Пераслед беларусаў не спыняецца. Рэжым працягвае ціснуць і кідаць за краты ўсіх, хто можа нанесці яму нават патэнцыяльную пагрозу.
Стала вядома, што ў выніку новага завочнага разгляду справы арт-менеджара Аляксандра Чахоўскага асудзілі да 7 гадоў калоніі і штраф у памеры 800 базавых велічыняў (32 000 рублёў). Яго справу наноў разглядалі пасля таго, як Вярхоўны суд падчас апеляцыі адмяніў прысуд пяці фігурантам справы «Рудабельскай паказухі» ў частцы прызначэння завочнага пакарання Чахоўскаму ў выглядзе трох месяцаў арышту. Цяпер у абвінавачванне яму дадалі два новых артыкула.
З’явіліся дадзеныя, што палітвязня Уладзіміра Кнігу зноў будуць судзіць. Летась яму дадалі яшчэ адзін год зняволення паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Па інфармацыі праваабароцаў, там на Уладзіміра працягваюць аказваць ціск: змясцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэнні, пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў. Як паведамляе @stranafund, у студзені суд Барысаўскага раёна будзе разглядаць ужо другую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Яму пагражае да 2 гадоў зняволення.
Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку судзяць за «акт тэрарызму» і «здраду дзяржаве», нібыта за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі.Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
У Менгарсудзе завочна пачалі судзіць эканаміста і адміністрацыйнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Паўла Данэйку. Па версіі абвінавачання, Данэйка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «як яго ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэтаў неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады». Спецыяльная вытворчасць у адносінах да Данэйкі была паспачатая 8 кастрычніка 2024 года. Вядома, што яго справу разглядае суддзя Валянціна Зянькевіч.
У Воршы за «экстрэмізм» асудзілі дэпутата мясцовага склікання Юрыя Аністраткіна. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У Менскім гарадскім судзе пачалі судзіць супрацоўніка дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Мікалая Хілу, якога затрымалі яшчэ 24 кастрычніка. Мужчыну абвінавачваюць па двух артыкулах – ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый). Працэс вядзе суддзя Алена Ананіч.
У судзе Лепельскага раёна распачаўся суд паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) над Аляксеем Маладыкам. Справу супраць яго разглядае Міхаіл Юрчанка.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе іконы ў стылі анімэ. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Брэста. Пад забарону трапілі плакаты, стыкеры і налепкі ікон у стылі анімэ.
Старонку кіраўніцы «Белсату» Аліну Коўшык у Facebook прызналі «экстрэмісцкай». Як высветлілася, такое рашэнне яшчэ 20 снежня прыняў суд Ленінскага раёну Горадні.
Надзея Вольная belsat.eu