навіны

Каго чакаць на святы – Дзеда Мароза ці Святога Мікалая?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзед Мароз у парку Горкага ў Менску. Крыніца: holiday.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзед Мароз у парку Горкага ў Менску. Крыніца: holiday.by
podpis źródła zdjęcia

У навагоднія святы, акрамя ялінкі, каляровых гірляндаў і святочнай музыкі, вельмі важны і той, хто таемна прыносіць падарункі. Завуць гэтага героя па-рознаму: Дзед Мароз ці Санта-Клаус, Ёўлупукі ці Святы Мікалай. Але ці заўсёды так было?

«Толькі ў ХІХ стагоддзі, калі развіўся гандаль, калі розным фірмам трэба было прадаваць свае тавары, карацей, з развіццём капіталізму паўстаў вось гэты вобраз, які ў ЗША ператварыўся ў Санта-Клауса, у Еўропе больш у Святога Мікалая. А ў Расейскай імперыі тады пачалі прыдумляць – ужо запознена дастаткова – вобраз такога Дзядулі Мароза», - тлумачыць гісторык, аўтар праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімафей Акудовіч.

З прыходам на нашыя землі савецкай улады святочнага дзеда, як і самое свята, спачатку ўвогуле адмянілі, кажа гісторык. Вярнулі ж святкаванне Новага года толькі ў 1930-я гады. А Дзеду Марозу прыдумалі спадарожніцу – Снягурку.

,,

«У нейкі момант Сталін палічыў, што, напэўна, сітуацыя ў краіне настолькі дрэнная, што трэба людзям падарыць хоць нейкую радасць. Савецкі Саюз шмат чаго забіраў у Захаду, шмат капіяваў, і гэта тая ж гісторыя. Яны ўзялі Святога Мікалая, пераапранулі яго ў сінюю шубу, далі яму назву Дзед Мароз», - кажа Цімафей Акудовіч.


Але зімовыя персанажы на нашых землях былі яшчэ да з'яўлення ўсіх добрых дзядоў, якія прыносяць падарункі. Да прыкладу, Мароз, якога ў святы частавалі куццёй, каб моцна не марозіў. Або Зюзя – боства зімы і халадоў у дахрысціянскай міфалогіі.

«Зюзя, канечне, не быў такі добры, яго ўшаноўвалі. Увогуле, што да ўсіх багоў, – з імі не можна было так паплечнічаць, як з сябрам, іх пабойваліся, да іх ставіліся вельмі ўважліва і з асцярогай, каб не нашкодзілі», - адзначае кіраўніца этнацэнтру «Світанак»
Марына Струнеўская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сядзіба Зюзі ў Гарадзенскай вобласці на тэрыторыі комплексу «Гарадзенскi маёнтак «Каробчыцы». Крыніца: holiday.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сядзіба Зюзі ў Гарадзенскай вобласці на тэрыторыі комплексу «Гарадзенскi маёнтак «Каробчыцы». Крыніца: holiday.by

Лукашэнкаўскія ўлады маюць уласную думку наконт таго, хто і што мае быць сімвалам Калядаў і Новага года. Да прыкладу, паводле выдання «Зеркало», чыноўнікі рассылалі ў гандлёвыя цэнтры, крамы і кавярні адмысловыя інструкцыі, каб у святочным аздабленні выкарыстоўваліся «сімвалы, элементы славянскага паходжання, у тым ліку выявы Дзеда Мароза і Снягуркі». Незаходняй мае быць і святочная музыка.

Сам жа сімвал навагодніх святаў набывае ўсё больш ідэалагізаваны імідж. Вось партызанскі Дзед Мароз у Івацэвіцкім раёне. Або Дзед Мароз на танку ў гістарычна-культурным комплексе «Лінія Сталіна».

Каго ж з персанажаў абраць? Найбольш нашых гледачоў аддалі перавагу Святому Мікалаю – амаль палова (48 %). Траціна лічыць, што Зюзя мае перастаць чакаць ахвяраванняў і пачаць прыносіць падарункі (32 %). Кожны шосты – за савецкага Дзеда Мароза (17 %), а найменш галасоў сабраў заходні Санта-Клаус - 3 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі ў касцюмах Санта-Клаўса збіраюць падарункі ля мэрыі для дзіцячай бальніцы ў Дзень святога Мікалая ў Кракаве, Польшча. 6 снежня 2024 года. Фота: Omar Marques / Anadolu via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі ў касцюмах Санта-Клаўса збіраюць падарункі ля мэрыі для дзіцячай бальніцы ў Дзень святога Мікалая ў Кракаве, Польшча. 6 снежня 2024 года. Фота: Omar Marques / Anadolu via Getty Images

Гледачы каментуюць свой выбар:

«Не ведаю, што за Зюзя, але галасавала за яе. Зюзя, я чакаю».

«Здаецца, не ўсе разумеюць, што Санта-Клаус – гэта і ёсць Святы Мікалай».

«Мікалай – на Каляды, Зюзя – у Новы год. Дзеда Мароза можна пакінуць на стары Новы год».


Доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава мяркуе, што добрым варыянтам для беларусаў можа быць менавіта Святы Мікалай:

,,

«Гэта быў сапраўды той персанаж, той святы, каторы суправаджаў змену года, Раство, суправаджаў гэтыя святы. Важна яшчэ адзначыць, што Святы Мікалай – ён і для праваслаўных, і для каталікоў, то бок ён яднае хрысціянскія канфесіі на Беларусі адназначна».


Этнографы ж нагадваюць пра іншы варыянт: дарыць святочны настрой можа не толькі нейкі дзядуля. Каляднікі і калядная каза – таксама персанажы беларускіх святаў.

«Давайце адмаўляцца ад чужынскага, а наадварот, аднаўляць нашае беларускае традыцыйнае: калядоўнікаў, маскі, казу, мядзведзя, Зюзю, ну і святы – хадзі з двара ў двор!» - заклікае Марына Струнеўская.


Як бачым, выбар у беларусаў багаты, галоўнае – каб быў святочны настрой. І няхай кожны з чароўных персанажаў спрыяе таму, каб у Новым годзе збываліся нашыя запаветныя жаданні.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10