навіны

СК зноў абвінаваціў польскіх сілавікоў у збіцці мігрантаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Valstybės sienos apsaugos tarnyba / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Следчы камітэт заявіў 23 снежня пра «чарговыя факты зверскіх здзекаў» польскіх сілавікоў з мігрантаў.

Ведамства сцвярджае, што ўвечары 22 снежня ў Свіслацкім раёне беларускія памежнікі знайшлі чатырох замежнікаў (грамадзянаў Егіпту і Марока).


«Уцекачы распавялі следчаму, што ўсе яны накіроўваліся ў Польшчу», – гаворыцца ў паведамленні. Са спасылкай на словы мігрантаў заяўляецца, што на польскім баку людзі ў форме ўжылі супраць іх траўматычную зброю, слезацечны газ і святлошумавыя гранаты. Пасля гэтага «пад пагрозай расправы» яны «выкінулі мігрантаў праз брамку для жывёлы ў Беларусь».


Паводле сцвярджэння СК, «пацярпелыя са шматлікімі пашкоджаннямі ад гумовых куль» дастаўленыя ў медустанову, дзе ім надалі дапамогу. Адзначаецца, што ў аднаго з мігрантаў дыягнаставалі «рэзаную рану вока» і чэрапна-мазгавую траўму.


«Злачынныя дзеянні службовых асобаў сумежнага боку старанна задакументаваныя. Свіслацкім раённым аддзелам Следчага камітэту будзе дадзеная прынцыповая прававая ацэнка таму, што адбылося», – заявілі ў ведамстве.


Нагадаем, улады Беларусі рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕЗ, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты апынаюцца на мяжы з краінамі ЕЗ у зоне адказнасці памежнага ведамства.


Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго гібрыднай атакай, арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10