Аляксандр Лукашэнка тыдзень правёў на Блізкім Усходзе, наведаўшы Аман і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Дзякуючы гэтаму, паводле беларускіх дзяржаўных медыяў, «арабскі Усход захапіў увагу беларусаў», хаця бачных вынікаў візіт не даў: фактычна «дамовіліся дамаўляцца». Болей за тое, перамовы былі напаўсакрэтнымі. Сустрэчы за закрытымі дзвярыма дзяржаўныя медыі растлумачылі «асаблівасцямі рэгіёну».
Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аман быў другім за час ягонага кіравання. Упершыню ён пабываў там у 2007-м, і калі б тая паездка была плённай, таваразварот паміж дзяржавамі, падобна, цяпер мусіў бы быць істотным. Аднак, як адзначыў палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч, летась краіны нагандлявалі толькі на $ 5 млн:
«Гандаль паміж Беларуссю і Аманам настолькі маленькі, што ў вялізным артыкуле на БелТА, які спадарожнічаў візіту, дзе было вельмі шмат пафасных словаў адносна перспектываў супрацы, пасаромеліся назваць лічбу гандлю паміж Беларуссю і Аманам, а аказваецца, што мінулым годам яна складала толькі пяць мільёнаў долараў. Гэта настолькі мізэрна, што можна казаць, што ўвогуле ніякага гандлю няма, калі казаць пра міждзяржаўныя камерцыйныя стасункі».
Праблемы ў гандлі з Аманам прызнаў і дэпутат ды прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі. Ён марыць, што таваразварот дасягне спачатку хаця б «некалькіх дзясяткаў мільёнаў долараў».
«На сёння паказнікі таваразвароту з гэтай краінаю нязначныя і відавочна не адлюстроўваюць магчымага патэнцыялу двухбаковага ўзаемадзеяння. Нават калі мы выйдзем на таваразварот спачатку ў некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, потым – сто і вышэй, гэта ўжо будзе сур'ёзны вынік», – заявіў ён, натуральна, не растлумачыўшы, чаму ж «сур'ёзных вынікаў» не ўдалося дамагчыся пасля папярэдняга візіту «лідара».
Паездку Лукашэнкі ў Аман дзяржаўная прапаганда асвятляла падрабязна і з натхненнем. Ён наведаў, бадай, усё што мог: і хімічнае прадпрыемства, і порт, і музей, і славутасць – крэпасць у Сухары.
Як сказаў палітык, султан Аману прапанаваў стварыць хаб для прасоўвання беларускіх тавараў.
«Гандлюючы спачатку таварамі, мы гатовыя тут стварыць супольныя прадпрыемствы і пашыраць тут вытворчасці і разам гандляваць. Гэта датычыць шмат якіх прадуктаў, тавараў. Мы пра гэта публічна не гаворым з увагі на пэўныя прычыны», – заявіў Лукашэнка.
Нельга выключаць, што гаворка ідзе пра абыход санкцыяў. У вялікім артыкуле дзяржаўнай кампаніі БелТА, прысвечаным вынікам візіту, наўпрост адзначаецца:
«Аман – своеасаблівы пункт уваходу на салідны рынак краінаў рэгіёну. Гаворка пра рээкспарт. Прасцей кажучы, мы прадаем свае тавары ў Аман, дамаўляемся з імі. А аманскі бізнес, маючы свой інтарэс і беручы на сябе пэўныя рызыкі, прадае гэтыя тавары далей. У выніку выгада для абодвух бакоў».

Што ў Амане, што ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, куды Лукашэнка паляцеў потым, перамовы вяліся за закрытымі дзвярыма. Прапаганда тлумачыць гэта асаблівасцямі рэгіёну, маўляў, тут такая завядзёнка:
«З аднаго боку, грошы любяць цішыню, а абмяркоўваюць, натуральна, гандлёва-эканамічную супрацу. З другога боку, санкцыі. І нейкія тэмы лепей не выносіць у публічную прастору».
У Беларусі чакаюць ледзь не прарыву ў стасунках з Аманам, хаця ані ў Менску, ані ў Маскаце няма нават амбасадаў.
«Калі ў міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова спыталі, якія перспектывы адкрыцця амбасады, ён казаў вельмі цьмяна і няпэўна, маўляў, калі працэсы супрацы, гандлю, турызму дасягнуць нейкага пэўнага ўзроўню, вось тады мы будзем пераводзіць гэтую праблему ў практычную плоскасць. То бок МЗС Беларусі добра разумее, што асаблівага сэнсу ў гэтым візіце няшмат. Ну вось, наведаў музей, порт, ну таксама, мусіць, карысна для пашырэння кругагляду», – іранізуе Карбалевіч.
Узаемны турызм, падобна, мусіць заквітнець пасля адкрыцця наўпроставага авіярэйсу: плануецца, што гэта здарыцца ўжо ў лютым. Беларусы змогуць наведваць Аман без візы на тэрмін да 14 дзён.
У турыстычную плоскасць візіт Лукашэнкі ў султанат перавёў і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:
«У Амане Лукашэнка выступае ў ролі тураператара: ездзіць па краіне і запрашае ўсіх запар наведаць Беларусь».
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету, старшыня НАУ Павел Латушка палічыў візіт Лукашэнкі ў Аман клопатам пра гаманец сям'і, бо тавараў, якія б зацікавілі гэтую краіну, у нас небагата:
,,«Хутчэй за ўсё, гэты візіт быў звязаны з прыватнымі інтарэсамі сям'і Лукашэнкі, звязанымі з рэалізацыяй пасярэдніцкіх схемаў; схемаў, што забяспечаць перапродаж беларускіх тавараў на рынках трэціх краінаў пры тым, што дэльта ад гэтага перапродажу будзе заставацца ў кішэнях сям'і Лукашэнкі».
Менавіта дзеля гэтага, паводле Латушкі, палітык узяў з сабою старэйшага сына Віктара.
Яшчэ адною мэтаю візіту магло быць «сірыйскае пытанне»:
«Аман меў даволі нармальныя, добрыя стасункі з Башарам Асадам. Магчыма, што рэжым Лукашэнкі паставіў прадукцыю, за якую не разлічыўся рэжым Асада, і Лукашэнка пры дапамозе Аману будзе спрабаваць выцягнуць гэтыя сродкі ад тых уладаў, што сёння кантралююць сітуацыю ў Сірыі».

Пра перамовы ў ААЭ, куды Лукашэнка паляцеў з Аману, інфармацыі зусім нягуста. Візіт таксама названы рабочым, палітык быў не ў гарнітуры, паводле афіцыйнага паведамлення казённай моваю, «асобая ўвага падчас візіту была нададзеная супрацы ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, гуманітарнай ды іншых сферах, што ўяўляюць узаемную цікавасць».
«Наколькі нам вядома, Лукашэнка мае там свае бізнес-інтарэсы, свае фірмы, якія таксама кантралюе і Віктар Лукашэнка, і Віктар Шэйман, праз якія ажыццяўляецца перапродаж беларускіх тавараў з тым, што дэльта захоўваецца менавіта ў гэтых фірмаў. Наколькі нам вядома, ён мае ўжо і маёмасць у ААЭ, вялікую вілу, што належыць Віктару і Аляксандру Лукашэнкам. Магчыма, паводле нашых звестак, Віктар Лукашэнка ўжо мае статус рэзідэнта ў ААЭ, каб плаціць менш падаткаў і не плаціць іх на тэрыторыі Беларусі», – каментуе Павел Латушка.
Ён таксама сказаў пра рэінвестыцыі: выходзіць, што «сям'я Лукашэнкі» ўкладаецца ў Беларусь праз Эміраты.
«Арабскія кампаніі, якія заходзяць з ААЭ на беларускі рынак, могуць кантралявацца сям'ёю Лукашэнкі. Фактычна гэта рэінвеставанне скрадзеных сродкаў беларусаў у эканоміку Беларусі. Мы ў адзін дзень можам прачнуцца і зразумець, што фактычна ўсе гэтыя інвестыцыі з ААЭ – гэта інвестыцыі сям'і Лукашэнкі, якая кантралюе вялікую частку ўласнасці на тэрыторыі Беларусі», – сказаў Латушка.
«Звычайна замежныя лідары робяць візіты ў краіны, адносна якіх ёсць нейкія перспектывы гандлю, інвестыцыяў, увогуле нейкія важныя задачы супрацы ў эканамічным, палітычным, магчыма, ваенным сэнсе. Другі год мы бачым, што Лукашэнка ладзіць візіты ў краіны, што абсалютна мала цікавыя Беларусі. Ён ездзіць у Афрыку, лятаў у Манголію, вось цяпер у Аман», – адзначае Валер Карбалевіч.
Ён упэўнены, што выдаткі падаткаплатнікаў на такія візіты не апраўдваюцца, і краіна не атрымоўвае належнага эфекту:
«З улікам таго, што пасля Аману Лукашэнка паляцеў у ААЭ, то можна сказаць, што візіт у Аман – проста па дарозе ў Эміраты. У Эміраты Лукашэнка ездзіць кожны год, дзесьці ў лістападзе – снежні, як правіла, дзеля адпачынку, але на афіцыйным узроўні гэта абвяшчаецца рабочым візітам».
Паводле аглядальніка радыё «Свабода», мэта гэтага ваяжу – даказаць беларускаму грамадству і наменклатуры ды замежным суб'ектам, што Беларусь мае замежную палітыку, якая не абмяжоўваецца перамовамі толькі з расейскімі губернатарамі:
,,«Даказаць, што няма ніякай міжнароднай ізаляцыі, ніякага статусу міжнароднага ізгоя, што беларускі кіраўнік паважаны ў свеце: вось бачыце, сам султан з ім сустракаецца, і ўвогуле яго прызнаюць прэзідэнтам Беларусі шмат дзе ў краінах Усходу і Поўдня, гэта толькі Еўропа з нейкіх тэндэнцыйных матываў адмаўляецца яго прызнаваць».
Тым часам пасля «вялікага дыпламатычнага прарыву» Лукашэнку зноў давялося сустракацца з кіраўніком расейскага рэгіёну. Сёння, 23 снежня, да яго завітаў мэр Масквы Сяргей Сабянін. Дарэчы, на гэтай сустрэчы беларускі палітык нечаканым чынам згадаў ААЭ. Разважаючы пра неабходнасць хуткаснай чыгуначнай магістралі ад Масквы да Менску, ён прапанаваў працягнуць яе да Берасця, назваўшы горад «святым месцам для расейцаў, беларусаў, украінцаў, усіх народаў Савецкага Саюзу».
«Думаю, рана ці позна (а пасля Эміратаў абсалютна ўпэўнены) Еўропа адкрыецца для нас. Еўропа не можа без Расеі існаваць, без нас яна існаваць не можа, таму патрэбныя добрыя хуткасныя дарогі», – сказаў Лукашэнка.
Сцяпан Кубік belsat.eu