навіны

«Гэта здрада саюзнікам і Славаччыне». Робэрт Фіца сустрэўся з Пуціным

Прэм'ер-міністрам Славакіі Робэрт Фіца і кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін. Масква, Расея. 22 снежня 2024 года. Фота: Gavriil Grigorov / POOL Moscow Russia / East News
Прэм'ер-міністрам Славакіі Робэрт Фіца і кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін. Масква, Расея. 22 снежня 2024 года. Фота: Gavriil Grigorov / POOL Moscow Russia / East News
podpis źródła zdjęcia

Прэм'ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца сустрэўся з Уладзімірам Пуціным упершыню за восем гадоў. Сустрэча адбылася ў фармаце сам-насам 22-га снежня. Пасля перамоваў Фіца напісаў, што асноўнай тэмай сустрэчы быў транзіт газу.

Паводле славацкага прэм'ера, гэтая сустрэча стала ягоным адказам прэзідэнту Украіны, які выступае супраць любога транзіту газу праз Украіну ў Славаччыну.

«Гэта здрада саюзнікам і Славаччыне, гэта разрыў у нашай замежнай палітыцы, на які прэм'ер-міністр не мае мандату», – пракаментаваў візіт
Робэрта Фіца ў Маскву былы міністр замежных справаў Славаччыны Іван Карчок.

На што разлічваў Фіца, паціскаючы руку Пуціну?

,,

«Роберт Фіца спадзяецца на ціск на Украіну, прычым з боку Масквы і Еўразвяза, калі яму разам з венгерскім прэм'ерам атрымаецца гэтага дамагчыся. Магчыма, нават з боку ЗША ў межах перамоваў аб спыненні расейскай агрэсіі супраць Украіны», – мяркуе палітолаг Іван Праабражэнскі.


Паводле афіцыйнага камюніке Браціславы, візіт быў выкліканы занепакоенасцю славацкага прэм'ера ў сувязі з няўдалымі перамовамі Масквы і Кіева. Бакі не змаглі дамовіцца аб працягу экспарту расейскага газу ў Еўропу праз Украіну пры пасярэдніцтве Баку. Пра гэта ў пятніцу паведаміла агенцтва Reuters са спасылкаю на высокапастаўленую крыніцу ў азербайджанскай энергетычнай кампаніі СОКАР.

Урад Украіны абвясціў, што 1 студзеня а 7-й гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу расейскі газ перастане паступаць у Еўропу праз Украіну.

«Мы не хочам гуляць у гульню, калі іншая краіна атрымлівае газ з Расеі, а затым займаецца яго транзітам. Гэта тое самае, што працягваць атрымліваць прыбытак ад гэтай вайны і адпраўляць грошы ў Расею. Калі еўрапейская краіна гатовая атрымліваць газ і не плаціць гэтыя грошы Расеі да заканчэння вайны, пра гэта можна падумаць. Мы не дамо Расеі дадатковых магчымасцяў зарабляць на гэтай вайне», – упэўнены прэзідэнт Украіны
Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Пуцін жа падчас прамой лініі заявіў, што «Газпром» перажыве спыненне паставак праз Украіну. 

Прэм'ер-міністрам Славакіі Робэрт Фіца. Масква, Расея. 22 снежня 2024 года. Фота: Artyom Geodakyan / POOL Moscow Russia / East News
Прэм'ер-міністрам Славакіі Робэрт Фіца. Масква, Расея. 22 снежня 2024 года. Фота: Artyom Geodakyan / POOL Moscow Russia / East News

Без газу Славаччына не застанецца ў любым выпадку: газатранспартная сістэма краіны злучаная трубаправодамі з Польшчай, Чэхіяй, Аўстрыяй і Вугоршчынай. Пытанне толькі ў цане. Славаччына не гатовая адмовіцца ад расейскага газу, бо ён трохі таннейшы.

Іншую пазіцыю займае Аўстрыя, якая да апошняга часу была звязаная з «Газпромам» кантрактам паводле схемы «бяры або плаці» да 2040 года. Аднак у лістападзе кампанія OMV скасавала дамову, спасылаючыся на парушэнне абавязацельстваў расейскім бокам.

Вайна, развязаная Пуціным, паклала канец паўвекавой газавай супрацы Масквы з Еўропай. Што датычыць іншых краінаў Еўропы, то яны пазбавіліся залежнасці ад расейскага газу яшчэ раней. Нямеччына за кароткі тэрмін пабудавала пяць тэрміналаў для прыёму звадкаванага газу і нават забараніла сваім кампаніям набываць звадкаваны расейскі газ.

,,

«Нямеччына ўвогуле не імпартуе расейскі газ, нават у звадкаваным выглядзе праз парты на Паўночным моры. І сёння ў нас доля амерыканскага звадкаванага газу складае 90 %. Гэтае пытанне больш не ёсць пытаннем будучыні, прынамсі для Нямеччыны», – упэўнены федэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.


Паводле дырэктара энергетычных праграмаў Цэнтру Разумкова Уладзіміра Амельчанкі, да вайны Расея выкарыстоўвала зніжкі на газ дзеля таго, каб набываць палітычны ўплыў.

З верасня 2021 года акцыі «Газпрому» абясцэніліся ўтрая. Доля расейскага газу ў імпарце Еўразвязу скарацілася з 45 % у 2021 годзе да 18 % у чэрвені 2024 года. У новым годзе гэты паказчык знізіцца яшчэ больш. Паводле справаздачнасці кампаніі, страты «Газпрому» за дзевяць месяцаў бягучага года склалі 3 мільярды долараў. На думку Уладзіміра Амельчанкі, Расея будзе пакрываць страты манапаліста коштам павышэння цэнаў на газ на ўнутраным рынку.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Руслан Ігнатовіч, Ігар Сінякевіч, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10