з Амерыкі, з Нью-Ёрку, адразу ў Лондан. Трапілі ў лонданскую волкасць. На моры не былі. Такога, як у агульным разуменні гэтага слова, адпачынку, каб з'ехаць у Турцыю і на all-inclusive нічога не рабіць, мы сабе не дазволілі. Таму што Надзі трэба працаваць, у мяне нейкія свае іншыя штукі пастаянна ўзнікаюць, нейкія праекты. Таму я не лічу, што цяпер мне, нам гэта трэба. Мы выдатна сябе адчуваем. У нас быў перыяд адаптацыі ў Лондане, таму што мы, напэўна, месяц не маглі нармальна прачынацца ў адэкватны час. Але, я думаю, цяпер арганізмы ў нас аднавіліся трошкі. Мы жывем такім жыццём, ад якога адпачынак, у прынцыпе, не патрэбны.
– Сочыш за навінамі на радзіме? Хутка выбары прэзідэнта – 26 студзеня. Што скажаш з гэтай нагоды? Якім табе бачыцца фінал прэзідэнцкай кампаніі?
– Вядома, сачу. Я толькі ў 2020-м стала грамадзянінам сваёй краіны. Навошта ж мне ў 2024-м пераставаць нешта рабіць? Вядома, сачу за парадкам дня.
– Нас «чакае доўгая дарога дадому»?
– Не ведаю калі, але аднойчы гэта ўсё зменіцца. Сёння, дарэчы, я спытала ў чата GPT: «Скажы мне дату, калі ў Беларусі зменіцца ўлада». Ён аднекваўся, казаў, што не ведае дакладнай даты. Я кажу: «Ну выкажы здагадку?» Ён сказаў: «2040-ы». Дзякуй, чувак. Я кажу: «Дык а рабіць-то што?» Ён сказаў, што на паверхні ўсё, што мы абмяркоўваем. Беларусам па-за краінай трэба працягваць распавядаць пра Беларусь, умацоўваць сувязі паміж сабой, падтрымліваць ініцыятыву, падтрымліваць фінансава адзін аднаго, і тых, хто ў Беларусі. Карацей, чат GPT не выдаў нічога новага.
– Надыходзяць калядныя святы, хутка Новы год. Твае пажаданні беларусам?
– На вопыце майго завучвання тэксту на ангельскай мове скажу так – усё магчыма. Часам будзе здавацца, што гэта немагчыма, што навошта я наогул у гэта ўвязалася, лепш бы ціхенька скончыла сваю кар'еру і тады б адразу паехала адпачываць на моры і нічога не рабіць. Але калі ты нешта робіш, у любым выпадку кудысьці рухаешся. Таму, чым бы вы ні займаліся, калі вам здаецца цяпер, што прагрэсу няма, гэта не так. Калі вы кожны дзень нешта робіце для сябе, для свайго развіцця, для сваёй краіны, усё гэта ў выніку назапашваецца, і ў адзін дзень вы ўбачыце вынік. Таму будзьце цярплівыя і ўсяго нам найлепшага!
– І апошняе – на што цяпер зуб даеш?
– Не ведаю. Я так была ўпэўненая, што ў баскетбол наогул не вярнуся, ні ў якім плане. Калі б нешта ўсплыло, я магла б пра нешта сказаць: «Не, ніколі, ні за што». Цяпер проста такі перыяд, што я ні ад чаго не стамілася настолькі, як у той момант ад баскетболу, таму нават не ведаю, што сказаць.
Гутарыў Павел Алейнікаў / АБ belsat.eu